Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Інтэрнет-прыёмная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшкi, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Галоўная - Навiны - Навiны рэгiёна
15 января 2020

На Свіслаччыне адраджаюць тэхналогіі XIX стагоддзя

У Поразава на Свіслаччыне адраджаюць традыцыі і тэхналогію вытворчасці ганчарных вырабаў, якімі славіўся гэты куток прынеманскага краю у канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Экспазіцыю музейнага пакою «Мастацтва гліны і агню» Поразаўскай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства у мінулым годзе дапоўнілі ганчарны круг і новае абсталяванне.

Новыя магчымасці для бібліятэкі-цэнтра краязнаўства адкрыліся пасля атрымання гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь напачатку мінулага года. З гэтага часу тут пачалася рэалізацыя праекта «Адроджанае рамяство». Дзякуючы яму з майстэрствам з багатай гісторыяй сёння з задавальненнем знаёмяцца юныя жыхары краю. 

к поразава 2.jpg

– Пры Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства для дзяцей створана аматарскае аб’яднанне «Спадчына» па навучанні асновам ганчарнага рамяства. Сямі- і васьмікласнікі з задавальненнем працуюць за ганчарным кругам, з цікавасцю спасцігаюць рамяство сваіх продкаў і адчуваюць важнасць пачатай справы, –гаварыць дырэктар Свіслацкай раённай бібліятэкі Святлана Піваварчык.

Кожнаму з іх не трэба нагадваць, што ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў Поразава было адным з буйных ганчарных цэнтраў Беларусі і славілася на ўсю акругу сваімі ганчарнымі вырабамі. У ваколіцах гэтага краю меліся вялікія запасы гліны з добрай для вырабу посуду якасцю – пластычнасцю. Напрацягу пакаленняў прафесійныя навыкі і вопыт ганчарнага промыслу перадаваліся ад бацькоў дзецям. 

к поразава 3.jpg

З 2017 года пра гісторыю развіцця ганчарнага промыслу ў Поразава расказвае музейны пакой «Мастацтва гліны і агню» мясцовай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства. Яго наведвальнікі знаёмяцца тут з працэсам падрыхтоўкі і тэхналогіяй вырабу чорназадымленай керамікі: нарыхтоўкай, фармаваннем гліны, вырабам посуду на ганчарным крузе. Сярод экспанатаў – ганчарны круг і імправізаваны ганчарны гарон, у якім абпальваліся вырабы, а таксама спецыяльныя прыстасаванні і інструменты, фотаздымкі сямейных дынастый поразаўскіх ганчароў.

– Пра свае унікальныя традыцыі імкнемся паведаміць як мага большаму колу наведвальнікаў. З гэтай нагоды праводзім займальныя інфармацыйна-пазнавальныя экскурсіі, майстар-класы, інтэрактыўныя гульні і краязнаўчыя падарожжы для дзяцей. Да таго ж у мінулым годзе ў музейным пакоі было арганізавана этна-фальклорнае свята «Адроджанае рамяство», якое стане традыцыйным.