Настройки
Настройки шрифта
PT Sans
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Чорным
по белым
Белым
па сінім
Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт
Галоўная - Навiны - Навiны рэгiёна

Навiны рэгiёна

6 ноября 2019

Маленства па-беларуску. Як вучаць роднай мове дзетак з ясляў-сада ў Міры

Першыя словы на роднай мове, як і першыя крокі дзіцяці, адгукаюцца ў сэрцах дарослых пяшчотай і замілаваннем. З гэтых пачуццяў і распачалося наша знаёмства з беларускамоўнай групай выхаванцаў ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”.

Установа даўно набыла статус месца, дзе ўдала спалучаюцца сучасны падыход у пытаннях адукацыі і адданасць традыцыям. Тут не на словах, а на справе дэманструюць, што кожны чалавек з маленства павінен ведаць матчыну мову, народныя песні і танцы ды як з веку ў век адзначаліся святы ў родным краі.

1.jpg

Прычым выхоўваюць у яслях-садзе не толькі рэальна, але і віртуальна. На сайце ўстановы зроблены тэматычныя старонкі “Беларускамоўная група” і “Гавары са мной па-беларуску”, дзе размешчаны вершы, народныя казкі, гульні-карагоды “Полька-Янка” і “Арэлі”, забаўкі “Вожык і мышы”, “Запляціся, пляцень!” і “Рэдзькi”, парады мамам і татам для хатніх заняткаў з дзецьмі, забаўляльна-пазнавальныя матэрыялы па тэмах “Жывёлы”, “Зіма”, “Адзенне. Абутак. Галаўныя ўборы”, “Наша цела. Прадметы гігіены” і багата іншага.

3.jpg

-  Як вядома, бацькі ў нашай краіне маюць магчымасць абраць для сваіх дзяцей адну з дзвюх дзяржаўных моў для навучання. І радасна, што на працягу апошніх шасці гадоў мы маем беларускамоўную групу, – дзеліцца ўдалым вопытам загадчык установы Наталля Купрыенка.  Вось і летась 16 дзяцей, пачынаючы з першага малодшага ўзросту, распачалі займальнае падарожжа ў краіну роднага слова. Зараз ім ужо па 4 і 5 годзікаў, яны перайшлі ў сярэднюю групу інтэграванага навучання і выхавання, дзе таксама засвойваюць адукацыйную праграму на матчынай мове. Яна ж застанецца асноўнай для іх і на наступны год, калі яны будуць у старэйшай групе.

4.jpg

Кіраўнік ясляў-сада ўзгадвае, што, калі толькі ўсё пачыналася, было няпроста. Трэба было ў сціслы час арганізаваць адпаведны адукацыйны асяродак, зрабіць інфармацыйныя стэнды па-беларуску. Ды і калектыву давялося прайсці шэраг семінараў і кансультацый па дадзенай тэме. Шмат што рабілася ўласнаруч, тыя ж гульні ці лялечныя тэатры. Цяпер, па меркаванні загадчыка ўстановы, са ўсім значна прасцей, бо апошнім часам у продажы з’явілася шмат матэрыялаў. Гэта найперш датычыцца гульняў, дапаможнікаў, метадычнай літаратуры.

5.jpg

Радасна, што за мінулыя гады ў яслях-садзе былі закладзены добрыя традыцыі. Гэта беларускамоўная пятніца, шырокае святкаванне на працягу цэлага тыдня Дня роднай мовы, конкурс чытальнікаў, дзе разам з дзеткамі ўдзельнічаюць бацькі. На гэтым шляху ўстанове дапамагаюць верныя сябры, сярод якіх Мірская гарпасялковая бібліятэка. Асобная гісторыя – народны тэатр “Батлейка” УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”. Для дзетак – гэта сапраўдны беларускі цуд. Калі ж ім там яшчэ даюць пакіраваць лялькамі, то радасць малечы не ведае межаў. Цікава і тое, што некаторыя мерапрыемствы з прадстаўнікамі розных структур, напрыклад РАНС, таксама праходзяць па-беларуску. І самае галоўнае, існуе пераемнасць паміж яслямі-садам і сярэдняй школай г.п. Мір, дзе практычна кожны год набіраюцца беларускамоўныя класы.

6.jpg

І гэта далёка не ўсе адметнасці ўстановы. Экскурсію працягвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Петрыман. Разам з ёй мы накіроўваемся да музейнай экспазіцыі, якая здзіўляе багаццем экспанатаў і сімпатычнымі персанажамі-лялькамі. Якраз у гэтым пранізаным духам беларускасці куточку дзеці знаёмяцца з фальклорам. А яшчэ перад намі выдатная інтэрактыўная пляцоўка для праекта “Кола святаў”, дзякуючы якому хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу года знаёмяцца з асаблівымі датамі са спадчыны нашых продкаў.

8.jpg

Якраз тут і адбываецца сустрэча з беларускамоўнай групай і выхавальнікам з дваццацігадовым стажам Марынай Пятровіч. Раней яна працавала ў дзіцячым садзе ў Аюцавічах, дзе, да слова, увесь адукацыйны працэс ішоў выключна на роднай мове. У Міры ж любімай справай педагог займаецца трэці год і з усмешкай канстатуе: “Дзецям падабаецца выкарыстоўваць у сваім маўленні роднае слова. Так, спачатку ім складана, шмат незразумелага, але даволі хутка яны звыкаюць і хай з памылкамі, але з гонарам размаўляюць па-беларуску. “Вітаю”, “дзякуй”, “калі ласка” – ужо праз месяц без гэтых слоў нельга ўявіць гаворку нашых хлопчыкаў і дзяўчынак. Адзін тата нават распавёў, што ён сказаў сыну “здравствуйте”, а той у адказ: “Трэба казаць “добры дзень”. І гэта не дзіва, бо вучым мы дзетак на яскравых прыкладах і ў гульнёвай форме. Дарэчы, на заняткі да нас часта прыходзяць лялькі Ясь з Аленкай. Ды і вузкія спецыялісты, а гэта музычны кіраўнік, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, кіраўнік фізічнага выхавання, працуюць у нашай групе выключна на беларускай мове. На ёй жа праходзяць бацькоўскія сходы”.

7.jpg

Такі цэласны падыход дае добры плён і вялікую надзею, што роднае слова будзе паўнавартасна жыць не толькі ў кнігах і на святах, але і ў нашых з вамі буднях. Каб яго чулі паўсюль, як маленькіх беларусаў з ясляў-сада г.п. Мір, што на развітанне гучна кажуць: “Да пабачэння!”