Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

Партрэт гродзенскага паэта, ці Калі душу напаўняе паэзія

22.03.2018
Навiны рэгiёна
Сакавік па праву можна лічыць месяцам мастацтва, росквіту таленту і творчасці. Справа ў тым, што трэцяга на календары значыцца як Сусветны дзень пісьменніка, а дваццаць першага — паэзіі. З гэтай нагоды сваімі меркаваннямі аб песнярах Прынёмання, іх творчых памкненнях і паэзіі ўвогуле падзялілася з “Гродзенскай праўдай” паэтэса, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. 

— Паэты — гэта людзі з асаблівай арганізацыяй душы і нестандартным мысленнем. Людміла Антонаўна, як Вы лічыце, ці можна разгадаць загадкавасць іх душы, спасцігнуць іх светапогляд? 

— Ведаеце, гэтую загадку ніхто да сённяшняга часу не распазнаў. Дый, хутчэй за ўсё, не распазнае. Канешне ж, здагадкі на гэты конт могуць быць. Думаю, паэзія — дар Бога. Але толькі спачатку. Затым вельмі важна, каб яго ў дзіцяці заўважылі бацькі, настаўнікі і абавязкова падтрымалі, дапамаглі развіць. А першыя рыфмаванкі ў многіх узнікаюць у маладосці, калі дорыць свае крылы каханне. Першае пачуццё і рамантыка натхняюць на радкі. Пасля ў адных гэта праходзіць назаўсёды, а ў некаторых вяртаецца праз гады. Тады яны не проста вяртаюцца да вершаў, а шмат чытаюць, імкнуцца ўдасканаліць сваю творчасць. І з цягам часу іх душа прагне гаварыць мовай незвычайнай. Бо што такое паэзія? Яна мае асаблівы рыфмаваны строй, у які ўкладзены вялікі сэнс. Але да яго трэба дакапацца. І ў тым ёсць яе загадкавасць, таму яна хвалюе і прыцягвае ўвагу чалавека. Нездарма ж лічаць паэзію элітным жанрам. 

Цікавасць выклікае і тое, што паэты могуць раскрыцца ў многіх накірунках — пішуць прозу, пародыі, дзіцячыя творы, журналісцкія артыкулы… Скажу шчыра, ёсць на Гродзеншчыне празаікі, якія прыйшлі з паэзіі. А могуць напісаць і на заказ. Напрыклад (усміхнулася), як Міхаіл Ламаносаў ствараць оду Кацярыне Другой. 

— Да вашай пісьменніцкай арганізацыі прымкнулі сорак два чалавекі, якія прадстаўляюць усе жанры. Аднак большасць з іх — паэты. Ці можна намаляваць агульны партрэт гродзенскага творцы? 

— Безумоўна. Тым больш, што я добра ведаю сваіх сяброў па пяру, памятаю іх дні нараджэння, нават знаёма з іх сем’ямі. Думаю, наш гродзенскі паэт сярэдняга, больш да старэйшага, узросту чалавек, які вельмі ўлюбёны ў родны край і ў сваёй творчасці на першае месца ставіць рэгіянальнасць. У большасці піша пра Радзіму і каханне, але не адкідае і іншыя тэмы. Ёсць і філасофскія, навуковыя, глыбокія падыходы да паэзіі. Многія закаханы ў прыгажосць беларускай прыроды і ствараюць пейзажную лірыку. Увогуле наш паэт лічыць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Значыць, не замагаецца на высокія сталічныя парнасы, а стварае літаратуру сваю, гродзенскую, рэгіянальную, адметную, якая ўвойдзе потым у агульную беларускую літаратуру, а магчыма — ёсць у нас такія мары — і ў сусветную. 

ы.jpg 

Калі браць чалавечыя якасці (паэт, хоць і глядзіць вачыма ў неба, усё ж такі чалавек), ён вельмі чуллівы, ранімы, уражлівы і яго лёгка пакрыўдзіць. Разам з тым, лёгка ўзбудзіць на весялосць, падштурхнуць на дзеянне, сачыненне таго ж верша. І трэба ставіцца да яго вельмі паважліва і аберагаць. Таму мы ў нашай арганізацыі стараемся так і рабіць, падыходзім да кожнага індывідуальна. 

— Людміла Антонаўна, Вы ставіце перад сабою высокую планку — трапіць сучаснікам  у сусветную літаратуру. Чым, на Вашу думку, можа зацікавіць літаратура Прынёмання? 

— Шматмоўнасцю і шматканфесійнасцю — у нашым краі жывуць людзі многіх нацыянальнасцей у міры і згодзе. Зразумела, большая колькасць пісьменнікаў піша на дзяржаўных беларускай і рускай мовах. Разам з тым у гэтым годзе мы прынялі ў Саюз паэта Рыгора Гармаша, які піша вершы на ўкраінскай. З чацвёртага класа на польскай спрабуе свой талент Герман Панькоў. Сёння ён адзінаццацікласнік школы №36 Гродна з навучаннем на польскай мове. На літоўскай свае думкі ўкладаюць у вершаваныя радкі Алена Чэпукене, Іозас Дзяргінчус і Святлана Бялінская. На розных мерапрыемствах, вечарынах духоўнай музыкі і паэзіі ў нас нярэдка гучыць пяцімоўе. 

