Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Іўеўcki раён

Першыя жыхары на тэрыторыі Верхняга Прынёмання, у тым ліку на Іўеўшчыне, з'явіліся ў познім палеаліце. Стаянкі плямён свідэрскай культуры выяўлены у в. Мікалаева, у в. Морына і ваколіцах урочышча Стрыхвайна, каля возера Чарэшля.

Сярэдневяковыя археалагічныя помнікі — курганы, могільнікі — часта сустракаюцца пад назваю «шведскія», хаця не маюць ніякіх адносін да шведаў. Курганы знаходзяцца ў Трабах, вакольных урочышчах «Шведы Другія», «Шведы Першыя», у наваколлі Іўя, у Ліпнішках, Юрацішках, каля вёсак Крывічы і Паташня. Могільнікі (у тым ліку татарскія і язычніцкія) меліся ва ўрочышчах Кракшлі, Кладзенка, Татаршчына, каля вёсак Багданцы, Харытоны, у вёсках Макары і Чашэйкі, ва ўрочышчы Царковішча (паміж вёскамі Пазнякі і Кавалі), каля вёсак Купровічы, Дулькі, Сенькавічы, Сакавічы.

На мяжы XV—XVI стст. канцлерам Вялікага княства Літоўскага і віленскім ваяводам Альбрэхтам Гаштольдам быў пабудаваны Геранёнскі замак, ад якога дайшлі да нас толькі руіны. Захаваўся ў Геранёнах Мікалаеўскі касцёл, які ўзнік з капліцы 1529г. і неаднойчы перабудоўваўся (апошні раз у 1883г.).

Сённяшні раённы цэнтр Іўе, па пісьмовых крыніцах, з 1-ай паловы XV ст. вядомы як велікакняжацкі двор. Назва «Іўе» мае некалькі тлума-чэнняў: ад імя жонкі Гедыміна княгіні Евы — Еўе і ад старажытнага слова «іў» — гэта месца, дзе бярэ пачатак рака. У 1444г. Іўе было падаравана маршалку земскаму літоўскаму, намесніку навагрудскаму Пятру Мандзігерду. У 1-ай палове XVI ст. яно належала князям Забжэзінскім, у 1558 — 1654 гг. — Кішкам, потым да 1661г. — Глябовічам, з 1681 па 1686г. — Сапегам, затым да 1873г. — Тызенгаўзам (сярод іх і знакаміты Антоній, староста гродзенскі). Апошнімі ўладальнікамі Іўя былі графы Замойскія. 3 1567г. у Іўі дзейнічала арыянская царква. У 1600—1633 гг. пабудавапы кляштар і касцёл бернардзінцаў, у 1884г. — мячэць.

          

Вёска Бакшты (успамінаецца ў крыжацкіх хроніках XIV ст.) належала вялікаму князю літоўскаму Ягайлу, віленскаму касцёлу святога Станіслава, Кежгайлам, Кішкам, Тызенгаўзам. Зяньковічы валодалі Дудамі. Жамыслаўль (былы маёнтак Жэмласлаў) з 1805г. быў рэзідэнцыяй маршалка графа Уладзіміра Умястоўскага, які ўзвёў палац, а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў. Адным з апошніх уладальнікаў Жамыслаўлябыў Уладзіслаў, які сябраваў з бацькам і сынам Дзюма.

              

3 1811г. Умястоўскія сталі валодаць Суботнікамі (да сярэдзіны XIX ст. ужывалася і назва Старыя Геранёны), якія вядомы з XIV ст., а першы пісьмовы ўспамін адносіцца да 1492г., калі яны належалі Сафіі Радзівіл. Пры Радзівілах у 1545г. быў заснаваны прыходскі касцёл, будынак якога часта перабудоўваўся (у 1681, 1755, 1904 гг.). У падзямеллі яго былі пахаваны многія з роду Умястоўскіх. 3 XVI ст. вядома вёска Ліпнішкі. 3 1528г. тут гаспадарылі Гаштольды, пазней — Пацы, потым мястэчка было запісана на ўтрыманне артылерыі ВКЛ, а ў XIX ст. яно належала Вольскім, Пуслоўскім. Мясцовы Казіміраўскікасцёл пачаў існаванне ў пачатку XX ст. Трабы з 1490 па 1542г. належалі Гаштольдам,да 1774г. — вялікім князям літоўскім, а потым да сярэдзіны XIX ст. — Нарбутам, ад якіх перайшлі казне. 3 1784г. тут існуе Свята-Петра-Паўлаўская царква, а ў пачатку XX ст. пабудаваны касцёл Раства Багародзіцы. Юрацішкі былі ўласнасцюКопцей, Касцялкоўскіх, Радкевічаў. У 1532г. узнікла Свята-Мікалаеўская царква.

На тэрыторыі раёна ёсць два дзяржаўныя заказнікі рэспубліканскага значэння: Налібоцкая пушча (5,7 тыс. га) і біялагічны заказнік «Урочышча Чырвонае» каля вёсак Лукашына і Дзямонты (218 га), а таксама ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Раздоры» (135 га).

3 часоў Гедыміна і Вітаўта ў раёне жывуць татары. Адным з першых месцаў, дзе яны рассяліліся, была падараваная татарам Мураўшчызна. Назва апошняй паходзіць ад імя Муртуз. Так звалі сына паручніка князя Януша Радзівіла Суляймана Муроўскага, які атрымаў у 1652г. у падарунак маёнтак каля Іўя.

На Іўеўшчыне нарадзіліся польскі сенатар 3. Аўташэўскі; беларускі дыпламат, прадстаўнік Беларусі ў Жэневе пры Еўрапейскім прадстаўніцтве ААН Э. Баршчэўскі; былы намеснік старшыні Вяр-хоўнага Савета БССР Л. Чагіна; першаадкрывальнік адзінага ў Еўропе радовішча алмазаў заслужаны геолаг Расійскай Федэрацыі І.Дабейка; доктар хімічных навук, прафесар БДУ В. Ягораў; доктар біялагічных навук, член - карэспандэнт НАН Беларусі О. Бекіш.