Версия для печати
Размер шрифта
+
Печать

Геаграфічнае становішча

21.11.2017

Цэнтр вобласці - г.Гродна (насельніцтва 309 тыс. чалавек). У складзе вобласці 17 раёнаў, 194 сельскія Саветы, 12 гарадоў, у тым ліку 6 абласнога падпарадкавання, 21 пасёлак гарадскога тыпу. Тут пражывае 11,7 % насельніцтва краіны.

Вобласць утворана 20 верасня 1944 года. Плошча яе складае 25,1 тыс. км2, насельніцтва - 1 млн. 184 тыс. чалавек.

Найбольшая працягласць з захаду на ўсход - 213 км, з поўначы на поўдзень - 247 км. Паверхня вобласці пераважна раўнінная, у цэнтральнай яе частцы знаходзіцца Нёманская нізіна. Ёсць марэнныя ўзвышшы - Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае і Ашмянскае.

З карысных выкапняў пераважаюць нярудныя - гліна, мел, сілікатныя пяскі, торф. Разведаны радовішчы бурага вугалю, жалезнай руды.

Лясы займаюць 1/3 частку тэрыторыі Гродзенскай вобласці. На паўднёвым захадзе яе размешчаны знакаміты Нацыянальны парк "Белавежская пушча". Рашэннем ЮНЕСКА ён уключаны у спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва і ў адзіную сусветную сістэму назірання за змяненнямі ў навакольным асяроддзі і атрымаў статус біясфернага запаведніка. Белавежская пушча - гэта музей прыроды пад адкрытым небам, дзе растуць 889 відаў вышэйшых раслін, сустракаюцца 59 відаў млекакормячых, 227 відаў птушак, 7 відаў  паўзуноў, 11 - земнаводных, 27 відаў рыб і амаль 8500 відаў насякомых. Самы буйны насельнік белавежскіх лясоў - зубр, адзін з найбольш старажытных і ў мінулым шырока распаўсюджаных відаў жывёл. У пісьмовых крыніцах згадваецца з ІІІ ст. да н.э.

У лясах Гродзеншчыны водзяцца лось, дзік, казуля, барсук, янотападобны сабака, выдра, куніца, ліс, гарнастай, воўк. Жывуць глушцы, цецерукі, шэрыя жураўлі, белыя і чорныя буслы, лебедзі-шыпуны, беркуты, арланы-белахвосты, совы, мышаловы, каршуны, сіваваронкі і шмат іншых птушак.

 Нёман, які цячэ па тэрыторыі вобласці, - трэцяя па велічыні рака ў Беларусі. Даўжыня Нёмана - 937 км, а ў межах Гродзенскай вобласці - 360 км.   Рачная сетка разгалінаваная. Амаль усе рэкі краю адносяцца да басейна Нёмана.

Азёр у вобласці няшмат, усе яны невялікія па памерах. Самыя вялікія Белае возера (557 га) і  возера Рыбніца (248 га)  у Гродзенскім раёне (уваходзяць у ландшафтны заказнік Азёры), Свіцязь (224 га) у Навагрудскім раёне (уваходзіць у Свіцязянскі ландшафтны заказнік).

У рэках і азёрах водзяцца шчупакі, язі, галаўні, самы, ляшчы, акуні. Па берагах рэк, азёр, на балотах, палях, пустках, у лясах растуць 1500 відаў раслін.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://grodno-region.gov.by/by/geografiay-by/
© Гродзенскі аблвыканкам, 2010-2016
Распрацоўка БЕЛТА