Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Карэліцкі раён

Раённы цэнтр Карэлічы — старажытнае пасяленне, вядомае з 1395г. У ХV ст. Карэлічы — двор вялікіх князёў літоўскіх, з 1428г. — уласнасць жонкі Вітаўта Ульяны. З ХVІ ст. Карэлічы належалі князям Чартарыйскім і былі мястэчкам у Навагрудскім павеце. Магчыма, у ХVІІ ст. мелі магдэбургскае права, нададзенае Радзівіламі, якія ў той час валодалі імі (з 2-ой чвэрці ХVІІ ст. да 1828г., калі перайшлі да князёў Вітгенштэйнаў). На плошчы калісьці стаяла ратуша (не збераглася, як і сядзібна-палацавы комплекс Радзівілаў). Па інвентару 1646г., у Карэлічах было 104 двары. У 1736г. тут працавала мануфактура габеленаў. Ткалі габелены мясцовыя прыгонныя ткачы. Найбольш вядомая серыя габеленаў была выканана па загаду М.К.Радзівіла для праслаўлення свайго роду. Яны ўпрыгожвалі парадныя Нясвіжскага палаца. У 1757г. у мястэчку было 163 дамы, 28 крамаў. З 1897г. Карэлічы сталі ўласнасцю графаў Путкамераў, а ў 1921г. — графа Жалтоўскага. У Першую сусветную вайну горад быў моцна разбураны, пасля чаго страціў сваё былое значэнне. Цяпер тут дзейнічае краязнаўчы музей “Зямля і людзі”, захавалася Свята-Петра-Паўлаўская царква (1866), касцёл Маці Божай Найсвяцейшай Дапамогі (1938), стаіць помнік Яну Чачоту.

Самы прыцягальны турыстычны аб’ект раёна — Мірскі замкава-паркавы комплекс, які ў 2000г. занесены ў спіс помнікаў сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Абарончы замак пабудаваў у пачатку ХVІ ст. літоўскі маршалак і брэсцкі староста Юрый Ільініч. Спачатку ўзняліся чатыры пяціярусныя вуглавыя вежы з байніцамі вышынёй па 25 м і цэнтральная шасціярусная вежа-брама (27 м), іх злучылі мураваныя сцены даўжынёй 75 м, вышынёй 13 м, таўшчынёй 3 м. Крэпасць была абкружана з трох бакоў землянымі валамі вышынёй 10 м і ровам з вадой, а з паўднёвага боку падыход прыкрываў вадаём. Замак узнік як абарончае збудаванне, але дабудоўваўся ўжо як графская рэзідэнцыя. Ва ўнутраным двары, пры паўднёвай і ўсходняй сценах, узвялі ўпрыгожаны багатым арнаментам палац, а пры заходняй і паўночнай сценах — кухню і стайню.

З 1569г. Мір і замак пераходзяць ва ўладанне Радзівілаў. Мікалай Радзівіл Сіротка прывёз з Нясвіжа італьянскіх майстроў і завяршыў будаўніцтва замка. У гатычны стыль замка яны ўнеслі рысы рэнесансу, давялі жылыя памяшканні да трох паверхаў, узбагацілі ўнутранае ўбранства.

У радзівілаўскі перыяд Мірскі замак падвяргаўся нападам шведаў у 1655 і 1706 гг., рускіх войск на чале з А.В.Суворавым у 1794г., 27—28 чэрвеня недалёка ад замка адбылася знакамітая бітва пад камандаваннем М.І.Платава. Руская кавалерыя перамагла французаў. Дамінік Радзівіл — удзельнічаў у вайне 1812 г. на баку Напалеона. Пры адступленні французаў быў цяжка паранены і хутка памёр. Перадаў свае ўладанні дачцы Стэфаніі, якая выйшла замуж за князя Вітгенштэйна. Гэтаму роду замак належаў амаль сто гадоў і прыйшоў у заняпад. Апошнімі ўладальнікамі яго былі рускія князі Святаполк-Мірскія. На ўсход ад замка яны заклалі парк, выкапалі стаў, пабудавалі жылыя дамы, спіртзавод і капліцу-пахавальню (1904), якая ўпрыгожана паліхромным мазаічным абразом “Хрыстос Уседзяржыцель” і гербам-картушам князёў Мірскіх.

Сёння замкава-палацавы комплекс актыўна рэстаўрыруецца. Тут працуе філіял Дзяржаўнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а ў канцы мая штогод праводзіцца фестываль мастацтваў «Мірскі замак». Тысячы турыстаў з розных краін свету штомесяц наведваюць гэтую перліну нашай краіны.

