Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Замкі Гродзеншчыны

Аб праграме дзеянняў “Замкі Беларусі”

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены 21 замак. З іх 9 знаходзяцца на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Гэта Стары і Новы замкі ў Гродна, Лідскі, Мірскі, Гальшанскі, Навагрудскі, Любчанскі, Крэўскі, Геранёнскі замкі. Яны дайшлі да нас у рознай ступені захаванасці. З мэтай захавання помнікаў абарончага дойлідства Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь распрацоўваецца праект праграмы дзеянняў “Замкі Беларусі”, якая разлічана на 7 гадоў і будзе забяспечваць каардынацыю мерапрыемстваў па захаванню і эфектыўнаму выкарыстанню помнікаў.
Неабходна адзначыць, што на замках Гродзеншчыны ўжо  праводзяцца работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі. Падыходзіць да завяршэння рэстаўрацыя Мірскага замка, прадаўжаецца рэстаўрацыя Лідскага, распрацоўваецца праектная дакументацыя на рэстаўрацыю Старога замка ў Гродна, праводзяцца работы на Любчанскім замку, добраўпарадкаванне тэрыторыі Гальшанскага замка.
Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам накіраваны ў Міністэрства культуры  Рэспублікі Беларусь прапановы па відах і плануемых тэрмінах работ па захаванню замкаў Гродзеншчыны.
Так  на комплексе Старога замка ў Гродна: (палац, фрагмент абарончых сцен, Ніжняя царква (руіны), Верхняя царква (рэшткі), княскі хорам (руіны), мост, замчышча), канец XI-XIX стст. плануецца выканаць  кансервацыю і рэстаўрацыю гістарычных пабудоў, рэканструкцыю замкавага комплекса, прыстасаванне пад УК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”. Тэрмін правядзення работ - 2012-2018 гг. Плануецца ўключыць гэты аб’ект у Дзяржаўную інвестыцыйную праграмму на 2012 г.
Руіны былога замка Сапегі з фрагментамі абарончых збудаванняў XVI - XVII ст.ст., XVIII - XX стст. у в. Гальшаны Ашмянскага раёна ўключаны ў праграму “Культура Беларусі” на 2011-2015 гг.  Плануецца кансервацыя рэшткаў муроў, арганізацыя іх экспанавання.
Рэшткі замка XV- XVI стст. у в. Геранёны Іўеўскага раёна адносяцца да помнікаў археалогіі. На ім плануецца ў 2011 г. за кошт правядзення  раённых суботнікаў правесці кансервацыю рэшткаў муроў, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
На Лідскім замку  XIV ст. працягваюцца работы па рэканструкцыі рэстаўрацыі, якія плануецца завяршыць да 2013 года. Аб’ект уключаны ў праграму “Культура Беларусі” на 2011-2015 гг.
Рэшткі замка XIII- XVI стст. у г. Навагрудку таксама ўключаны ў праграму “Культура Беларусі” на 2011-2015 гг. Плануецца  да 2015 г. выканаць работы па кансервацыі руін з частковай рэканструкцыяй вежы Шчытоўка. Акрамя выдзялення на гэтыя мэты сродкаў з рэспубліканскага і абласнога бюджэта, аддзелам культуры Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў на кансервацыю замка. На гэтыя ж мэты збіраюцца сродкі праз рэалізацыю латэрэі “Скарбніца”.
Фрагменты замка (дзве вежы, земляныя ўмацаванні з рэшткамі абарончых збудаванняў, былы палац, флігель) XVI- XIX стст. у г.п. Любча Навагрудскага раёна аднаўляюцца за кошт сродкаў дабрачыннага фонду “Любчанскі замак”. Плануецца выканаць работы да 2018 г.
На захаваўшыхся фрагментах замка XIV ст.у  в. Крэва Смаргонскага раёна плануецца правесці работы па кансервацыі абарончых муроў, рэканструкцыі паўночнай вежы і прыставанне яе для размяшчэння музейнай экспазіцыі. Аб’ект прапанаваны ў праект Дзяржаўнай праграмы развіцця турызма ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гг.

Замкі Гродзеншчыны

Асаблівы гонар Гарадзенскай зямлі - замкі. З 13 замкаў Беларусі, 8 знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Гэта Стары замак у Гродна 14- 19 ст.ст., замак у Лідзе 14 ст., Мірскі замак 15-20 ст.ст, Гальшанскі замак 14-20 ст.ст., Навагрудскі замак 13-14 ст.ст., Любчанскі замак 16-19 ст.ст., Крэўскі замак 14 ст., Геранёнскі замак 15-16 ст.ст.

