Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Блюз на вялікай сцэне. Як Анастасія Салата з Дзятлава выступіла ў конкурсе “Талент краіны”

04.12.2019
Навiны рэгiёна

Анастасія Салата, навучэнка Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, неаднойчы станавілася лаўрэатам і прызёрам конкурсаў розных узроўняў.

А нядаўна Насця трапіла на беларускі тэлеканал АНТ. Праграма з яе ўдзелам выйшла ў эфір 30 лістапада. Магчымасць трапіць “на блакітны экран” дзятлаўчанцы даў маштабны агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс “Талент краіны”, чацвёрты сезон, дзе яна выступіла ў намінацыі “Інструментальнае мастацтва”.

talent-krainy.jpg

Больш падрабязна пра ўдзел у праекце, паездку ў сталіцу і здымкі для тэлевізійнага канала расказалі матуля Анастасіі – Наталля Салата і настаўніца па класе цымбалаў Ірына Сідорчык, якая на працягу трох з паловай гадоў дапамагае дзяўчынцы пакараць музычныя алімпы.

MG_9109.jpg

– Мы з Анастасіяй даўно збіраліся паспрабаваць свае сілы і прыняць удзел у тэлеконкурсе “Талент краіны”, які набірае ўсё большую папулярнасць сярод гледачоў, – зазначае Ірына Сідорчык, – таму праглядвалі Інтэрнэт, але патрэбнай інфармацыі не знаходзілі літаральна да мая. Затым другі нацыянальны канал распаўсюдзіў афіцыйную інфармацыю аб новым сезоне конкурсу і запрасіў да ўдзелу ў ім таленавітую моладзь. Гэта і стала нашай пуцёўкай на кастынг праекта.

 Заяўкі падалі аж 700 юных талентаў ва ўзросце ад пяці да пятнаццаці гадоў, – уключаецца ў размову Наталля Салата. – Нягледзячы на тое, што дзеці і дзіцячыя калектывы выступалі ў чатырох намінацыях (харэаграфія, вакал, інструментальнае мастацтва, арыгінальны жанр) і дзвюх узроставых групах (старэйшай і малодшай), канкурэнцыя была вельмі сур’ёзнай, а ўмовы – строгімі.  Дзеці выходзілі выступаць адны, без мамы, таты, педагога. Іх на пляцоўку суправаджаў добразычлівы супрацоўнік тэлеканала. Варта зазначыць, што партнёры ў праекта самыя сур’ёзныя. Гэта спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, а таму не варта сумнявацца, што і журы было прафесійнае і строгае.

Анастасія справілася з выпрабаваннем і трапіла ў першы тур конкурсу. На здымкі перадачы мы ездзілі 27 кастрычніка.

MG_9105.jpg

– Мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у тэлеконкурсе “Талент краіны”, – расказвае Анастасія Салата. – На здымачнай пляцоўцы я сустрэла новых сяброў, атрымала падарункі ад Беларусбанка, Контэ, “Камсамольскай праўды”, а таксама сертыфікат у Макдональдс. Для выступлення мы з Ірынай Пятроўнай выбралі блюз Андрэя Какорына “Гавана-клуб”. Я яго паспяхова сыграла. У нас бралі інтэрв’ю, цікавіліся пра Дзятлава. Прыемна было паразмаўляць з вядомым тэлевядучым Яўгенам Булкам.

Напрыканцы нашай размовы педагог Ірына Сідорчык падкрэсліла, што з Анастасіяй Салата яны даўно актыўна працуюць. Таму паспелі пабыць у Лідзе, Гродне, Мінску, Віцебску, нават Эстоніі. Спыняцца на дасягнутым не збіраюцца, вучаць новыя праграмы і п’есы. У бліжэйшых творчых планах настаўніцы і вучаніцы – паездка на конкурс імя Канстанціна Горскага ў Ліду.

 


diatlovonews.by
Да спіса