Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Зэльвенскi раён

Зэльва ў пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1470г. як сяло Вялікая Зэльва – валоданне Міхаіла Начовіча. З 1477г. вядомы суседні маёнтак — Малая Зэльва. З 1631г. Зэльва стала ўладаннем і рэзідэнцыяй Сапегаў, дзякуючы якім мястэчка і развівалася. Антоній Казімір Сапега атрымаў яго ў 1721г. па прывілею ад Аўгуста ІІ на адкрыццё знакамітага ў хуткім часе Ганненскага кірмашу. Гандляваць на працягу месяца прыязджалі не толькі беларусы гандляры, але і гандляры з Польшчы, Расіі, Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Даніі і іншых краін. Канцлер ВКЛ Аляксандр Міхал Сапега пазбавіўся ад стратных маёнткаў і ператварыў Зэльву ў эканамічна моцны і прыбытковы гаспадарчы цэнтр, а таксама пабудаваў тэатр, у якім выступала трупа з Ружанаў. Яго сын, генерал літоўскай артылерыі Францішак Сапега (удзельнік паўстанея 1794г.) па тэстаменту бацькі перабудаваў будынак тэатра ў храм. Ёсць меркаванне, што асноўная частка Свята-Троіцкай царквы і ёсць памяшканне тэатра, да якога толькі зрабілі прыбудоўку са званіцай. У Яўстафія Каэтана Сапегі за ўдзел у лістападаўскім паўстанні 1830—1831 гг. Зэльва была канфіскавана ў казну. Пасля паражэння паўстання ён эмігрыраваў у Францыю. Я. Сапега адхіліў прапанову рускага цара Мікалая I прыняць адабраныя маёнткі ўзамен на вернападданую прысягу. Свята-Троіцкая царква (XIX ст.) і касцёл Прасвятой Тройцы (1913) зберагліся да нашага часу.

      

Адным з прыцягальных помнікаў гісторыі і культуры з’яўляецца Сынковіцкая царква-крэпасць, якая была ўзведзена ўдалечыні ад важнейшых шляхоў і населеных пунктаў. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што царкву будаваў Вітаўт у знак удзячнасці Богу і жыхарам лясной вёсачкі, якія ўратавалі яго ад служак Ягайлы, калі ён уцёк з Крэўскага замку (магчымая дата пабудовы – 1407г.). Другія спасылаюцца на “Акт візітацыі Сынковіцкай царквы” 1760г., што царква святога Міхаіла Архангела заснавана каралевай Бонай”, якой належала Зэльва ў 1518—1556 гг. У архітэктуры царквы спалучаюцца рысы абарончага збудавання (крэпасныя вежы, байніцы) і культавага храма. Легенда сведчыць, што паміж Сынковіцкай царквой і Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыром ёсць падземны ход, якім карысталіся ў выпадку нападу ворага, а ўнутры царквы быў калодзеж.

Багатае мінулае мае вёска Дзярэчын. З пачатку ХV ст. яна належыла жмудскаму баярыну Дрэмуту,у 1416г. вялікі літоўскі князь Вітаўт перадаў мястэчка Копачу, далей яно пераходзіла да сваякоў Сангушак, Палубенскіх, Адзінцэвічаў. У 1560г. сярод уладальнікаў былі Т. Чартарыйскі, сыны І. Палубенскага Фёдар і Аляксандр, С. Валовіч. У 1599г. у Дзярэчыне было 42 дамы, 430 жыхароў. З 1585г. працавала друкарня. У 1601 г. пабудавана царква, у 1629г. – касцёл. У 1686г. Дзярэчын перайшоў да Сапегаў. У 1786г. Аляксандр Міхаіл Сапега пабудаваў новы палац (першапачаткова меркавалася, што гэта будзе ваенная акадэмія), які быў разбураны ў час Першай сусветнай вайны. У гэтым палацы былі багатая бібліятэка, якая ў ВКЛ уступала толькі Радзівілаўскай, археалагічны кабінет, архіў рукапісаў, мастацкая калекцыя прыкладна з 300 палотнаў галандскіх, італьянскіх і французскіх мастакоў. Палац размяшчаўся ў парку. Тут былі аранжарэя, заапарк. Парк насіў назву «Малы Версаль». Палацава-паркавы комплекс знішчаны ў 1920—1930-ыя гг. Захаваліся Спаса-Прэабражэнская царква (1863) і касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1906—1910), які ўзнавіў сваю дзейнасць у 1993г.

На ўскраіне вёскі Аляксандраўшчына (канец ХІХ ст.) знаходзіўся сядзібны дом роду Мураўскіх, рэшткі дробнай беларускай сядзібы з невялікім домам (ХІХ ст.) побач з Сынковічамі, вадзяны млын (канец ХІХ ст.) у Старой Галынцы, старадаўняя стэла пры дарозе ў Алексічах.

Захавалася шмат археалагічных помнікаў, якія сведчаць пра старажытнасць населеных пунктаў Зэльвенскага раёна. Каля Зэльвы, Дзярэчына, Кашалёў археолагамі выяўлены гарадзішчы, каля вёсак Барукі, Івашкевічы, Кашалі, Росцевічы – селішчы, каля вёсак Валькевічы, Клімавічы, Навасёлкі, Пустаборы – курганныя могільнікі, Каменныя магілы знойдзены каля вёсак Клепачы, Навасёлкі, Росцевічы, Снежная, Шэйкі.

   

Назавём найбольш цікавыя хрысціянскія храмы. Касцёлы стаяць у вёсках Луконіца (1782), Міжэрычы (1906—1912), Крамяніца (1617—1620). Цэрквы — у вёсках Вострава (1862), Міжэрычы (1904), Славацічы (канец ХVІІІ – пачатак ХІХ ст.).

З выдатных прыродных мясцін можна назваць гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння – верхавыя балоты “Вішнёўка” і “Харэвін луг”; геалагічныя помнікі – выхад марэны “Каралінскі”, Сакаліную гару Шулякскую, Калініцкі камень, гарадзішча Валькевіцкае, камень Клімавіцкі з ямкамі, Закалонскі валун з ямкамі; гідралагічны помнік прыроды – крыніца Зянькоўская; помнік прыроды – камень Пасутыцкі; рэспубліканскі біялагічны дзяржаўны заказнік “Медухова”.

На Зэльвеншчыне нарадзілася шмат таленавітых людзей. У маёнтку Пянюга – польскамоўная пісьменніца Марыя Радзевіч, у в. Збляны – акадэмік, генетык, селекцыянер Антон Жэбрак, у г. Зэльва – праваслаўны духоўнік Яўген Смаршчок. З 1956г. на працягу трыццаці гадоў ў Зэльве жыла і тварыла паэтэса Ларыса Геніюш. На гэтай зямлі нарадзіўся і пачаў свой паэтычны шлях вядомы беларускі паэт, старшыня абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў Юрка Голуб.