Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Навагрудскі раён

Цэнтр раёна Навагрудак звязаны, перш за ўсё, з імем Адама Міцкевіча — тут паэт правёў сваё ранняе дзяцінства. Другая славутасць Навагрудка – рэшткі старажытнага замка, які знаходзіцца на адным з самых высокіх кропак Беларусі – Замкавай гары (342 м над узроўнем мора). Навагрудак (летапісны Новогород, Новгородок) узнік у Х ст., а ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252г. Быў цэнтрам Навагрудскага княства на Чорнай Русі, Вялікага княства Літоўскага, Навагрудскага ваяводства і павета.

Тут у 1253г. каранаваўся заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Прадаўжальнік яго справы па збіранні беларускіх зямель Вітаўт пабудаваў у Навагрудку велічны замак (канец ХІV — пачатак ХV ст.), фарны касцёл (1395г., цяперашні будынак 1723г.), заснаваў незалежную ад Масквы праваслаўную епіскапскую кафедру, дзе ў 1415г. выбіраўся кіеўскі мітрапаліт. У 1511г. горад атрымаў магдэбургскае права, а ў 1595г. — герб. З 1581г. тут праводзіліся пасяджэнні Вярхоўнага (Літоўскага) трыбунала. У Навагрудку захаваліся іншыя цікавыя помнікі гісторыі і культуры: царква Барыса і Глеба, пабудаваная ў 1517—1519 гг. на сродкі знакамітага гетмана Канстанціна Астрожскага і мітрапаліта Іосіфа Солтана; будынак ратушы, упершыню пра яе ўпамінаецца ў 1652г.; Свята-Мікалаеўская царква (у 1846г., перабудавана з касцёла кляштара францысканцаў); Міхайлаўскі касцёл дамініканскага кляштара (1724), у школе якога вучыўся ў 1807—1815 гг. Адам Міцкевіч. Захаваўся мураваны дом бацькоў паэта, у якім цяпер знаходзіцца музей. Турыстаў прыцягвае да сябе Курган Бессмяротнасці, насыпаны ў 1924—1931 гг. мясцовымі жыхарамі ў гонар свайго знакамітага земляка Адама Міцкевіча. У ім ёсць зямля, прывезеная ад удзячных прыхільнікаў яго творчасці з Кракава, Львова, Парыжа, Стамбула, Чылі, Аргенціны.

                   

Акрамя Навагрудка, варта пабываць у Завоссі, Шчорсах, Лаўрышаве, Любчы, Уселюбе, Літоўцы, на возеры Свіцязь. Амаль усе гэтыя мясціны звязаны з Міцкевічам, але кожная з іх мае свае адметнасці. У Завоссі (цяпер Баранавіцкі раён) адноўлена пад музей сядзіба бацькоў славутага паэта. У Шчорсах, якія належалі з 1770-ых гг. канцлеру ВКЛІ.І.Ю.Храптовічу, захаваліся службовы двор (“карэ”), рэшткі пейзажнага парку,дзе любіў гуляць Міцкевіч са сваімі сябрамі, Свята-Дзмітрыеўская царква (1770—1776), цагляная вяндлярня (1920—1930-ыя гг.). Рэшткі багатай бібліятэкі Храптовічаў (у 1846г. — 15 тыс. тамоў) уцалелі ў бібліятэцы АН Украіны. У вёсцы Лаўрышава з ХІІІ па ХІХ ст. існаваў старажытны манастыр, а цяпер стаіць Свята-Успенская царква (1798), перабудаваная ў канцы ХІХ ст. з уніяцкай у праваслаўную. Любча вядома з часоў Міндоўга (ХІІІ ст.), мела магдэбургскае права(1590, 1644) і герб, у друкарні (з 1612г.) выдаваліся кнігі. На сёння ад замка засталіся толькі дзве некалі непрыступныя вежы. Захавалася Свята-Ільінская царква (1910—1914). Адметнасцю вёскі Уселюб з’яўляецца адзін з лепшых на Беларусі па захаванасці парк, некалькі гаспадарчых пабудоў, якія засталіся ад панскай сядзібы, “антычны храмік” на могілках – пахавальня графаў О’Руркаў і іх сваякоў (1839), Свята-Міхайлаўская царква (1848) і касцёл (1-ая палова ХV ст.). Вёску Літоўка праславіў у паэме “Гражына” Адам Міцкевіч: менавіта сюды гераіня прывяла з Навагрудка войскі на бітву з крыжакамі. Знакамітае возера Свіцязь з таямнічымі свіцязянкамі апелі ў сваіх творах сябры Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

               

Аб старажытнасці Навагрудскага краю сведчаць археалагічныя помнікі — стаянкі, курганныя могільнікі і курганы, каменныя магілы. Стаянкі знаходзяцца каля вёсак Валеўка, Васілевічы, Панямонь, Чарэшля. Курганныя могільнікі захаваліся каля вёсак Брацянка (47), Валеўка (30), Каменка (20), Ладзенікі (21), Панямонь (6), Сунчыцы (28), Суляцічы (40), Сялец (51), Чарэшля (24). Курганы ёсць каля вёсак Дзяляцічы, Кашалёва, Мольнічы, а каменныя магілы — у Каменцы. Каля Чарэшлі археолагі выявілі селішча, а ля Радагошчы — гарадзішча.

               

Цэрквы захаваліся ў вёсках Валеўка (XVIII ст.), Дзяляцічы (XIX ст.), Загор’е-Сенненскае (1877), Нягневічы (1861), Поўбераг (1895).

На Навагрудчыне нарадзіліся граф Іаахім Ігнацый Юзаф Храптовіч, асветнік і рэфарматар; Ян Булгак, выдатны фотамастак, этнограф і краязнавец і іншыя.

               

Зараз Навагрудак, былая сталіца ВКЛ, штогод прыцягвае тысячы турыстаў, аматараў старажытнасці. Усёй краінай тут святкавалі 960-годдзе заснавання горада, 750 гадоў з дня каранацыі Міндоўга, 200 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Раз у два гады на Замкавай гары, ля рэштак старажытных муроў, якія навагрудчане мараць аднавіць, традыцыйна праходзяць міжнародны рыцарскі турнір і фестываль сярэднявечнай музыкі “Навагрудскі замак”. Гэтыя імпрэзы збіраюць тысячы ўдзельнікаў аматарскіх рыцарскіх клубаў з многіх краін Еўропы. З усёй Беларусі дзесяткамі тысяч з’язджаюцца гледачы, каб адчуць атмасферу сівой даўніны.

Да паслуг навукоўцаў, шматлікіх турыстаў і аматараў старажытнасці — выдатныя зборы унікальных дакументаў і матэрыялаў у двух музеях Навагрудка – гісторыка-краязнаўчым і Адама Міцкевіча. У раёне карыстаюцца папулярнасцю музей Любчанскага краю, Валеўскі народны краязнаўчы музей, Чарэшлянская бібліятэка-музей. Тысячы людзей бываюць у дзяржаўным ландшафтным заказніку на чароўным возеры Свіцязь.