Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Адкрыты фестываль сыру пройдзе ў Гродне 19-20 верасня

15.09.2014
Навiны рэгiёна
Адкрыты фестываль сыру адбудзецца ў Гродне 19-20 верасня, паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Фестываль традыцыйна пройдзе ў двух фарматах - прафесійным і святочным. Як паведаміла намеснік дырэктара Цэнтра культуры "Гродна" Святлана Палчанкова, 19 верасня на базе ААТ "Малочны свет" адбудуцца дзелавыя сустрэчы кіраўнікоў і тэхнолагаў прадпрыемстваў - вытворцаў сыру, будзе арганізаваны конкурс якасці сырнай прадукцыі, яе прафесійная дэгустацыя. У фестывалі прымуць удзел пяць беларускіх заводаў-вытворцаў: ААТ "Малочны свет", ААТ "Шчучынскі масласырзавод", Ашмянскі сыраробны завод, Навагрудскі масларобны камбінат (філіялы ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат"), Любанскі сыраробны завод (філіял ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат"). Магчыма, спіс удзельнікаў папоўніцца двума расійскімі вытворцамі. Сырнае свята 20 верасня будзе праходзіць у парку імя Жылібера. Апоўдні яго адкрые тэатралізаваны паказ, прысвечаны папулярнаму малочнаму прадукту, а таксама эстрадны канцэрт творчых калектываў горада і мінскіх вакальных калектываў. Галоўным госцем фестывалю стане Тэа. Адбудзецца конкурс кулінарнага майстэрства, да ўдзелу ў ім запрошаны кандытары і повары вобласці. Не менш за дзесяць майстроў прадставяць на суд журы сырныя скульптуры, мастацкія вырабы, канапэ і банкетныя стравы. Пройдуць таксама конкурс на самы арыгінальны гандлёва-выставачны павільён і народная дэгустацыя сыроў, па выніках якой будзе названы лепшы завод-вытворца. Пераможцы конкурсаў атрымаюць спецыяльныя прызы. "Можна сказаць, што парк Жылібера ператворыцца ў сырны горад. Тут можна будзе пасядзець у сырным дворыку, прагуляцца па сырных алеях і завулках, зайсці ў сырныя галерэі", - адзначыла Святлана Палчанкова. Пройдуць шматлікія выстаўкі як сырнай прадукцыі, так і прадукцыі рамеснікаў, гульнявыя праграмы, сырны кірмаш. Актыўныя гараджане за ўдзел у конкурсах змогуць зарабіць "сырнікі" - папяровыя фестывальныя грошы, за якія можна будзе купіць сапраўдны сыр. Будзе арганізаваны і ўжо любімы гараджанамі "Бабулін дворык", дзе гасцям свята будзе прапанавана паспаборнічаць на хуткасць выціскання тварагу і ўзбівання масла ў драўлянай маслабойцы. Дарэчы, у гэтым годзе фестывалю нададуць характар рэтра-свята. Арганізатары так і назвалі мерапрыемства - "Восень у сыры рэтра". У рэтра-стылі вытрыманы афіша, касцюмы артыстаў, інфармацыйныя матэрыялы, якія будуць раздаваць карабейнікі. У час фестывалю ў парку адбудзецца выстаўка рэтра-аўтамабіляў аўтаклуба "Вінтаж". Фестываль сыру ў Гродне арганізуецца ў мэтах падтрымкі і развіцця нацыянальных галін эканомікі, а таксама папулярызацыі сырнай прадукцыі, павышэння культуры спажывання сыру, прасоўвання беларускай прадукцыі на ўнутраны і знешні рынкі.-
Да спіса