Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

Габелен да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Як стваралі маштабны праект

27.05.2020
Навiны рэгiёна
Майстрыхі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці напачатку лютага прыступілі да стварэння эксклюзіўнага твора – маштабнага габелена, прысвечанага 75-й гадавіне Вялікай Перамогі. Алена Шунейка і Юлія Барадзіна ўсяго за некалькі месяцаў здзейснілі немагчымае: праз дробныя дэталі і далікатныя колеравыя “мазкі” распавялі цікавую гісторыю, знітавалі мноства вобразаў, напоўнілі кожны сантыметр палатна нястомнай энергіяй працавітых рук…

IMG_6975.JPG

Сёння ў творчай лабараторыі падыходзіць да завяршэння перадапошні этап стварэння грандыёзнай тканай карціны. За незвычайным станком, які не мае аналагаў у краіне, няспынна кіпіць праца. Нiтачка да нiтачкi, колер да колеру, думка да думкi – і мы ўжо можам асцярожна падглядаць за тым, як ажывае мінулае і нараджаецца сапраўдны рукатворны цуд.

IMG_7055.JPGIMG_7056.JPG

Каляровы бардзюр габелена ўпрыгожваюць элементы традыцыйнага беларускага арнамента і прыродныя сімвалы Беларусі – валошка і папараць. У ніжняй частцы палатна вытканы яскравыя замалёўкі партызанскіх будняў і ваенных дзеянняў, якія ўражваюць сваёй дэталёвасцю. Зброя, перабінтаваная рука, ваенная сумка медсястры і нават маленечкія медалі на грудзях герояў – усё гэта неверагодным чынам знайшло сваё адлюстраванне ва ўдалай кампазіцыі.

Цёмная па настроі і колеравай гаме паласа змяняецца светлай, на якой майстрыхі з уласцівай ім крапатлівасцю намалявалі ніткамі насычанае жыццё гараджан і сялян. У “вясковай” частцы габелена мы бачым паўсядзённасць працаўнікоў зямлі, а ў “гарадской” – будні прадстаўнікоў самых розных прафесій. Углядаешся ў габелен – і выявы мірнага жыцця нібыта ажываюць, напаўняюцца народнымі мелодыямі, гулам машын, шапаценнем каласоў і бусліным клекатаннем. Сялянка са снапом, музыкант, навуковец, мастак, будаўнік – кожны персанаж, па сцвярджэнні аўтраў твора, трапіў на палатно невыпадкова.

IMG_7068.JPG

Колькі ж дынамікі, атмасферы ўсеагульнага яднання і радасці можна адчуць у, здавалася б, простых сюжэтах! Магчыма, сакрэт энергетыкі твора хаваецца не толькі ў таленце ўмеліц, але і ў своеасаблівым абярэгу: закладзеных у габелен жаночых валасах, якія з’яўляюцца сапраўднай умяшчальняй магутнай жыццёвай сілы?.. Сваю магічную “прафесійную таямніцу” майстрыхі раскрываць не спяшаюцца.

Алена Шунейка і Юлія Барадзіна пачалі працаваць над самым светлым участкам габелена – панарамай культавых помнікаў архітэктуры Беларусі. На палатне вось-вось з’явяцца выявы Холмскіх варотаў Брэсцкай крэпасці, трыўмфальнай аркі ў Магілёве, Фарнага касцёла ў Гродне, Кафедральнага сабора Пятра і Паўла ў Гомелі, Віцебскай ратушы і Абеліска Перамогі ў Мінску. Па словах Яўгена Шунейкі, аўтара эскіза габелена, уплеценыя ў арнамент славутыя сімвалы нашых абласцей – гэта ўнікальная з’ява ў мастацтве. Яўген Феліксавіч упэўнены, што вытканая ў лёгкіх, спакойных танах гарадская панарама стане гарманічным завяршэннем пераможнай работы.

У цэнтры ўсёй кампазіцыі, як і планавалася, будзе прадстаўлена моцная, непадуладная выпрабаванням Маці Беларусь. Творчая група плануе завяршыць работу да галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці. Дарэчы, незвычайны твор ужо не безыменны. Некалькі месяцаў таму супрацоўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці аб’явілі конкурс на лепшую назву габелена. “Гісторыі жывая ніць” – менавіта так цяпер называецца асаблівы падарунак для радзімы. Імя пераможцы конкурсу будзе аб’яўлена на прэзентацыі работы.

Да спіса