Сядзіба Бераста-Зюзі і Спадарыні Завірухі адкрыецца ў Бераставіцкім раёне 22 снежня
19.12.2018
Новости региона
Свята пачнецца ў 16.00 і збярэ ці ледзь ні ўсю малечу Бераставіцкага раёна. Падзея на самай справе радасная і вялікая: зімовыя персанажы беларускай міфалогіі амаль на ўсю халодную пару паселяцца ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Бераставіцкі". У суботу яны справяць сваё наваселле. Мерапрыемства пройдзе ў рамках акцыі "Нашы дзеці". Бераст-Зюзя паўстане перад гасцямі такім, якім яго ведаюць па беларускіх народных казках і легендах, – у светлай вопратцы, без галаўнога ўбору, з сівымі валасамі і доўгай барадой. Яго напарніца Спадарыня Завіруха здзівіць усіх сваёй халоднай прыгажосцю і адначасова добрым сэрцам. Гаспадары сядзібы запросяць хлопчыкаў і дзяўчынак прыняць удзел у займальным квэсце. Толькі пасля таго, як усе выпрабаванні будуць пройдзены, дзеці змогуць загадаць свае самыя запаветныя жаданні, якія абавязкова спраўдзяцца.
Сімвал Бераставіцкага раёна Вавёрка будзе падарожнічаць па станцыях квэста разам з гасцямі і падтрымліваць іх у час конкурсаў, гульняў і віктарын. Дарэчы, усе забавы ў сядзібе з беларускім каларытам. Будуць гучаць традыцыйныя для зімовых святаў беларускія народныя песні. Дзяцей чакае шмат радасці і весялосці, сустрэчы з іншымі персанажамі беларускай міфалогіі, а таксама пачастункі. У сядзібе будуць частаваць гарачай гарбатай і блінамі. Музей вавёркі прадставіць калекцыю старых навагодніх паштовак. Пройдзе выстава-кірмаш вырабаў традыцыйных рамёстваў. Можна будзе прыняць удзел у майстар-класе па вырабу сувеніраў.
– Плануецца, што сядзіба будзе прымаць наведвальнікаў у выхадныя дні. Магчымая праца ў будні па заяўках арганізаваных груп, – адзначыла дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Місюля.