Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Валанцёрскія чытанні, адроджанае рамяство і стварэнне інфармацыйных рэсурсаў. Сем кніжніц Гродзеншчыны сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

19.06.2020
Навiны рэгiёна
Бібліятэкі Гродзенскай вобласці атрымалі сем узнагарод па выніках ХХVIII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Сёлета ўдзел у ім прынялі 35 публічных бібліятэк Беларусі. Яны прадставілі свае распрацоўкі ў галіне выхаваўчай работы з падлеткамі, пошукавай і даследчай працы. Падзяліліся інавацыйнымі падыходамі, у тым ліку скіраванымі на падтрымку чытання. 

У намінацыі “За значны ўнёсак у выхаваўчую працу з падрастаючым пакаленнем” лепшай стала сельская бібліятэка аграгарадка Кальчуны Ашмянскага раёна. Тут цягам апошніх трох гадоў дзейнічае валанцёрская група, якая ўтварылася падчас рэалізацыі праграмы “Твары дабро разам з намі”. Валанцёры – чытачы сярэдняга і старшага школьнага ўзросту – дапамагаюць бібліятэкарам абслугоўваць пажылых чытачоў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для самых маленькіх наведвальнікаў арганізуюць чытанне ўслых вершаў і казак. Паклапаціліся і пра саміх валанцёраў – ім набылі адметныя майкі і сумкі з атрыбутыкай. Карыстаюцца яны і веласіпедамі, што былі набыты за сродкі сумеснага с сельвыканкамам конкурса-праекта “Добрая справа”.
dc851803f4ec06e68462f0c83abd1bc3.jpg

Тэма патрыятычнага выхавання знайшла адлюстраванне ў штогадовых акцыях “Запалі свечку памяці”, гадзінах-рэквіемах. Летась цыкл мерапрыемстваў быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі.
Поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства Свіслацкага раёна стала пераможцай ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Кніжніца –сапраўдны культурны і адукацыйны цэнтр. Тут створаны музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”, які распавядае пра традыцыю вырабу чорназадымленай керамікі, якой славілася мястэчка. Аднак сёння традыцыя амаль страчана. Бібліятэкары разам з членамі дзіцячага краязнаўчага аб’яднання “Спадчына” правялі пошукавую працу па даследаванні развіцця ганчарнага рамяства ў рэгіёне, яго асаблявасцяў, запісалі ўспаміны мясцовых жыхароў, сабралі ўнікальныя экспанаты. Вынікам гэтай працы стала адкрыццё ў 2017 годзе музейнага пакою. 

7a80f9a12c2201c1816d00141cd249cb.JPG

Для далейшага развіцця музейнага пакоя і адраджэння тэхналогіі ганчарных вырабаў распрацаваны праект “Адроджанае рамяство”. Летась на яго рэалізацыю атрыманы грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Набыты ганчарны круг, распрацавана праграма навучання ганчарнаму рамяству. Разлічана яна на два гады, навучанне вядзецца з выкарыстаннем мясцовых традыцый. 

Высока ацаніла журы дзейнасць Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка па стварэнні інфармацыйных рэсурсаў і баз дадзеных, якія распавядаюць пра помнікі і выбітных людзей, чый лёс звязаны з Гродна. Гэта базы дадзеных “Ганаровыя грамадзяне горада Гродна”, “Кніга славы горада Гродна” і “Манументальная памяць горада Гродна”, якая была створана летась і па сутнасці завяршыла цыкл персанальных поўнатэкставых фактаграфічна-бібліяграфічных і графічных баз дадзеных. Яны сталі лепшымі ў намінацыі “За пошукавую і даследчую дзейнасць”.
3779fbcecc6488ded6c77e7c7929c6d5.jpg

Сёння з базамі дадзеных можна пазнаёміцца ў інтэрнэце. Інфармацыйны рэсурс “Манументальная памяць горада Гродна” змяшчае Google-карту манументальнай скульптуры, табліцу з характарыстыкай аб’ектаў, біяграфіі асоб, якім усталяваны помнікі, мемарыяльныя дошкі, знакі і пліты. Карыстальнікі могуць убачыць фота саміх помнікаў і знакаў, а таксама асоб, якім яны ўсталяваны. Інфармацыю па кожным дапаўняе спіс крыніц, дзе можна даведацца яшчэ больш. На сёння гэта база дадзеных змяшчае звесткі больш як пра 130 аб’ектаў.
Популярныеновости
Получение медсправки в школу и детский сад упростили
Получение медсправки в школу и детский сад упростили
Ученые выявили невосприимчивую к коронавирусу группу людей
Ученые выявилиневосприимчивую к коронавирусу группу людей
Ученые показали, как будут выглядеть люди через 80 лет
Ученые показали,как будут выглядеть люди через 80 лет
Дыпломам другой ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” адзначана Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа. Менавіта тут працуе першы на Гродзеншчыне музей беларускай кнігі. Яго два аддзелы прысвечаны Якубу Коласу і літаратуры Слонімшчыны. Колькі год таму адкрылася экспазіцыя рарытэтных дакументаў з фондаў былой Вялікакракоцкай сельскай бібліятэкі-музея, яна прысвечана жыццю і творчасці Янкі Купалы. Асобная экспазіцыя распавядае пра паэта, пісьменніка, навукоўцу і земляка сланімчан Алега Лойку. Адначасова ў віртуальнай прасторы створана база дадзеных “Літаратурная Слонімшчына”.
Музей займаецца зборам краязнаўчых матэрыялаў. Таксама ён – месца шматлікіх сустрэч з творцамі і прэзентацый новых выданняў. 

У гэтай жа намінацыі дыпломам трэцяй ступені адзначана Астрынская гарпасялковая бібліятэка Шчучынскага раёна, якая тры гады запар ладзіць свята паэзіі, прымеркаванае да дня нараджэння вядомай зямлячкі Алаізы Пашкевіч.
Вясной традыцыйным стаў Тыдзень дзіцячай кнігі. Гульнёвыя праграмы, гістарычныя квэсты, марафоны, літаратурныя калейдаскопы – формаў для правядзення мерапрыемстваў падчас Тыдня безліч. І бібліятэкары пастаянна прапаноўваюць маленькім чытачам нешта новае. Для дарослых – свае імпрэзы і праграмы.
За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы дыпломам трэцяй ступені адзначана Смаргонская раённая бібліятэка. Намаганнямі супрацоўнікаў у выніку вялікай даследчай дзейнасці створаны чатыры базы дадзеных. У іх можна знайсці звесткі пра вядомых ураджэнцаў Смаргоншчыны, людзей, імёнамі якіх названы вуліцы горада. Яшчэ адна база дадзеных прадстаўляе музычныя традыцыі краю. У 2019 годзе была створана база дадзеных “Старонкі гісторыі Першай сусветнай”. Рэсурс распавядае пра людзей, што ваявалі на Смаргоншчыне, асноўныя падзеі вайны, знаёміць са зброяй і ўзнагародамі таго перыяду.
Таксама па выніках конкурсу заахвочвальнай прэміяй адзначана Мастоўская раённая бібліятэка.
Да спіса