Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

«Гультайства – самы бязлітасны вораг для чалавека, які марыць дасягнуць поспеху ў жыцці». Гісторыя і мары маладога інжынера-тэхнолага з Гродна

18.02.2020
Навiны рэгiёна
Калі Іллю Міхеенка, студэнта 4 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, запытаць, за што ён любіць сваю краіну, ён адкажа – за яе самабытнасць і багатую, глыбокую гісторыю. А яшчэ за людзей – простых, шчырых і натхняючых. Ён і сам з такіх – мае невычэрпную энергію і мноства творчых ідэй, а разам з тым – сур’ёзных прафесійных мэтаў.“ТРЭБА НАБРАЦЦА ВОПЫТУ, ПАКАЗАЦЬ АДКАЗНАСЦЬ”

– Дзякую школьнай настаўніцы гісторыі. Яе ўрокі былі такімі цікавымі, што я палюбіў Гродна яшчэ да таго, як першы раз яго пабачыў, – пачынае размову Ілля. – Я чытаў аб славутасцях, архітэктурных каштоўнасцях горада, падзеях, якія адбываліся тут на працягу многіх стагоддзяў, і марыў, што калі скончу школу, буду абявязкова жыць і вучыцца ў Гродне. Заставалася толькі выбраць адну з трох вну.
IMG_1196.jpg

Больш за ўсё хлопцу ў школе падабаліся хімія і матэматыка. Абітурыентаў з такімі інтарэсамі запрашае інжынерна-тэхналагічны факультэт аграрнага ўніверсітэта. Ілля выбраў спецыялізацыю “Тэхналогія мяса і мясных прадуктаў” і пакуль ні разу не пашкадаваў. Упэўніцца ў тым, што прафесія абрана правільна, дапамагла вытворчая практыка на прадпрыемстве.
– Шэсць тыдняў працаваў рабочым на Гродзенскім мясакамбінаце. Было цяжка, але цікава. Зразумеў, што пасля заканчэння вну адразу атрымаць сур’ёзную пасаду немажліва. Да гэтага яшчэ трэба дарасці – набрацца вопыту, паказаць кіраўніцтву сваю адказнаць, мэтанакіраванасць, моцны характар і якасці лідара. Ёсць, канешне, страх, што раптам нешта не атрымаецца, але калі сумленна працаваць, усё павінна быць добра.
IMG_1234.jpgIMG_1223.jpg

Ад інжынера-тэхнолага на прадпрыемстве залежыць вельмі многае, пераконвае Ілля. Ён можа прыдумаць новую рэцэптуру, удасканаліць лінію вытворчасці, прапанаваць варыянты, як зрабіць больш танны, смачны і канкурэнтаздольны прадукт.
– Лепш за ўсё, калі на прадпрыемства прыходзіш ужо з канкрэтнымі ідэямі, праектамі. Гэта павялічвае шанцы на тое, што цябе заўважаць. Дыпломную планую зрабіць практыкаарыентаванай. Хочацца распрацаваць нешта насамрэч карыснае. 


IMG_1261.jpg
УНІВЕРСІТЭТ – ГЭТА СЯМ’Я

Універсітэт, прызнаецца Ілля, стаў для яго сям’ёй: аднагрупнікі, выкладчыкі, кіраўніцтва факультэта – ўсе заўсёды гатовыя выслухаць, падтрымаць і дапамагчы. Асабліва ён удзячны выкладчыкам, якія ніколі не паказваюць прадузятасці, нават калі нешта атрымоўваецца кепска. У Гродзенскім аграрным універсітэце студэнтаў паважаюць і імкнуцца даць ім як мага больш карысных ведаў, кажа хлопец. А яшчэ Ілля не ўяўляе сваё жыццё без актыўнасці ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі і прафсаюзе студэнтаў. 