Стары замак 14-19 ст.ст.(г. Гродна)

 

Пабудаваны ў кан. 14 пач. 15 ст.ст. як абарончае збудаванне па загадзе князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта. Каля 1580 г. перабудаваны па загадзе польскага караля Стэфана Баторыя па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы і фартыфікатара Рудальфіна дэ Камерына. На першым паверсе размяшчаліся: каралеўская канцылярыя, архіў, казна, варта, службовыя памяшканні. На другім паверсе каралеўскія пакоі. Фасады палаца ўпрыгожвалі сграфіта і разьба. Дэкаратыўнае афармленне выканана ў традыцыях рэнесансу. Перабудоўваўся на працягу 17-19 ст.ст.

Выкарыстоўваўся як княжаская, каралеўская рэзідэнцыя, адміністрацыйны будынак, шпіталь. У цяперашні час у замку знаходзіцца ўстанова культуры "Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей". Адчынены для наведвальнікаў з 10.00 да 18.00 гадзін (акрамя панядзелку).

Замак 14 ст. (г. Ліда)

  

Лідскі замак пабудаваны ў 1323-1328 г.г. Замак мае 12 -ці мятровай вышыні сцены, агульнай даўжынёй 341 м. і лічыцца адным з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі. У 14 ст. замак неаднаразова вытрымліваў напады крыжакоў, у далейшым выкарыстоўваўся як магутнае абарончае збудаванне падчас праходзіўшых на гэтай тэрыторыі ваенных падзей. У 2005 г. ў Лідскім замку праведзены І Міжнародны рыцарскі турнір "Замак Гедыміна", у маі 2007 г. - бугуртныя баі "Меч Лідскага замка" з удзелам рыцарскіх клубаў Польшчы, Расіі, Прыбалтыкі, Беларусі.

У замку рэалізуецца праект "Старадаўніх муроў адраджэнне". У праграму ўваходзіць экскурсійнае абслугоўванне , прадстаўленні і анімацыі з жыцця сярэдневяковага горада. На працягу года праводзяцца розныя культурна-масавыя і абрадавыя мерапрыемствы (Дзень моладзі, Рок-фэсты, цыкл камерных канцэртных праграм, Калядкі і інш.). У зімовы перыяд на тэрыторыі замка працуе лядовая пляцоўка.

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты

За перыяд 2007 -2009 гады замак наведала 129 тыс. чалавек.

Замак 15-20 ст.ст. (г.п. Мір, Карэліцкі раён)

                           

На мяжы 15- 16 ст.ст. Юрый Іллініч пачаў будаўніцтва замка ў гатычным стылі. Пазней Мірскі замак пераходзіць на два з паловай стагоддзі ў валоданне Радзівілаў нясвіжскай лініі. У канцы 19 ст. Мірскае графства разам з замкам набыў рускі князь Мікалай Святаполк - Мірскі..З 1947 г. замак быў узяты пад ахову дзяржавы. У 60-я гады вяліся працы па кансервацыі помніка. У пачатку 80-х гадоў пачалася рэстаўрацыя Мірскага замка. У 1987 г. замак быў перададзены Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі.

У апошнія гады г.п. Мір стаў месцам правядзення розных святаў і фэстаў. У верасні 2002 г. тут адбылося рэспубліканскае свята - Дзень беларускай пісьменнасці. Штогод (з мая 2003 г.) праводзіцца Беларускі фестываль мастацтваў "Мірскі замак". Кожнае лета ў замку праходзяць рыцарскія турніры і міжнародныя фэсты сярэднявяковай культуры. тэлеканал АНТ праводзіць "Музычныя сустрэчы ў Мірскім замку".

У 2000 г. Мірскі замак уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Выкарыстоўваецца як музей, уключаны ў турыстычныя маршруты.

Замак 16-20 ст.ст. (в. Гальшаны, Ашмянскі раён)

  

Гальшанскі замак быў узведзены на мяжы 16-17 ст.ст. на сродкі Паўла Стэфана Сапегі. Асноўную абарончую функцыю ў замку выконвалі зямляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Сцены замка мелі фігурную муроўку з лепкай, вялікія вокны. На паўночна-ўсходнім корпусе з боку двара на ўзроўні другога паверха ішла адкрытая галерэя. Сцены залаў і пакояў былі ўпрыгожаны разнастайным жывапісным роспісам і лепкай. Сучаснікі лічылі Гальшанскі замак самым прыгожым замкам на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Замак часта мяняў гаспадароў, быў значна пашкоджаны шведамі ў гады Паўночнай вайны. У 1880 г. уладальнік замка пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу пусціў на карчму. Далейшае разбурэнне працягвалася ў ХХ ст. Час і людзі здолелі разбурыць замак, але і ў такім стане велічныя руіны пакідаюць незабыўнае ўражанне.

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты.

