Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

“Лідар года”. Сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дзесяцікласнік з Ваўкавыска Яўген Шэндзік

22.01.2018
Навiны рэгiёна
Пра тое, што апошнія гады ў Беларусі актыўна развіваецца маладзёжны парламентарызм, чулі многія. Але хто яны, маладыя парламентарыі, і чым займаюцца — мала хто ведае. Каб выправіць гэтую сітуацыю, нядаўна Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правёў Рэспубліканскі конкурс “Лідар года” сярод членаў Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, якіх на сёння 22. Пазнаёмімся бліжэй з трыма пераможцамі спаборніцтва. 

АД СЭРЦА ДА СЭРЦА 

Адным з самых яркіх удзельнікаў конкурсу быў Яўген Шэндзік, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. Яго энтузіязм і шчырасць падкупілі журы, якое аддало хлопцу не толькі перамогу ў конкурсе выступленняў на трыбуне “Погляд у будучыню”, але і спецыяльны прыз. Юнак арганізаваў валанцёрскі атрад “Ад сэрца да сэрца” сярод старшакласнікаў, каб падружыцца з выхаванцамі дзіцячага сацыяльнага прытулку Ваўкавыскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Цяпер хлопцы і дзяўчаты рэгулярна бываюць там, ладзяць з дзецьмі гульні, святы, прывозяць ім падарункі, развіццёвыя гульні, размалёўкі, запрашаюць у госці да сябе ў школу, у музеі, у жывы куток, часта тэлефануюць ім, імкнучыся зрабіць жыццё выхаванцаў прытулку больш яркім. 

Больш яркім, дзякуючы Яўгену і яго паплечнікам, стаў і сам горад. Так, быў праведзены конкурс мастакоў паміж школьнікамі Ваўкавыска, і яго пераможцы атрымалі магчымасць упрыгожыць шэрыя сцены гарадскога кірмашу каляровымі графіці. Упрыгожыла горад і новенькая дарога да гімназіі № 1. Цяпер у планах Яўгена — паспрыяць лепшай бяспецы юных гараджан, абсталяваўшы больш пешаходных пераходаў. На гарадскіх вуліцах ёсць некалькі месцаў насупраць школ, дзе пешаходныя пераходы вельмі далёка і дзеці перабягаюць дарогу напрасткі. 

СПАРТЫЎНЫ ІНТАРЭС 

Антон Гутырчык займаецца ў ліцэі № 1 Баранавіч у профільным класе, дзе паглыблена вывучае свае любімыя дысцыпліны — хімію і біялогію. У гэтым кірунку ў яго шмат поспехаў на гарадскіх і абласных алімпіядах. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе хлопец заваяваў 1-е месца на вобласці. А з бягучага навучальнага года ўключыўся яшчэ і ў грамадскую работу і ўвайшоў у склад гарадскога маладзёжнага парламента, а таксама Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. 

vaspasc1640.jpg 

Антон у парламенце мае спартыўны інтарэс (юнак любіць спорт, у прыватнасці, сур’ёзна займаецца більярдам), большасць яго прапаноў тычацца папулярызацыі спорту ў Баранавічах. Папярэднік А.Гутырчыка — лідар маладзёжнага парламента, а цяпер выпускнік ліцэя № 1 Аляксей Грамакоўскі — распачаў гэтую справу, рэалізаваўшы ўстаноўку велапаркоўкі каля ліцэя. У выніку яшчэ больш ліцэістаў змянілі грамадскі транспарт на веласіпеды, але Антон упэўнены, што гэта толькі пачатак: 

— Цяпер мы плануем арганізаваць велапаркоўкі і велапракаты па ўсіх Баранавічах і ў іншых гарадах пры дапамозе спецыяльных камп’ютарных сістэм. Пакуль мы вывучаем гэтае пытанне разам са старшынёй Рэспубліканскага каардынацыйнага савета і з членам маладзёжнага савета з Полацка.Спадзяёмся, што хутка, каб далучыцца да веласпорту, неабавязкова будзе мець свае веласіпеды. І галоўнае — мы зможам вывесці людзей на вуліцы. У цэнтры нашай увагі будуць сямейныя велапрагулкі, каб больш паспрыяць зносінам між бацькамі і дзецьмі. 