изображение_viber_2020-02-03_12-19-21-1.jpgизображение_viber_2020-02-03_12-19-23.jpgизображение_viber_2020-02-03_12-19-25.jpg
– Цяпер я намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта, – расказвае Ілля. – А пачыналася ўсё з валанцёрства. Яшчэ на першым курсе мы наведвалі ветэранаў, дапамагалі ім, прыязджалі ў дзіцячыя дамы і інтэрнаты з падарункамі і спектаклямі. Вельмі каштоўны і кранальны вопыт! Самае дарагое – бачыць удзячную ўсмешку ў адказ. Яна грэе сэрца і дапамагае зразумець, што ўсё зроблена недарма.
изображение_viber_2020-02-03_12-19-27.jpgизображение_viber_2020-02-03_12-19-28.jpg
БАНК ІДЭЙ

Які ўніверсітэцкі праект ні ўспомні, высветліцца, што Ілля ў ім удзельнічаў – ці як канкурсант, ці як арганізатар. Успомніць той жа “Студэнт года” пазалетась. Тады ва ўніверсітэцкім этапе аддаць перамогу журы вырашыла іншаму, але, нягледзячы на гэта, юнак атрымаў добры стымул рухацца наперад. 

изображение_viber_2020-02-03_12-19-18.jpg

– Калі ты не пераможца, значыць, нешта было не ідэальна. А каб ідэальна было ў наступны раз, трэба пастаянна працаваць. Для многіх мерапрыемстваў, дарэчы, я сам пішу сцэнарыі. У мяне нават ёсць асобны нататнік, які жартаўліва называю банкам ідэй. Цікавая думка можа ўзнікнуць у галаве ў любы момант. Самыя яскравыя вобразы лепш адразу запісваць. Потым можна будзе ідэю развіць і выкарыстаць.
IMG_1205.jpg

Часам Ілля піша яшчэ і вершы, эсэ, рэпартажы. Аматарская творчасць не для шырокага кола слухачоў, але ж невялічкімі поспехамі можна ганарыцца. У мінулым годзе хлопец перамог у рэспубліканскім конкурсе на лепшую эмблему, фотаздымак, малюнак, верш і эсэ арт-эстафеты “Слова, першае ў жыцці…” у намінацыі “Лепшае эсэ”. 

изображение_viber_2020-02-03_12-19-24.jpg
– Некалі ў дзяцінстве ў мяне была мара – стаць рэжысёрам. Я абраў іншы шлях у жыцці, але пастаяннае жаданне нешта прыдумваць і ажыццяўляць на сцэне засталося. Можа, рызыкну і паспрабую атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў галіне свайго захаплення.
  
БЫЦЬ ПАСПЯХОВЫМ – ЗНАЧЫЦЬ ЛЮБІЦЬ ПРАФЕСІЮ

Здаецца, Ілля Міхеенка паспявае ўсё: вучыцца і актыўнічаць, чытаць кнігі і сустракацца з сябрамі, цікавіцца музыкай і кіно і нават добра высыпацца. Часу хапае, галоўнае – не ленавацца, упэўнены хлопец.
– Гультайства – самы бязлітасны вораг для чалавека, які марыць дасягнуць поспеху ў жыцці. 

IMG_1162.jpg

Хлопец прызнаецца, што заўсёды вельмі настойлівы ў дасягненні мэтаў. Цяпер для яго галоўнае – з добрымі ведамі скончыць універсітэт і знайсці работу, якая будзе падабацца. Грошы пры гэтым не на першым месцы. У першую чаргу справа павінна прыносіць задавальненне, упэўнены Ілля. А яшчэ важна, каб было прыемна працаваць у калектыве, бо ўсё ж такі з калегамі прыйдзецца праводзіць шмат часу. 

 Што будзе са мной праз пяць ці дзесяць гадоў, сказаць цяжка, –  разважае Ілля. – Буду адназначна жыць у Беларусі. Гэта мая радзіма. Тут мае бацькі, сябры – людзі, якіх люблю. У астатнім…  Спадзяюся, што застануся сапраўдным чалавекам – ніколі не здраджу блізкаму чалавеку, не пайду супраць прынцыпаў. Хочацца, як і кожнаму, быць паспяховым. Што гэта значыць для мяне? Любіць сваю прафесію. Кожную раніцу прачынацца з усмешкай і з ёй жа вяртацца дадому, таму што там цябе ўжо чакае твая сям’я. 

изображение_viber_2020-02-03_12-19-21.jpg
Да спіса