Замак 13-16 ст.ст. (г. Навагрудак)

 

Навагрудскі замак - знакавы аб'ект беларускай гісторыі і архітэктуры. Пабудаваны ў 14-16 ст.ст., ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях. У яго сценах праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы каралёў і паслоў. Сёння руіны замка - папулярны турыстычны аб'ект. Мяркуецца правесці комплекс работ па іх даследаванню, умацаванні і наступнай музеефікацыяй.

Прынята рашэнне аб арганізацыі грамадскай акцыі па правядзенні работ па кансервацыі Навагрудскага замка. Плануецца выдзяленне для гэтых мэт сродкаў з рэспубліканскага, абласнога бюджэтаў, а таксама сродкаў ад рэалізацыі латарэі "Скарбніца" і добраахвотных ахвяраванняў фізічных і юрыдычных асоб. Запрашаем ўсіх неабыякавых да захавання беларускай спадчыны прыняць удзел у гэтай значнай грамадскай акцыі, пералічыўшы грошы на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры Наваградскага райвыканкама.

Рэквізіты: "Аддзел культуры Наваградскага райвыканкама". Разліковы рахунак 3632000001310 у АСБ "Беларусбанк", код 698, УНП 500031377, ОКПО 02234044 з адзнакай"на рэстаўрацыю Наваградскага замка".

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты.

Замак 16-19 ст.ст. (г.п. Любча, Навагрудскі раён)

                              

Будаўніцтва Любчанскага замка распачата ў 1581 г. Янам Кішкам. Любчанскі замак размясціўся на высокім узгорку. Усе вежы замка мелі бляшаныя дахі з купаламі, якія вянчалі флюгеры з гербам уладальнікаў зямель Радзівілаў. Да сённяшняга дня захаваліся дзве мураваныя замкавыя вежы.

У 1864-1870 г.г. на тэрыторыі замка быў пабудаваны палац, які замкнуў каменнае кола замка. Цэнтральная частка яго была двухпавярховай, а бакавыя крылы – аднапавярховымі. Па кутах знаходзіліся завершаныя зубцамі вежы. Фасады палаца аздаблялі рызаліты з імітаванымі радамі байніц у зубчатых шчытах, а цэнтр галоўнага фасада адзначаў балкон на калонах. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпніну, кафляныя печы.

Гэтыя пабудовы моцна пацярпелі ў час першай сусветнай вайны і пасля рамонту страцілі свой рамантычны гатычны ўбор.

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты.

Замак 16-19 ст.ст. (в. Геранёны, Іўеўскі раён)

 

Заснаваны Геранёнскі замак у 15-16 ст.ст. Альбрэхтам Гаштольдам на перакрыжаваннях зручных шляхоў паміж Трокамі і Навагрудкам, Лідай, Гальшанамі і Крэвам.

Вялікі чатырохкутны замак з круглымі вежамі па кутах, акрэслены глыбокім ровам запоўненым вадой. Замак чымсьці нагадваў Лідскі, аднак замак у Гераненах прызначаўся для жылля, прыёмаў, хоць і не выключаў абарончага значэння.  У другой палове 16 ст. тут адбылося некалькі з'ездаў шляхты Польшчы і Літвы з мэтай дасягнуць дамоўленасці адносна кандыдатуры на "пасаду" караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага.

І сёння, фрагменты каменных сцен Гераненскага замка, касцёл, абарончы роў, старыя дрэвы ўтвараюць гістарычны архітэктурны ансамбль і аказваюць незабыўнае ўражанне на кожнага, хто ўпершыню наведаў замак.

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты.

Замак 14 ст. . Крэва, Смаргонскі раён)

 

Крэўскі замак паўстаў на мяжы 14 - 15 ст.ст. Пабудаваны Вялікім князем Гедымінам і яго сынам Альгердам. Меў форму няправільнага чатырохкутніка. Даўжыня сцен дасягала ад 108,5 да 71,55 м., таўшчыня - 2,5-3 м., вышыня даходзіла да 12-13 м. Замак стаў сведкай шматлікіх гістарычных падзей. У яго скляпеннях па загадзе князя Ягайлы быў забіты яго сапернік і асноўны прэтэндэнт на вялікакняжацкі пасад князь Кейстут. У 1385 г. ў Крэўскім замку была падпісаная Крэўская ўнія - дамова аб аб'яднанні Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага пад уладай князя Ягайлы.

У памяць аб гісторыі Крэўскага замка і яго ўладальніках штогод каля сцен помніка праводзяцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя чарговым угодкам са дня каранавання князя Міндоўга - заснавальніка і першага князя Вялікага княства Літоўскага. Мерапрыемствы ўключаюць у сябе выступленні самадзейных калектываў з Беларусі і Літвы, якія выконваюць сярэднявяковыя танцы, элементы рыцарскіх баёў.

Замак уключаны ў турыстычныя маршруты.