Версия для печати
Размер шрифта
+
Печать

Гісторыя

22.11.2017
Гісторыя Гродзеншчыны пачынаецца з глыбокай старажытнасці. Яе тэрыторыя была заселена людзьмі з позняга палеаліту. Самыя старажытныя стаянкі знаходзіліся на возеры Свіцязь, каля в.Чарэшля Навагрудскага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Збляны Лідскага раёнаў, каля вусця р.Котра.

Вядома, што ў канцы  I – пачатку II тысячагоддзя на тэрыторыі Гродзеншчыны была вельмі складаная этнічная сітуацыя. Тут жылі ўсходнеславянскія плямёны (дрыгавічы, крывічы, валыняне, драўляне), заходнеславянскія (мазаўшане), усходнебалтыйскія (літва), заходнебалтыйскія (яцвягі). У другой палавіне I тысячагоддзя пачынаецца славянская каланізацыя. Асвойваючы тэрыторыі Гродзеншчыны, славяне паступова асімілявалі балтамоўнае насельніцтва, якое пражывала тут са старажытных часоў. Асіміляцыя балтаў працягвалася аж да XII – XIII стст.

Да пачатку XII ст. значная частка Верхняга Панямоння апынулася ў складзе Кіеўскай Русі. У гэты час з'яўляюцца першыя буйныя гарады - Гродна (1128), Навагрудак (1212), Ваўкавыск, Слонім (1252), Ліда (1380).

        У XII – першай палове ХIV стст. існавалі Гродзенскае, Навагрудскае і Ваўкавыскае княствы. Гэтыя самастойныя дзяржаўныя аб'яднанні неслі на сабе адбітак адзінага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсходнеславянскіх зямель у складзе Кіеўскай Русі - калыскі брацкіх беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. Княствы, як і іншыя заходнярускія землі, доўгі час знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай мангола-татарскага заваявання. Больш за два стагоддзі яны былі фарпостам барацьбы з агрэсіяй крыжакоў.

Менавіта гэтыя акалічнасці абумовілі ўтварэнне ў XIII – XIV стст. шматнацыянальнай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Першай сталіцай гэтага дзяржаўнага ўтварэння стаў горад Навагрудак.

Ва ўмовах барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў у замку Крэва, што ў Смаргонскім раёне, заключана Крэўская унія 1385 года, якая паклала пачатак аб'яднанню ВКЛ і Польшчы. Значнай вяхой у сумеснай барацьбе за незалежнасць супраць знешняй агрэсіі стала Грунвальдская бітва 1410 года, у якой разам з беларускімі, рускімі і польскімі палкамі змагаліся гродзенскі, ваўкавыскі, лідскі і іншыя палкі, і дзе была атрымала бліскучая перамога над заваёўнікамі.

Ужо ў гэты перыяд, на заранку беларускай дзяржаўнасці, выразна вылучаюцца тыя рысы, якія ўласцівы нашаму народу на працягу ўсіх стагоддзяў. Гэта нацыянальная талерантнасць, гатоўнасць да супрацоўніцтва і згоды з іншымі народамі і дзяржавамі, павага да іх культуры і звычаяў. Гэта адсутнасць агрэсіўнасці ў адносінах да суседзяў.

У XII – XVI стст. буйнейшыя гарады і мястэчкі Гродзеншчыны пачалі адыграваць значную ролю ў эканамічным і культурным жыцці краіны. Некаторыя з іх (Гродна, Навагрудак, Слонім і інш.) атрымалі самакіраванне ў адпаведнасці з магдэбургскім правам. Гродзенская эканомія, як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, была ў той час адной з самых развітых і багатых у дзяржаве.

Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1793 г. і 1795 г. тэрыторыя сучаснай Гродзенскай вобласці ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Значнай падзеяй у яе гісторыі стаў 1801 год, калі была ўтворана Гродзенская губерня, якая ў хуткім часе стала адной з найбольш эканамічна развітых губерняў Расіі. У 1890 годзе толькі ў Гродне налічвалася больш як 70 фабрык і заводаў, на якіх працавалі больш за 2 тысячы рабочых. Найбольш буйным прамысловым прадпрыемствам Беларусі была тытунёвая фабрыка ў Гродне. У Слоніме атрымала развіццё дрэваапрацоўчая прамысловасць, у Дзятлаве - панчошная, у Смаргоні і Ашмянах - гарбарная прамысловасць.

Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора  1921 года землі Гродзеншчыны адышлі да Польшчы. У верасні 1939 года Гродзеншчына ўвайшла ў склад БССР. У 1939-41 гг. у Гродне былі адкрыты абутковая, швейная і мэблевая фабрыкі, хлебазавод, настаўніцкі інстытут, польскі тэатр, заснаваны гістарычны і абласны архівы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) на тэрыторыі вобласці атрымаў шырокае развіццё партызанскі рух. Тысячы гродзенцаў мужна змагаліся на франтах вайны. Фашыстамі знішчана больш як 120 прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе калгасы, саўгасы і МТС.

20 верасня 1944 года была ўтворана Гродзенская вобласць з цэнтрам у г.Гродне.

Аднаўленне разбуранай гаспадаркі ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1945 г. уступіў у строй цэментны завод "Перамога", Мастоўскі фанерны завод, тытунёвая фабрыка, гарбарны завод і інш. Былі створаны новыя галіны - тэкстыльная, хімічная, машынабудаванне. Атрымала развіццё сельская гаспадарка. У 1967 годзе за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі Гродзенская вобласць узнагароджана ордэнам Леніна. 49 чалавек удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, больш як 14 тысяч узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://grodno-region.gov.by/by/history-by/
© Гродзенскі аблвыканкам, 2010-2016
Распрацоўка БЕЛТА