Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Мелодыі поспеху. Юныя таленты Слонімшчыны адзначаны ўзнагародамі спецфонду Прэзідэнта

18.06.2020
Навiны рэгiёна
Згодна з рашэннем савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, больш як 100 юным талентам краіны прысуджаны заахвочванні. Сярод іх – 17 прадстаўнікоў Гро-дзенскай вобласці. У тым ліку навучэнка Слонімскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Бартко і выхаванец Жыровіцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Пшанко.

Анастасія Бартко стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі за перамогу ў IV Рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў «Беларускiя таленты» (лаўрэат I ступені ў намінацыі «Народны вакал»).
Дзяўчына ў гэтым годзе бліскуча скончыла школу мастацтваў па харавым класе (народны вакал). За гады вучобы ў школе Насця тройчы была ўдастоена заахвочвання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі – у 2017, 2018, 2020 гадах. З 2017 года дзяўчына прымае актыўны ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях.

Анастасія шмат часу надае заняткам музыкай. Добра валодае сцэнічным і акцёрскім майстэрствам. Яе творчы патэнцыял вельмі багаты. Пачуццё меры, густу, таленавітасць уласцівы ёй у поўнай меры, як і мэтанакіраванасць і працавітасць. Усё гэта дапамагае дзяўчыне добра трымацца на сцэне, заўсёды пакараць выкананнем кампазіцый не толькі журы, але і гледачоў.

Акрамя музыкі, захапляецца ўсходнімі танцамі, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах.

Займалася Насця ў творчага, таленавітага педагога Вольгі Жагалік.

бортко настя 2.jpg

45345345-sharpen-sharpen.jpgСаша Пшанко – навучэнец 5 класа Жыровіцкай дзіцячай школы мастацтваў па класе акардэона. Узнагароды са спецфонду Прэзідэнта ўдастоены за перамогу ў IV Міжнародным конкурсе мастацтваў «Хрустальны васілёк-2019» у Мінску, якую ён заваяваў у тандэме са сваёй настаўніцай Тамарай Герка.

Перыяд з 2018 па 2020 гады для Сашы быў багаты на перамогі ў конкурсах: дыплом I ступені на V Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва «ЛьВенок» у намінацыі «Інструментальнае выканальніцтва. Акардэон» (г. Ліда, 2018 г.), дыплом лаўрэата II ступені абласнога конкурсу «Новыя імёны» (г. Гродна, 2019 г.) у намінацыі «Баян, акардэон», дыплом I ступені IV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «#BYFEST» у намінацыі «Народныя інструменты. Акардэон» (г. Мінск, 2019 г.), дыплом лаўрэата I ступені абласнога фестывалю-конкурсу «Юны віртуоз» (г. Гродна, 2020 г.) і іншыя.

Саша – гонар школы, у яго атрымліваецца ўсё, за што б ён ні ўзяўся: вучоба толькі на выдатна, перамогі ў конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, удзел ва ўсіх школьных канцэртах як сольна, так і ў складзе ансамбля акардэаністаў, а таксама ў ролі харызматычнага вядучага.

– Я вырашыў, што і далей буду прымаць удзел ва ўсіх конкурсах, якія мне прапануе Тамара Аляксандраўна, – дзеліцца планамі Саша. – Дзякуючы гэтай цяжкай, але цікавай працы я яшчэ больш палюбіў музыку, акардэон, сцэну і вырашыў, што, магчыма, звяжу з гэтым сваё будучае жыццё. А калі пашанцуе, нават стану знакамітым.
Да спіса