А пакуль гэта толькі ідэя. Некаторыя задумкі Антона ўжо ўвасабляюцца: 

— Сёння для нас самы значны праект, які таксама накіраваны на здаровы лад жыцця, — “Дваровая пляцоўка — тэрыторыя, вольная для моладзі”. Гэта праект па развіцці сеткі вулічнага аматарскага турніру, у які будуць уваходзіць спартакіяды — спачатку на базе школ, спартыўных пляцовак у цэнтры горада ці, наадварот, у спальных раёнах. Сёння існуе шмат спаборніцтваў для тых, хто сур’ёзна займаецца ў секцыях і спартыўных школах. У нашых жа спаборніцтвах змогуць прыняць удзел тыя, хто свае трэніроўкі ладзіць з сябрамі ці ў адзіночку на дваровых стадыёнах, пляцоўках. 

— Я думаю, любы вулічны спартыўны турнір будзе больш матываваць нашых равеснікаў як мінімум на ранішнюю прабежку ці на заняткі на турніках і брусах, чым прафесійныя спаборніцтвы, — расказвае А.Гутырчык. — Мы ахопліваем розныя кірункі і амаль усе гульнявыя віды, а вось рэдкія віды спорту — не, бо яны не прывабяць шмат людзей і будзе складана адразу сабраць каманду. Тым самым мы прасоўваем сваю ідэю “спорт — у масы”. Галоўная ўмова для ўдзельнікаў — аматарскія заняткі спортам. Навучэнцы ж спартыўных секцый могуць паспрабаваць сябе ў ролі трэнераў і суддзяў разам з прафесійнымі спартсменамі і выкладчыкамі спартыўных школ. Дарэчы, у апошнія дні снежня на базе нашага ліцэя мы ўжо паспяхова правялі першыя турніры. 

Нягледзячы на тое, што Антон у парламенце зусім нядаўна, у яго было ўжо шмат сустрэч — як з прадстаўнікамі мясцовай улады, так і з міністрам адукацыі і Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Па словах юнака, галоўнае, што адчувалася на ўсіх сустрэчах, — гэта зацікаўленасць дарослых у дыялогу. Напрыклад, дэпутат Нацыянальнага сходу Таццяна Раманаўна Якубовіч з задавальненнем падтрымала іх праект “Яркія фарбы дзяцінства” па стварэнні псіхалагічнага клімату ў дзіцячай бальніцы Баранавіч. 

— Сустрэча з прэзідэнтам, які запэўніў, што нам, парламентарыям, усе дарогі адкрыты, акрыліла і дадала ўпэўненасці, — дзеліцца юнак. — Сам жа маладзёжны парламент не мае вялікіх паўнамоцтваў, бо мы непаўналетнія. Але сутнасць якраз у тым, што з намі — дарослыя: мы можам спакойна ладзіць сустрэчы, нарады з прадстаўнікамі гарадской улады. Можам проста прыйсці да мэра ці яго намесніка і расказаць, што хочам рэалізаваць. Праўда, мы ўжо ведаем, як рыхтавацца да такіх сустрэч: абавязкова павінен быць план, праект з лаканічнай і зразумелай назвай, дакладнае ўсведамленне, што, як і дзе будзе арганізавана, хто за што будзе адказваць, як гэта будзе працаваць, колькі фінансавых сродкаў і на што канкрэтна спатрэбіцца. Толькі пры такіх умовах вам змогуць дапамагчы, і ваша ініцыятыва будзе гарантавана рэалізавана. 

Цяпер юныя парламентарыі пасля ўрокаў і па суботах спяшаюцца на сустрэчы з прадстаўнікамі гарадской улады і рыхтуюцца да наступнага візіту — на паперы ствараюць пляцоўку для экстрэмальных відаў спорту. 

— У нас ёсць скейт-пляцоўка, але яна толькі адна і даступна не ўсім, — расказвае мой суразмоўнік. — З аддаленых частак горада сюды дабірацца вельмі доўга, таму падобную пляцоўку мы хочам стварыць побач з нашым Лядовым палацам. 

Увогуле, ідэй шмат. Ёсць прапанова развіваць праект папярэдніх лідараў гарадскога маладзёжнага парламента “Школьныя СМІ”, які дазволіў яго ўдзельнікам, у прыватнасці, Максіму Цюцянькову, стаць пазаштатнымі карэспандэнтамі гарадскіх СМІ і працягваць навучанне на журфаку. 