Але замак — гэта не ўвесь Мір. Упершыню пра Мір згадваецца ў крыніцах пад 1395г., калі крыжакі, прыхільнікі Свідрыгайлы ў яго барацьбе з Вітаўтам, дашчэнту знішчылі пасяленне. З 1434 па 1490г. яно належала Гедыголдавічам, з канца XV ст. — Ільінічам. На цэнтральнай плошчы Міра стаялі гандлёвыя рады, майстэрні рамеснікаў, адбывалісякірмашы. Мікалай РадзівілСіротка заклаў насупраць плошчы ў 1594г. фарны касцёл святога Мікалая, а Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку) — уніяцкі манастыр базыльянаў (цяпер Свята-Троіцкая царква). У Міры нарадзіўся філосаф Ф.Бохвіц, вучыўся ў яўрэйскай школе будучы філосаф-асветнік С.Майман, каля касцёла пахаваны бацька І.Дамейкі. Мір — радзіма сучасных паэтаў і пісьменнікаў В.Іпатавай, Р. Тармолы-Мірскага, акцёраў А. і М. Ільінскіх, літаратара і журналіста Янкі Запрудніка. А яшчэ Мір знакаміты тым, што ў ХVІІІ ст. быў цыганскай сталіцай ВКЛ: 22 ліпеня 1778г. Караль Станіслаў Радзівіл выдаў грамату, якой зацвердзіў цыганскім каралём мешчаніна Яна Марцінкевіча. На працягу 12 гадоў ён быў першым і апошнім цыганскім каралём у гэтай мясцовасці.

               

Ад былых шляхецкіх сядзіб на тэрыторыі сённяшняга раёна захаваліся толькі руіны. У  Варончыёсць пейзажны парк, стаіць будынак бровара (перабудаваны ў 1898г. з сядзібнага дома), касцёл святой Ганны (1773). У крыпце яго ў 1816г. пахаваны апошні навагрудскі ваявода Ю.Несялоўскі, а ў касцёле ў ліпені 1796 г. быў ахрышчаны Ян Чачот. У в. Райца (назва паходзіць ад уладальнікаў Раецкіх) цяперашняя бальніца знаходзіцца ў доме былой сядзібы Верашчакаў (у пачатку ХІХ ст. уласнасць брата Марылі Верашчакі Юзафа). Ёсць тут будынак былога касцёла (з крыптай пад храмам), пабудаванага ў 1817г. Ф.Раецкім (з 1863г. царква). У пасёлку Першамайскі ад сядзібнага комплексу канца ХІХ — пачатку ХХ ст. дайшлі да нас пейзажны парк, вадаём, капліца-пахавальня, частка гаспадарчых пабудоў (свіран, стайня і інш.). Сядзібны дом 2-ой паловы ХІХ ст. захаваўся ў в. Кальчычы. Не зберагліся сядзібы Раецкіх у Обрыне, Чачотаў у Бараціне.

У раёне ўцалела шмат хрысціянскіх храмаў. Цэрквы стаяць у вёсках Беражна (2-ая палова ХІХ ст.), Вялікая Мядзвядка (пачатак ХІХ ст.), Вялікія Жухавічы (пабудавана да 1745г. як уніяцкая), Дальняя Рута (1935), Заполле (канец ХVІІІ — пачатак ХІХ ст.), Любанічы (пачатак ХІХ ст.), Малыя Жухавічы (ХІХ ст.), Мірацічы (пачатак ХІХ ст.), Турэц (1888), Цырын (1852), Ярэмічы (2-ая палова ХІХ ст.). Капліцы знаходзяцца каля в. Сэрвач (канец ХІХ ст.), на ўскраіне в. Ярэмічы (2-ая палова ХІХ ст.).

                

На тэрыторыі раёна знойдзены археалагічныя помнікі, якія сведчаць аб рассяленні балцкіх і славянскіх плямёнаў: курганныя могільнікі на ўскраіне в. Плужыны і каля в. Скрышава; стаянка каля в. Маласельцы; два паселішчы каля в. Ярэмічы; гарадзішчы каля вёсак Беразавец і Сёгда.

Карэліцкі раён — радзіма многіх таленавітых людзей. У Карэлічах нарадзіліся мастак В.Рамановіч, сусветна вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі Б. Кіт, яўрэйскія паэтыІ.Кацнельсон і Д.Эйнгарн. У Турцы — беларускі паэт-сатырык А.Дзяркач і спявак П.Конюх. У в. Малюшычы з’явіўся на свет беларускі і польскі паэт, збіральнік беларускага фальклору Ян Чачот,у в. Вялікая Мядзвядка — вядомы вучоны асветнік і гуманіст І.Дамейка, у в.Селішча — беларускі і польскі пісьменнік В.Каратынскі, у в. Саленікі першы з беларусаў Герой Сацыялістычнай працы ў СССР, удзельнік вырабу першых (залатых) зорак Маскоўскага Крамля, мантажу самалётаў АНТ-20, АНТ-25 — А.Барысевіч. У в. Макашы нарадзіўся паэт У.Жылка, у в. Вялікія Жухавічы — паэт У.Варава, у в. Скорычы — паэт А.Мілюць, у в. Вялікае Вобрына — Герой Савецкага Саюза У. Царук.

На тэрыторыі Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў знаходзіцца Графская пушча (9624,3 га), дзе ёсць каштоўныя віды раслін, шырока прадстаўлены жывёльны свет.