Купалле і калядаванне, гуканне вясны і Талака. У школьным лагеры ў Гродна прайшлі дні беларускай культуры
20.07.2018
Навiны рэгiёна
Кульмінацыяй другой лагернай змены ў СШ №27 у Гродна сталі дні беларускай культуры з сапраўдным фестывалем дзіцячай творчасці «Беларусачка» і інсцэніроўкай абрадаў з пазнакай «этна».
У адзін дзень у сярэдняй школе №27 святкавалі Купалле і калядавалі, сустракалі вясну і зазывалі Талаку – апякунку жніва і ўрадлівасці. Многія з школьных кабінетаў сталі месцам тэатральнага дзейства, а юныя адпачывальнікі паратварыліся ў гаспадароў і гаспадынь, козачак і сонейкі альбо проста сталі уражлівымі гледачамі.
Даведаліся яны, напрыклад, што папярэднічаў прыходу вясны для жыхароў Беларусі заўсёды поўны цікавых мерапрыемстваў абрад яе гукання, а важным святам на прыканцы жніва нязменна была Талака.
– Пасля таго, як звязаны апошні сноп, маладыя дзяўчаты плялі вянок, а так званыя талачэйки кідалі жэрабя, каму быць яго ўладальніцай і выконваць ролю Талакі, – падчас інсцэніроўкі тлумачыць выхавальнік атрада. – З прыпеўкамі і танцуючы дзяўчыне-сімвалу апякункі жніва ўручалі дажынкавы сноп.
Гаспадары дома, у які прыйдзе такая няпрошаная госця, абавязкова сустракалі яе хлебам-соллю. А ў падзяку за цёплы прыём Талака пакідала ім вянок, які абяцаў урадлівасць і на будучы год.
Літаральна кожны куток школы ў дні беларускай культуры быў поўны нацыянальнымі матывамі. На сцэне актавай залы дзяліліся творчасцю – спявалі, танцавалі і чыталі вершы юныя беларусачкі. Спецыяльна да выступлення разам з бацькамі і педагогамі яны рыхтавалі нацыянальныя касцюмы і нават плялі вянкі з жывых кветак, здымаць якія не спяшаліся і пасля канцэрта школьнай самадзейнасці.
– Кожны год адпачываю ў прышкольным лагеры і на гэты раз у кампаніі яшчэ з семярыми аднакласнікамі, – падзялілася вучаніца СШ №27 Ліза Войтас. – Заўсёды ўражанні атрымліваюцца розныя і незвычайнасць цяперашняй змены ў тым, што шмат хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з нашай школы.
Другая змена ў СШ №27 аб'яднала вучняў 11 школ мікрараёна і кожны дзень за новымі ўражаннямі прыходзяць сюды 360 чалавек. У асноўным гэта вучні малодшых класаў.
– Стараемся зрабіць іх адпачынак не толькі цікавым, але і пазнавальным. Сёння знаёмім з беларускімі традыцыямі і звычаямі, а ў спецыяльным кутку «Бабулін куфэрак» – з побытам жыхароў Прынямоння, – кажа і паказвае дырэктар лагера Таццяна Рахунок.
Захоплена цікавіліся дзеці, напрыклад, для чаго раней выкарыстоўвалі незвычайную шчотку – грэбень, якім чухалі льняное валакно, і нібы драўляны збан, з якога тырчыць палка – маслабойку. Можна ўбачыць тут і вельмі ўзроставы прататып сучаснай пральнай машыне – рубель і незвычайны прас, які награваўся толькі тады, калі ў яго закладвалі тлеючы вугаль.
Летні вольны час у прышкольным лагеры запомніўся адпачываючым тут выхаванцам яшчэ і частымі падарожжамі. Бывалі яны з экскурсіямі ў гарадзенскіх замках і музеі Максіма Багдановіча і Гарадніцы. А група з сарака чалавек гасцявала ў Лідскім замку.
– Больш за ўсё спадабаўся зброевы пакой, а замак уразіў яшчэ на пад'ездзе – не думаў, што ён такі вялікі, – дзеліцца 10-гадовы Аляксандр Абуховіч. – Па дарозе мы заязджалі ў Цэнтр бяспекі МНС у Лідзе. Ніколі не забуду задымлены пакой і тое, як у якасці трэніроўкі самі выклікалі ратавальнікаў.
Напамін жа пра дні беларускай культуры, якія гэтымі днямі прайшлі ў лагеры, застанецца ў СШ №27 аж да заканчэння змены – нацыянальнымі матывамі школьныя прасторы напоўнілі дзіцячыя малюнкі. Працы пэндзля і алоўка юных мастакоў з выявай нацыянальнага касцюма ўпрыгожваюць фае другога паверха.