Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Слонiмскi раён

Слонім (Услонім, Вслонім) упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252г., але паселішча было заснавана на два стагоддзі раней, аб чым сведчыць замчышча, якое знаходзіцца ў цэнтры сучаснага горада. Пройдземся па гістарычным цэнтры, які размешчаны на левым беразе Шчары. У ХVІІ ст. тут стаяў драўляны замак старасты горада канцлера Льва Сапегі, а пазней на гэтым месцы вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі пабудаваў цудоўны палац з тэатрам, друкарняй, манежам, аранжарэяй, гаспадарчымі пабудовамі, сажалкай і садам. На жаль, захавалася толькі аўстэрыя (заезны дом, 2-ая палова ХVІІІ ст.).

На былой Рыначнай плошчы, а цяпер вуліцы Першамайскай, стаіць кляштар бернардзінак (сярэдзіна ХVІІ—2-ая палова ХVІІІ ст.) з касцёлам Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай дзевы Марыі (1690). Непадалёку знаходзяцца сінагога (1642), дзе цяпер працуе крама, і ратуша (сярэдзіна ХVІІІ ст.), у якой месціцца Слонімская цэнтральная бібліятэка. У цэнтры горада можна ўбачыць касцёл ХІХ ст. на вуліцы Войкава, кляштар бернардзінцаў (ХVІІ ст.), тры дамы рамеснікаў (2-ая палова ХVІІІ ст.), на перакрыжаванні вуліц Міцкевіча і Пушкіна — капліцу святога Дамініка (1745). На правабярэжную частку горада вядзе вуліца Савецкая праз канал, пабудаваны Міхалам Казімірам Агінскім у 1767—1783 гг. (ён злучае Ясельду са Шчарай і мае даўжыню каля 50 км). Галоўнае гістарычнае месца ў гэтай частцы горада – плошча Горкага, дзе стаяць будынкі касцёла святога Андрэя (1775) і шпіталя (ХVІІІ ст.). У межы сучаснага горада ўвайшоў былы загарадны маёнтак графаў Пуслоўскіх «Альбярцін» (1-ая палова ХІХ ст.). У добрым стане захаваўся гэты двухпавярховы сядзібны дом, а таксама флігель, стайня, пейзажны парк, возера — зона адпачынку гараджан.

ПомнікаміХХ ст. з’яўляюцца будынак вакзала і воданапорная вежа (1922), банк у стылі мадэрн (1905), жылыя цагляныя дамы на плошчы Леніна 1, 5, 6, гарадскі асабняк канца ХІХ — пачатку ХХ ст. па вуліцы Маякоўскага, 9, пошта, жылы дом па вуліцы Янкі Купалы, 5.

У 10 кіламетрах ад Слоніма па дарозе на Быцень знаходзіцца Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр. Паданне сведчыць, што на месцы драўлянай царквы, пабудаванай у 1-ай палове ХVІІ ст., двойчы з’яўляўся абраз Маці Божай. Калі царква згарэла, абраз знік і быў знойдзены на бліжэйшым узгорку, дзе і адбудавалі мураваную царкву, якая атрымала багатыя ахвяраванні ад канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Побач з храмам быў заснаваны уніяцкі манастыр, настаяцелем якога стаў Іасафат Кунцэвіч. З сярэдзіны ХVІІ ст. манастыр — месца паломніцтва польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх Уладзіслава ІV, Яна Казіміра, Яна ІІІ, Аўгуста ІІ, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, магнатаў і простых людзей. Галоўны храм манастыра — Свята-Успенскі сабор са знакамітым абразам Маці Божай Жыровіцкай; да яго прымыкаюць цэрквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Раства Іаана Прадцечы, побач званіца. Далей яшчэ дзве не менш вядомыя цэрквы — Свята-Крыжаўзвіжанская і Свята-Багаяўленская. У комплекс уваходзяць таксама дзеючая семінарыя (ХVІІ—ХVІІІ стст.) і жылы корпус, злучаныя з Свята-Успенскім саборам, гаспадарчыя пабудовы. За межамі манастырскага двара, на могілках, размешчана драўляная Свята-Георгіеўская царква (канец ХVІІІ ст.).

З храмавай архітэктуры раёна прыгадаем яшчэ касцёл у вёсцы Сялявічы (2-ая палова ХІХ — пачатак ХХ ст.) і цэрквы ў вёсках Вострава, Вялікія Шылавічы, Дзераўная (абедзьве 2-ой паловы ХІХ ст.), Міжэвічы (ХІХ ст.). Тыя, хто цікавіцца археалагічнымі помнікамі могуць пазнаёміцца з селішчамі (іх больш за 30), напрыклад у вёсках Азгінавічы, Асабнякі, Баравікі, Забулле, Залессе, Міжэвічы, Парэчча, Рахавічы. У раёне налічваецца каля 10 гарадзішчаў, напрыклад каля вёсак Вялікія Шылавічы, Лапухова, Ніз, Талькаўшчына, Дзераўная. Курганныя могільнікі знаходзяцца каля вёсак Бярдовічы, Нагуевічы, Ягнешчычы, могільнікі з каменнымі магіламі – каля вёсак Клепачы, Рудаўка. Стаянкі першых людзей на Слонімшчыне зафіксаваны каля вёсак Вялікія Шылавічы, Ніз, Талькаўшчына, Русакова.

Са знакамітых месц Слонімскага раёна трэба абавязкова назваць Парэчча, дзе нарадзіўся вядомы ўдзельнік лістападаўскага паўстання 1830—1831 гг. і член экспедыцыі Юзафа Заліўскага на Беларусі Міхаіл Валовіч. З вёскай Рудаўка звязана дзяцінства беларускага паэта і літаратуразнаўца, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. У Слоніме ён вучыўся ў польскай настаўніцкай семінарыі. На вуліцы Чырвонаармейскай, 73, калісьці стаяў дом, дзе жыў беларускі паэт Гальяш Леўчык.