— Зразумела, паэты, як толькі прыходзіць муза, бяруцца за аловак, каб пісаць, тварыць. А як быць з мараю — патрымаць у руках сваю, толькі што народжаную, кніжачку? 

— Задача пісьменнікаў, канешне ж, пісаць, ствараць кнігі і іх папулярызаваць. Хацелася б бачыць творы нашых аўтараў часцей у друку. У апошні час мы менш выдаем кніг за свае грошы, як гэта было ў пачатку стварэння Саюза, 12 год назад. Хоць нас усіх у Беларусі каля 600 чалавек, дзяржаўныя выдавецтвы стараюцца кіраваць так, каб творы ўсіх пісьменнікаў убачылі свет. Што датычыць нашага аддзялення, мы не застаемся па-за ўвагай. Асабліва карыстаюцца попытам кнігі дзіцячых пісьменнікаў — Таццяны Сучковай, Віктара Кудлачова, Ганны Скаржынскай-Савіцкай, Алеся Якімовіча, Людмілы Шаўчэнкі і іншых. Яны выходзяць або кожны год, або праз год. За год-паўтара разыходзіцца 2 000 экзэмпляраў. У іх распаўсюджанні прымаем удзел і мы — на творчых сустрэчах чытачы з задавальненнем набываюць кнігі з аўтографам аўтара. 

kebich_4.jpg 

Шмат выпускаецца калектыўных зборнікаў. Напрыклад, у іх уваходзяць лепшыя творы па выніках розных конкурсаў. Плануецца выданне калектыўнага зборніку паэтаў з розных абласцей, Мінска “Беларусь — мая Айчына”. Мы накіравалі творы васьмі чалавек з Гродзеншчыны. У нас ёсць свой альманах, які выходзіць раз у два гады. Ён павінен выйсці з друку ў гэтым годзе і будзе прысвечаны тэме малой радзімы. 

Дзякуючы міжнародным праектам ведаюць нас і за мяжой: у Польшчы, Расіі, і, спадзяёмся, хутка з намі пазнаёмяцца літоўскія чытачы. Хачу адзначыць, што праца ў праектах цікавая, звязана з перакладам твораў на мовы краін-партнёраў. 

— Людміла Антонаўна, жыццё ў Гродзенскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі кіпіць? 

— Яшчэ як! Нашы творцы актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Удалы старт узялі маладыя паэты. З міжнароднага конкурсу рускай паэзіі ў Брэсце тры разы запар вярталіся з узнагародамі, у тым ліку ўзялі два Гран-пры. Лічу, ёсць такія, хто не пакіне пісьменніцкую справу. Жыве і дыхае паэзіяй Вікторыя Смолка. Яна, як і празаік, маладая настаўніца Таццяна Лашук, мае ўласную кнігу. Дарэчы, Таццяна рыхтуецца да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Арыгінальныя творы і ў Алены Шаламіцкай, Аліны Паўлоўскай і Андрэя Чапялюка. 

в.jpg 

Мы ладзім мноства мерапрыемстваў, на якія запрашаем паэтаў з усёй вобласці. Сёлета адкрываем тэатр паэзіі ў Гродне. На імпрэзу запрасілі Ірыну Войтку са Слоніма, Тамару Мазур са Скідзеля, Алу Клемянок са Смаргоні, Валянціна Семяняку з Зэльвы, Георгія Кісялёва з Ваўкавыска, Уладзіміра Руля з Начы. Чаму менавіта тэатр?  Па-першае, у аснове тэатральнай ідэі заўсёды ляжыць літаратурны твор. Па-другое, упэўнена, тэатр дапаможа  глыбей спасцігнуць паэтычны твор, зразумець яго сэнс. І ў гэтым таксама дапамогуць музыка, спевы, жывапіс, гульня акцёраў. І паэзія здолее прыдбаць больш прыхільнікаў. У планах — правядзенне форумаў ці вечарын з удзелам празаікаў і крытыкаў. 

Шмат працуем з моладдзю і дзецьмі. Таццяна Сучкова, Віктар Кудлачоў з Ірынай Фамянковай практычна штотыдзень маюць па пяць сустрэч з імі. Карыстаецца папулярнасцю праект “Словадром”, ініцыятарам якога выступіў мой намеснік Дзмітрый Радзівончык. На яго запрашаем не толькі членаў Саюза, але і аматараў паэзіі. З творамі апошніх можна пазнаёміцца на сайце аддзялення ў рубрыках “Творчасць нашых гасцей”, “Зялёны радок”. Актыўныя пісьменнікі Ніна Рыбік, Ала Клемянок, Анатоль Апанасевіч і Пётр Сямінскі там размясцілі ўласныя блогі.  

kebich_3.jpg 

Хачу заўважыць, наша аддзяленне адкрыта для ўсіх таленавітых людзей. Многім, хто шукаў сябе, свой стыль, дапамаглі ў гэтым, скіравалі. Калі ў вашай душы гарыць агеньчык творчасці, не сумнявайцеся: мы будзем вам рады!
Да спіса