Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Мастоўскi раён

 У раёне існуе некалькі населеных пунктаў з назваю “Масты”. Мястэчка Масты вядома з XV ст., складалася яно з правабярэжнай часткі — сённяшняй вёскі Правыя Масты і левабярэжнай цяперашняй вёскі Левыя Масты. Менавіта гэта мястэчка апісана ў “Писцовой книге Гродненской экономии” (1558). Было яно цэнтрам воласці, уваходзіла ў Гродзенскі павет Трокскага ваяводства, мела некаторыя прывілеі паводле магдэбургскага права. Значную гандлёвую ролю адыгрывала мастоўская прыстань на Нёмане, праз якую ішлі судны і плыты. За вярсту ад мястэчка знаходзілася сядзіба Масты (маёнтак).

Горад Масты ўзнік у сувязі з будаўніцтвам у 1927г. братамі Канапацкімі фанернага завода. Пасёлак спачатку называлі Фабрычны, потым Масты Фабрычныя, а з 1941г. Масты. З гэтага часу яны сталі раённым цэнтрам. Праз Нёман пабудаваны навясны мост, якому няма аналагаў у Беларусі. На тэрыторыі Мастоўскага раёна шмат населеных пунктаў, якія вядомы яшчэ з сярэднявечча.

               

З абласнога цэнтра лёгка патрапіць у в. Багатырэвічы – адзін з прыцягальных турыстычных аб,ектаў. У рамане “Над Нёманам” Эліза Ажэшка ўзгадвае легенду пра Яна і Цэцылію, якую пачула падчас адпачынку ў вёсцы Мінявічы. Гэтая закаханая пара пасялілася ў прыгожым месцы на беразе Нёмана і стала заснавальніцай роду Багатырэвічаў. А прозвішча надаў ім вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст за тое, што Ян “быў мужным багатыром, адваяваў гэты дзікі край ад лясоў і звяроў не мячом і крывёю, а працай і потам, памножыў багацці Айчыны”. У вёсцы Багатырэвічы і сёння ёсць людзі з такім прозвішчам, а само сяло ўпершыню ўпамінаецца ў 1558г. Каля вёскі стаіць копія помніка Яну і Цэцыліі. На якім дата — 1870. Арыгінал яго знаходзіцца з 1930-ых гг. у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Багатырэвічы апраўдалі сваю назву яшчэ і тым, што шмат яе жыхароў удзельнічала ў паўстаннях 1794 і 1863—1864 гг. Жыхара Яна Каменскага за ўдзел у студзеньскім паўстанні саслалі на 20 гадоў у Арэнбургскую губерню. Ён стаў прататыпам Анджэя Карчынскага ў рамане Ажэшкі «Над Нёманам». У лесе ля Мінявічаў стаіць крыж-помнік на магіле 40 паўстанцаў 1863г.

           

 З ХV ст. вядомы Самуйлавічы Горныя, з ХVI ст. – 35 вёсак, сярод якіх: Пескі, Лунна (Луна), Чарлёна, Вострава, Машталеры, Галынка, Вялікая Рагозніца, Боркі і іншыя. Пескі знакаміты дзвюма стаянкамі і двума селішчамі, якія знаходзяцца побач, касцёлам Маці Божай Ружанцовай (1918) і Свята-Мікалаеўскай царквой (1870), якая не захавалася, а таксама геалагічным радовішчам. Вёска Лунна вядома з 1502г., належала Янушу Багдановічу, князю Канстанціну Крошынскаму, Яну Казіміру Сапегу. Тут стаіць касцёл святой Ганны (1782), перабудаваны княгіняй Марыяй Друцкай-Любецкай (1895), Свята-Іаана-Прадцечанская царква (1889), якой ужо няма. Вёска Чарлёна з XVI ст. была ўладаннем Масальскіх, потым Сапегаў, Друцкіх-Любецкіх. Не збярогся базыльянскі кляштар, але дзейнічае царква Раства Багародзіцы. Старажытная сядзіба захавалася ў Рагозніцы, якая была ўласнасцю вялікіх князёў літоўскіх, каралевы Боны, Пукштаў, Весялоўскіх, гарадзенскіх брыгітак. У XVIII – сярэдзіне XIX ст. тут уладарылі Сухадольскія, якія заклалі парк. У гэтай вёсцы нарадзіліся мастак-баталіст Януар Сухадольскі і паэт Рамуальд Сухадольскі.

Сярод сакральных помнікаў трэба ўзгадаць касцёлы ў вёсках Струбніца (1740), Мікелеўшчына (1823), Правыя Масты (1993). Цэрквы зберагліся ў вёсках Малыя Сцяпанішкі (1910), Паніжаны (1896), Пацавічы (1867), Самуйлавічы Дольныя (XIX ст.), г. Масты (1995). Першыя людзі на тэрыторыі Мастоўшчыны з’явіліся 10 тысяч гадоў таму назад. З таго часу засталіся археалагічныя помнікі: стаянкі, курганныя могільнікі, каменныя магілы, селішчы, гарадзішчы. Стаянкі выяўлены на высокім беразе Нёмана і яго прытокаў – Шчары, Зальвянкі, Росі: каля вёсак Выгода, Ланцавічы, Пацавічы, Каралі. Курганныя могільнікі знойдзены каля вёсак Глядавічы, Дубраўка, Рыбакі, Ярчакі, Чарлёнка, Пескі, Шчара, Дзенькаўцы. Каменная магіла ёсць каля Навасёлак (Лунненскага сельсавета). Селішчы знаходзяцца ля вёсак Мяхоўск, Паніжаны, Рыбакі і Сінявічы, гарадзішчы – ля вёсак Глядавічы, Маскалі, Рыбакі, Навасёлкі (Малькавіцкага сельсавета).

На Мастоўшчыне нарадзіліся: у вёсцы Каўшова — актрыса і рэжысёр Л. Мазалеўская, у вёсцы Азёркі – кампазітар і музыказнавец А. Карповіч, у вёсцы Мінявічы – паэт М. Явар. Вёска Гудзевічы славіцца літаратурна-этнаграфічным музеем. Супрацоўніцы музея на старажытных кроснах ткуць падвойныя дываны, узорыстыя ручнікі, фартухі, сурвэткі і абрусы, паясы. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Алесь Белакоз, стваральнік музея, ператварыў беларускую хату, дзе месціцца экспазіцыя, у адзін з цікавейшых турыстычных цэнтраў вобласці.