Версия для печати
Размер шрифта
+
Печать

Танец «Млын» i шэдэўры майстроў. Як Лiдчына святкавала 490-годдзе аднаго з найпрыгажэйшых аграгарадкоў

Так і хочацца сказаць: “І я там быў, мёд і квас піў...” Наколькі маштабна і пышна праходзіла святочнае мерапрыемства, высвятляў карэспандэнт «Лідскай газеты».
Прагнозы сіноптыкаў на гэтую суботу ўжо зрання не прадвяшчалі нічога добрага: дождж і не больш за сем градусаў цяпла – у прынцыпе, як звычайна бывае восенню. Але нават гэта акалічнасць ніколькі не сапсавала святочны настрой жыхароў і гасцей аграгарадка Бердаўка. Цэнтр сельсавета і сельгаспрадпрыемства «Бердаўка-Агра» актыўна рыхтаваўся да пачатку грандыёзнай святочнай праграмы. Нагода самая што ні на ёсць урачыстая – 490-гадовы юбілей аднаго з найпрыгажэйшых куткоў лідскай зямлі.
Ад прадзедаў спакон вякоў...
Так-так, 490 гадоў... Бердаўка паступова, але ўпэўнена набліжаецца да свайго пяцісотгоддзя. Канешне, у параўнанні з Лідай яна яшчэ зусім юная “дзяўчына”. У той жа час жыццё гэтай зямлі насычана рознымі падзеямі.
Вёска Бердаўка ўпершыню згадваецца у прывілеі Жыгімонта Старога ў 1527 годзе. Тады яна стала ўладаннем аднаго з сыноў маршалка Юрыя Ільініча. У ХVI стагоддзі вёска – гэта радавое гняздо шляхцічаў Бердаўскіх. А пасля паўстання 1863 года рускі цар Аляксандр II аддаў землі Аляксандру Дамбавецкаму. Той, захоплены маляўнічымі месцамі беларускага краю, пабудаваў у Бердаўцы сабе сядзібу (будаўніцтва завяршылася ў 1870-х гадах). Сёння яна ўваходзіць у лік найпрыгажэйшых архітэктурных будынкаў нашага краю.
1.JPG
Падзеі, на якія багатая тутэйшая зямля, добра вядомыя мясцовым жыхарам. Пра іх людзі памятаюць, некаторымі ганарацца і, калі выпадае хвіліна, заўсёды з задавальненнем распавядаюць багатае мінулае продкаў. Магчыма, таму свята мястэчка вырашана было пачынаць з цікавага экскурсу ў гісторыю. Каля трох тысяч экспанатаў, якія маюць гістарычную, культурную і прыродную каштоўнасць, змаглі ўбачыць жыхары і госці аграгарадка Бердаўка, наведаўшы мясцовы гістарычна-краязнаўчы музей.
-- Каб ведаць сваю краіну, трэба яшчэ ведаць гісторыю вось такіх мястэчак, -- дзеліцца ўражаннямі наведвальніца музея, настаўніца пачатковых класаў Тарноўскай сярэдняй школы Жанна Кудла. – Вельмі пазнавальна правялі час у музеі, даведаліся шмат з далёкага мінулага Бердаўкі. Прыемна, што асаблівую цікавасць праявілі вучні. Бо, як вядома, без мінулага няма будучага. Гэта сапраўды так.
«Слаўся, наш любы бердаўскі край!»
Жыццё аграгарадка, у якім сёння пражываюць 652 чалавека, насычана рознымі культурнымі мерапрыемствамі. Даўно праходзяць тут святы, прысвечаныя вуліцам і іх жыхарам, ураджаю хлеба, садавіны і агародніны, проста канцэртныя праграмы ў гонар чырвоных дзён календара. Але сёлетні юбілей сабраў усіх, як гаворыцца, ад малога да вялікага. Яшчэ задоўга да пачатку ўрачыстай часткі вяскоўцы пачалі сцякацца да летняй канцэртнай пляцоўкі, якая іх чакала ў старадаўнім парку каля культурна-дасугавага цэнтра. З самай раніцы тут працавала дзіцячая гульнявая пляцоўка. Падрастаючае пакаленне бердаўчан апанавала лялечны тэатр “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Забаўлялі дзяцей атракцыёны, батуты, электрамабілі, а таксама цір.
