Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Бераставіцкі раён

Першыя пасяленні людзей з'явіліся на Бераставіччыне ў эпоху палеаліту (10-ае тысячагоддзе да н.э.). Яшчэ адзін археалагічны помнік — каменныя магілы — ёсць каля в. Клепачы. Каля вёсак Алекшыцы (мясцовая назва Альшчына) і Верхаўляны засталіся гарадзішчы XI—XII стст. У гэты час Бераставіччына знаходзілася на землях Чорнай Русі і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага княства.   

Першы дакументальны ўспамін аб Вялікай Бераставіцы датуецца 1495г. Належала яна вялікаму князю літоўскаму Аляксандру, потым магнатам — Хадкевічам, Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. У бераставіцкім касцёле Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі (каля 1615г.) ёсць крыпта, дзе былі саркафагі Хадкевічаў. У гэтым жа касцёле быў пахаваны маршалак надворны каронны, кашталян кракаўскі Юры Мнішак (1778). У 1725г. прывілеем вялікага князя літоўскага і караля польскага Аўгуста II Бераставіца атрымала магдэбургскае права. Гораду быў нададзены герб з выявай вавёркі. Шматлікія населеныя пункты Бераставіччыны таксама маюць даўнюю гісторыю. У прывілеі вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра ад 12 ліпеня 1506г. упершыню ўпамінаюцца вёскі Рудава, Рудаўляны, Паплаўцы, Сладзелавічы, Канюхі, Кавалі, якія былі падараваны ваяводзе нава-грудскаму А. Хадкевічу. Многія вёскі атрымлівалі свае назвы ад прозвішчаў уладальнікаў.

           

У сярэдзіне XIX ст. у Вялікай Бераставіцы жыло 1037 чалавек, налічвалася 179 будынкаў, 15 крам, прыходскае вучылішча. У 1878г. жыхароў было 1694 чалавекі (з іх 1127 яўрэяў), перад Першай сусветнай вайной — 2516.

У Вялікай Бераставіцы захавалася некалькі помнікаў гісторыі і культуры. На цэнтральнай плошчы, дзе калісьці стаяла гарадская ратуша, знаходзіцца касцёл кармелітаў, перабудаваны ў 1866г. у царкву. На скрыжаванні вуліц Леніна і Матросава — касцёл, пабудаваны ў стылі псеўда-готыкі ў пачатку XX ст. Будынак на вуліцы Чырвонаармейскай, 10, былы заезны дом, — помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі народнага драўлянага дойлідства 2-ой паловы XIX ст.

          

Цэрквы ёсць у вёсках Масаляны (1796), Гарбачы (1860), Алекшыцы (1865-1871), Малая Бераставіца(1866), Клепачы (1885), Гольні (1903). Касцёлы — у вёсках Макараўцы (канец XVIII ст.), Вялікія Эйсманты (1850), Малая Бераставіца (1851-1863).

У Бераставіцкім раёне некаторыя былыя паркава-сядзібныя комплексы цяпер з'яўляюцца аб'ектамі рэспубліканскага значэння. Маёнтак Стары Дворац вядомы з 1478г. Тут захаваліся фрагменты сядзібы, парка і сада, якія належылі калісьці роду Анджэйкавічаў. Сядзіба ў Лішках пабудавана ўладальнікам Вірыёнам у 1848г. на манер італьянскай вілы. Яе асаблівасцю з'яўляецца біякомплекс розных відаў дрэў (больш за 20). У Пархімаўцах быў маёнтак Ключэўскіх, а з 1870г. — Яцуньскіх. Сядзіба, што захавалася там, заснавана ў 1880-ыя гг. Яе апошнімі ўладальнікамі былі Бораты. Найбольш цікавая частка сядзібы — водная сістэма, абсаджаная дрэвамі, якія змыкаюцца кронамі і такім чынам утвараюць зялёны купал. Сядзіба Юндзілаў узнікла ў в. Муравана ў XVIII ст. і была перабудавана новымі гаспадарамі Солтанамі ў 1-ай палове XIX ст. За двухпавярховым домам раскінуўся парк з трыма сажалкамі і каналам, сістэмай алей і млыном (1874). Сядзібны дом Юндзілаў захаваўся і ў Малой Бераставіцы.

Бераставіччына — радзіма многіх выдатных людзей. У Малой Бераставіцы нарадзіўся аўтар «Гісторыі Вялікага княства Літоўскага» І.С. Анацэвіч. 3 Вялікай Бераставіцы паходзіць заснавальнік манголазнаўства ў Расіі В.М. Кавалеўскі. Лідэр беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. К. Каліноўскі нарадзіўся ў в. Мастаўляны. У в. Сыраежкі - Герой Сацыялістычнай Працы І.М. Жыжаль.

Ініцыятар адкрыцця Гродзенскай губернскай гімназіі ў Свіслачы Т.Тышкевіч жыў у в. Клепачы. Пэўны час працаваў на Бераставіччыне Я.Ф. Карскі. У 1930-ыя гг. С.В. Прытыцкі арганізоўваў тут КСМЗБ, помнік яму стаіць у Вялікай Бераставіцы. У в. Жорнаўка 1 лютага 1944г. падчас бою з фашыстамі загінулі сакратар Гродзенскага падпольнага гаркама ЛКСМБ В.І. Соламава і член Гродзенскага падпольнага райкама КП(б)Б В.Ф. Бібіч. На месцы бою ў 1948г. паставілі абеліск, а ў 1981г. у в. Канюхі — бюст Соламавай.