Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Лідскі раён

Гісторыкі сцвярджаюць, што назва горада Ліда мае балцкае паходжанне, а славянскі адпаведнік «ляда» азначае «высечка, участак, раскарчаваны ад лесу». Другі ў Гродзенскай вобласці горад упершыню ўспамінаецца ў пісьмовых крыніцах паміж 1323 і 1328гг.

Памеры і статус горада Ліда набыла ў познім сярэднявеччы (XV—XVI стст.). Штуршком да інтэнсіўнага развіцця Ліды паслужыла пабудова ў 1323—1327 гг. ля зліцця Лідзеі і Мураванкі замка тыпу «кастэль». Лідскі замак пацярпеў ад крыжакоў у 1384, 1392, 1394 гг., войск смаленскага князя Юрыя Святаславіча ў 1406г. і князя Свідрыгайлы ў 1433г., атрадаў крымскіх татар у 1506г. і ўкраінскіх казакаў у 1655г. Замак быў прытулкам для ханаў-выгнаннікаў Тахтамыша (1396-1399) і Даўлет Хаджы-Прэя (1434-1443). «Тахтамышаў двор» знаходзіўся на беразе Лідзейкі, там, дзе цяпер аўтастаянка за гасцініцай «Ліда». У Лідскім замку праходзілі асноўныя вясельныя ўрачыстасці пасля заключэння шлюбу паміж Ягайлам і Соф'яй Гальшанскай у снежні 1421г. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай замак быў моцна разбураны расійскім войскам у 1659г., а ў час Паўночнай вайны ў 1702 і 1710 гг. шведы ўзарвалі яго вежы. 3 гэтага часу, страціўшы сваё абарончае значэнне і прызначэнне для жылля, замак прыйшоў у заняпад.

3 1568г. Ліда — цэнтр павета ў Віленскім ваяводстве ВКЛ. 17 верасня 1590г. Жыгімонт III надаў ёй магдэбургскае права. У Расійскай імперыі Ліда была павятовым горадам Слонімскай (з 1795г.), Літоўскай (з 1797г.), Літоўска-Гродзенскай (з 1801г.), Віленскай (з 1842г.) губерняў. Ліда была таксама павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства. 3 15 студзеня 1940г. яна стала цэнтрам Лідскага раёна Баранавіцкай вобласці, а з 2 верасня 1944г. — Гродзенскай вобласці.

У Лідскім раёне шмат цікавых мясцін. Па дарозе Гродна—Мінск, у в. Малое Мажэйкава, зберагліся сядзібны дом XIX ст., які належаў роду Ромэраў і быў перабудаваны У. Брахоцкім, будынкі стайні і кухні, у в. Тарнова — сядзібны комплекс XIX — пачатку XX ст. (дом роду Кашыцаў, стайня, лядоўня, вятрак, парк).

У розныя часы ўладальнікамі лідскіх зямель былі добра вядомыя на Беларусі шляхецкія роды. Ваверка ў 1413г. належала Міхалу Галігінавічу, Новая ці Малая Ваверка (цяпер в. Дылева) у сярэдзіне XV ст. — Аляксею Дылу. Двор Дакудаў (цяпер в. Дакудава) у 1436г. быў пераданы Кучукам, Олдава (цяпер в. Голдава) да 1495г. было ў Пятрашкі Міхайловіча. Каля 1500г. узнікла Белагруда — так сталі называць зямельныя ўладанні Андрэя Завішы. У 1503г. кароль Аляксандр пацвердзіў правы Войцеха Нарбутовіча на валоданне палацам, землямі і людзьмі на Лебядзе, а ў 1504г. выдаў прывілей на в. Палубнікі Мікалаю Кішку. Вёскі Дворышча, Бердаўка, Прыдыбайлы і Збляны належалі лідскаму старосце Юрыю Ільінічу, які ў 1508г. пачаў будаўніцтва Мірскага замка. Вёску Беліца ў 1512г. трымаў Андрэй Фальковіч.

               

На тэрыторыі раёна шмат помнікаў хрысціянскай архітэктуры. Цэрквы стаяць у вёсках Ганчары (Свята-Пакроўская, 1774), Голдава (Раства Багародзіцы, 1795), Бабры (Свята-Крыжаўзвіжанская, 1810), Беліца (Свята-Крыжаўзвіжанская, 2-ая палова XIX ст.), Збляны (Свята-Пакроўская, пачатак XX ст.), Мыто (Свята-Пакроўская, XIX ст.). Касцёлы знаходзяцца ў вёсках Агароднікі (XVIII ст.), Нецеч (Міхалаўскі, XIX ст.), Белагруда (Міхалаўскі, пачатак XX ст.), капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (канецХІХ — пачатак XX ст.) на старых могілках у в.Беліца.

 Лідчына — радзіма многіх вядомых у рэспубліцы, а часта і ў свеце, людзей. Сярод іх акадэмікі А. Мігдал і П. Коган, кампазітар К. Горскі, паэтэса Д. Бічэль-Загнетава, кінаактрыса П. Ракса, алімпійскі прызёр В.Цыленць і іншыя.

Турыстаў чакаюць Лідскі гісторыка-краязнаўчы музей, музей гісторыі горада, Бярозаўскі музей мастацкага шкла, шматлікія архітэктурныя і гістарычныя помнікі, Курган Бессмяротнасці.