Рэгіён

Ашмянскi раён

Багатая гісторыя ў Ашмян, якія ўпершыню ўпамінаюцца ў 1341г. у «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай». Княжацкі замак, вакол якога пачаў развівацца гандлёва-рамесніцкі пасад, спачатку належаў Гедыміну, потым яго сынам Яўнуту і Альгерду, з 1382г. — вялікаму князю літоўскаму Ягайлу. У 1399г. пры Вітаўце Ашмяны набылі статус горада. У пачатку XVI ст. горад пачаў забудоўвацца на новым месцы, названым Новыя Ашмяны (зараз цэнтр сучаснага горада), а старажытная частка (Старыя Ашмяны) была перададзена ў 1505г. францысканцам. Яны пабудавалі тут касцёл і кляштар.

3 1566г. Ашмяны былі цэнтрам павета, атрымалі магдэбургскае права, а пасля Люблінскай уніі сталі цэнтрам староства. У 1792г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зацвердзіў герб горада, які праіснаваў да 1845г. Падчас паўстання 1794г. у Ашмянах размяшчаўся штаб Якуба Ясінскага і фарміраваўся атрад Міхала Клеафаса Агінскага.

3 1280г. вядомы Гальшаны, якія атрымалі сваю назву ад князёў Гальшанскіх, уплывовага роду XIII—XVI стст. Дастаткова ўспомніць, што княгіня Юлія была жонкай вялікага князя літоўскага Вітаўта, а Соф'я Гальшанская стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў — князёў Вялікага княства Літоўскага, каралёў Польшчы, Венгрыі, Чэхіі.

   

Гісторыя Гальшан бярэ пачатак на гарадзішчы, дзе знаходзіўся драўляны замак князёў Гальшанскіх. Гальшанскі замак, пабудаваны ў 1610г. Паўлам Стафанам Сапегам,лічыўся прыгажэйшым у Беларусі. Ужо ў той час у замку былі унікальная сістэма ацяплення, водаправод І каналізацыя. Руіны замка захавалі мноства розных падземных хадоў, скляпоў і калодзежаў. Як у кожным замку, ёсць тут свае прывіды — у ясныя месячныя ночы па галерэях ходзяць цені закаханых Грэміслава Валюжыніча і Ганны Гардзіславы Гальшанскай, замураваных у падзямеллі мсцівым магнатам. А ў 1976г. недалёка ад замка знайшлі скарб — у гліняным гаршку 836 сярэбраных манет XIV—XV стст. У 1618 г. Павел Стафан Сапега пабудаваў касцёл і кляштар. Мармуровыя надмагільныя помнікі Сапегам, якія да 1970-ых гг. стаялі ў ратондзе ва ўнутраным двары касцёла, цяпер можна паглядзець у музеі стара-жытнабеларускай культуры ў Мінску.

   

У 1407г. упамінаюцца ў летапісах Жупраны. 300 гадоў яны належалі Радзівілам, а з пачатку XIX ст. — Чапскім. Граф Адам Гутэн-Чапскі стаў фундатарам Петрапаўлаўскага касцёла (1854— 1875). Ва ўнутраную сцяну храма ўмуравана мемарыяльная дошка ў гонар Францішка Багушэвіча, пахаванага недалёка ад касцёла.Менавіта сюды прыязджаюць пакланіцца беларускаму песняру.

Баруны вядомы як знакаміты цэнтр адукацыі. 3 1700 па 1833г. тут існавала базыльянская школа. Сярод яе выпускнікоў пачатку XIX ст. былі такія дзеячы беларускай і польскай культуры, як пісьменнік Ігнат Ходзька; гісторык, публіцыст, збіральнік і выдавец матэрыялаў па гісторыі Беларусі і Польшчы Леанард Ходзька; сябра Адама Міцкевіча, паэт і перакладчык, публіцыст А. Э. Адынец; паэт і перакладчык на польскую мову Гарацыя, ІІІэкспіра, Байрана і Шылера Ю. Корсак. У 1920—1921 гг. у базыльянскіх мурах дзейнічала беларуская настаў-ніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў асветнік С. Рак-Міхайлоўскі. Манастыр базыльянаў -помнік архітэктуры XVIII ст.

У кіламетры ад вёскі Мураваная Ашмянка стаяць рэшткі будынка, у якім у 1590—1843 гг. была друкарня. Яе заснаваў стольнік літоўскі, ваявода полацкі, староста ваўкавыскі, шарашоўскі і лепельскі Мікалай Дарагастайскі.

Прыгадаемяшчэ некалькі выдатных мясцін. У Гародніках, дзе быў адзін з маёнткаў роду Снядэцкіх, на могілках ёсць капліца — сямейная пахавальня, побач з якой — надмагілле вучонаму і асветніку Анджэю Снядэцкаму. У Ашмянах знаходзіцца царква 2-ой паловы XIX ст. Касцёлы стаяць у вёсках Цудзенішкі (XVI ст.), Граўжышкі і Мураваная Ашмянка (абодва канца XVIII ст.), капліца — у в. Куцавічы (XIX ст.). У Ашмянах добра захаваліся касцёл і сінагога XIX ст.

На Ашмяншчыне нарадзіліся таленавітыя людзі: у Ашмянах — мастак Ю. Карчэўскі; у в. Балванішкі (зараз Зялёны Бор) — археолаг, ганаровы грамадзянін Грэцыі 3. Мінейка; у в. Гейстуны — паэт і выдавец А. Э. Адынец; у в. Навасяды — беларускі паэт Андрэй Зязюля; у в. Паляны — мясцовы краязнавец і паэт Ч. Янкоўскі.