— Летась мы ўжо паспрабавалі арганізаваць агульнагарадское школьнае тэлебачанне, а ў будучыні хочам яшчэ стварыць сетку рэдакцый школьных газет і маладзёжных радыёстанцый, якія потым, спадзяёмся, набудуць статус агульнагарадскіх, — дадае Антон. — Але пакуль мы гэта апрабуем на базе адной школы і паглядзім, наколькі гэта будзе запатрабавана сярод школьных журналістаў, а таксама слухачоў і чытачоў. 


vaspasc640.jpg 

ЖУРНАЛІСТЫКА СА ШКОЛЬНАЙ ПАРТЫ 

Захапленне журналістыкай прынесла перамогу на конкурсе “Лідар года” Даніілу Карабану, навучэнцу сярэдняй школы № 47 Мінска, намесніку старшыні Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. Менавіта яго Young press — інтэрнэт-праект для старшакласнікаў, якія збіраюцца ў будучыні стаць прафесійнымі журналістамі, — аказаўся лепшым. 

— Сёння падлеткі могуць паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы хіба толькі ў газеце “Пераходны ўзрост”, — расказвае Данііл.— А наш сайт павінен стаць яшчэ адной такой пляцоўкай, дзе можна будзе паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі. Маладыя людзі будуць рэгістравацца на сайце, атрымліваць заданні, ездзіць на мерапрыемствы, пісаць рэпартажы і інтэрв’ю, асвятляць самыя яркія маладзёжныя падзеі, праводзіць апытанні сярод школьнікаў і студэнтаў і размяшчаць іх на сайце. 

Гэты праект, толькі ў меншым маштабе, ужо апрабоўваецца ў Ленінскім раёне сталіцы (таксама ідэя Данііла). Інтэрнэт-канал “ЛенТБ” сфарміраваў сваю каманду (сур’ёзна ў праект уключыліся 6 чалавек): юнакі і дзяўчаты пачалі працу, і хутка іх матэрыялы пабачаць свет. 

— Мяне прыцягвае магчымасць дапамагаць равеснікам вырашаць іх праблемы, — дзеліцца парламентарый. — Мы, дзеці, лепш за дарослых ведаем, якія ў нас ёсць праблемы. Гэта добрая загартоўка — умець адстойваць сваё меркаванне, аргументаваць свае намеры. Працуем мы толькі з верасня, таму пакуль яшчэ назапашваем ідэі. Дарэчы, нам, мінчанам, складана знайсці тое, чаго ў нас няма. Нам трэба паляпшаць ўмовы ў рэгіёнах, бо часта мае калегі-парламентарыі агучваюць праблему ў прыватнасці з недахопам велапарковак, абсталяваннем веладарожак і велапераездаў. Падчас пасяджэнняў з удзелам парламентарыяў з іншых гарадоў краіны гучыць шмат ідэй, у аснове якіх — паляпшэнне сумеснага навучання і правядзення вольнага часу з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці, стварэнне турыстычных клубаў для школьнікаў, цэнтраў для адпачынку школьнікаў у маленькіх гарадах, школьных моўных клубаў, арганізацыя прафарыентацыйных заняткаў з магчымасцю часова паглыбляцца ў абраную прафесію. 

Але праектная дзейнасць — толькі частка нашай работы. Наша галоўная задача — каардынаваць работу парламентаў краіны, спрыяць абмену вопытам паміж удзельнікамі, вучыцца адно ў аднаго, павышаць прававую дасведчанасць старшакласнікаў: тлумачыць, што такое выбарчае права, праводзіць сустрэчы з дэпутатамі, экскурсіі ў пасольствы, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, мы арганізоўваем ток-шоу, куды запрашаем вядомых, паспяховых людзей. Для членаў савета праводзіцца мноства мерапрыемстваў. Так, нядаўна ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі для нас праходзіла сустрэча з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнікам упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Т.А.Сіманоўскай, дырэктарам НЦ МТДіМ Н.В.Васільчанка, а намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі М.Я.Мінава, спецыялісты Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА па нефармальнай адукацыі і іншыя праводзілі навучальныя трэнінгі. 

Як адзначыла Кацярына Анатольеўна Кузьменка, намеснік дырэктара НЦМТДіМ, вопыт работы парламентарыямі ў такім юным узросце абавязкова паспрыяе ініцыятыўнасці старшакласнікаў, зробіць іх сапраўднымі гаспадарамі сваіх гарадоў, навучыць бачыць, дзе і каму неабходна дапамога. А ўлады абавязкова ім у гэтым дапамогуць. 
nastgaz.by
Да спіса