32.JPG
«Слаўся, наш любы бердаўскі край!» І вось са сцэны загучалі словы прывітання. Адкрыццё свята адбылося. Гучала шмат цёплых слоў, а ногі самі кідаліся ў скокі, калі на сцэну выходзілі танцавальны ансамбль "Чаравічкі", народны сямейны ансабль Парфенчыкаў, ансамбль песні і танца “Лідчанка”. Гледачы сустракалі артыстаў гарачымі апладысментамі. Яшчэ адной радаснай падзеяй для бердаўчан стаў прыезд гасцей. Павіншавалі жыхароў аграгарадка са святам – дыпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Папко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Рабец.
51.JPG
Як толькі прагучалі словы прывітання і віншаванняў, праграма прадоўжылася ўшанаваннем ганаровых жыхароў, ветэранаў вайны і працы.
Танцы па-даўнейшаму
Дзень свята не прайшоў дарэмна і для мяне: навучылася танцаваць "Млын". Дагэтуль і ведаць не ведала аб такім танцы. Аказалася, імітаваць працу млынара не так і проста, як можа паказацца на першы погляд. Ад слоў перайшлі да справы: па крузе летняй танцавальнай пляцоўкі жвава закружылі жадаючыя паказаць сваю пластычнасць.
28.JPG
Дарэчы, у майстар-класах па народных танцах прыняла ўдзел шмат актыўных і таленавітых вяскоўцаў. Людзі сталага ўзросту жартавалі, гледзячы на няўмелыя рухі моладзі. Адкуль жа ім ведаць, як танчыць тыя ж кракавяк, польку, ойру або падыспань, калі ў тэлефонах і плэерах адны сучасныя мелодыі? Вучні аказаліся кемлівыя: рухаліся спрытна, хутка, лёгка. І гэта нядзіўна: настаўнікамі вызваліся быць удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага калектыву "Талер". А яны аб народных танцах знаюць усё!
72.JPG
На ўсе рукі майстры
Таму, што на сяле пражывае шмат народных умельцаў, здзіўляцца не прыходзіцца. Доказам гэтаму стала выстава майстроў Бердаўскага сельскага савета і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы ЦК і НТ”. Чаго тут толькі не пабачыла: шэдэўры, выкананыя з "золата" палёў – саломкі, – кубкі, вазы, шкатулкі з газетнай паперы, карціны з мясцовымі краявідамі. І ўсе вырабы непаўторныя, зробленыя рукамі таленавітых аўтараў. Надзвычай спадабалася выстава майстра мяккай цацкі і бісерапляцення Алены Каламіец.
21.JPG
– Заўжды, калі прымаю ўдзел у святочных мерапрыемствах, -- дзеліцца ўражаннямі Алена Вашчыла. – А сёння такая нагода: наша вёска – юбіляр. Менавіта вёска, бо аграгарадком стала называцца з 2006 года. Колькі людзей прыйшло сёння, каб адзначыць свята, – не пералічыць. Усе задаволеныя, шчаслівыя. Весяляцца, танчаць, слухаюць добрую музыку. Адным словам, арганізацыя свята на высокім узроўні. Дзякуй за гэта ўсім добрым людзям, якія стараліся для нас.
19.JPG
***
Звонкія песні, танцы, гульні, выставы і шмат іншых забаў чакалі людзей, якія сабраліся ў старадаўнім парку каля культурна-дасугавага цэнтра. На ўра была ўспрынята спартыўна-гульнявая праграма (калі яшчэ разам з суседзямі памераешся сілай і спрытам!). Авацыямі праводзілі са сцэны артыстаў, калектывы Лідчыны: народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”, тэатр гумарэсак “Балагур”, ансамбль украінскай песні “Смерычка”, калектывы аматарскіх аб’яднаняў Дома польскага з города Ліды. Працаваў падчас свята выязны гандаль, прадаваліся салодкая вата і папкорн. З твараў вяскоўцаў і гасцей не сыходзілі ўсмешкі, бо адразу столькі яркіх і пазітыўных эмоцый яны атрымалі ў гэты дзень.
Скончыцца мерапрыемства вечарам святочнай танцавальна-забаўляльнай праграмай "Танцуе ўся планета", хаця я б яе перайменавала ў "Танцуе ўся Бердаўка".
Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://grodno-region.gov.by/by/region-news-by/view/tanets-mlyn-i-shedeury-majstrou-jak-lidchyna-svjatkavala-490-goddze-adnago-z-najprygazhejshyx-21941-2017/
© Гродзенскі аблвыканкам, 2010-2016
Распрацоўка БЕЛТА