Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

Пра таямніцы майстроў і тры старажытныя кросны з Пагародна

05.02.2019
Навiны рэгiёна
Напрыканцы мінулага года комплекс традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых посцілак і дываноў, што да сённяшняга часу захаваўся ў аграгарадку Пагародна,  папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Пагародна  — гэта, бадай, адзіная на Воранаўшчыне мясціна, дзе ўменне ткаць перадаецца наступным пакаленням. У невялічкім пакоі-музеі “Тут радзімы маёй пачатак” мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці “прапісаліся” тры ткацкія станкі.
Трапілі яны сюды дзякуючы народнаму майстру Беларусі Станіславе Міхно. Прыкладна дзесяць год таму жанчына завітала ў Дом культуры. Паназірала за яго супрацоўнікамі, якія вырашалі, як аздабляць пакой-музей. І сціпла прапанавала: 
– Трэба ткацкі станок. Думаю, што яго знайду. 
Михно.JPG
І стрымала сваё слова аж тройчы. Спачатку прыбылі два з навакольных вёсак, а нядаўна – яшчэ адзін. У руплівай і гаспадарлівай жанчыны душа забалела: “Няма чаго кроснам стаяць без справы!” Яе падтрымалі работнікі Цэнтра. 
І ўжо хутка Станіслава Вікенцьеўна ткала не толькі сама, але і вучняў прыдбала. Першай вучаніцай стала хармайстар Анжэла Ладыш .Пачакаўшы, вырашылі адкрыць студыю “Школа ткацтва”. Падцягнуліся туды дарослыя і дзеці. 
Дык у чым жа адметнасць старажытнага рамяства, якім валодаюць пагародзенцы.
— Бачыце, двое кросен запраўленыя, — прадэманстравала ўмеліца. — Адны ў тэхніцы двухбаковага перабору на двух нітах з дзвюма прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі, другія — чатырохнітовага двухутковага ткацтва. У апошняй  тэхницы часцей ткалі ходнікі. Яны ішлі без узору, проста каляровымі палосачкамі… 
Ладыш.JPG
Каб пераканаць у тым, што ткацтва патрабуе ўважлівасці і кемлівасці, Анжэла Ладыш ад слоў перайшла да працы. Ашчадна націскала патрэбныя панажайкі, з веданнем справы “прыбівала” нітку.
— Патрэбна практыка, — усміхнулася суразмоўца. —У пачатку майго навучання вельмі дапамаглі навыкі вязання і вышывання крыжыкам — хутка зразумела, як ткаць узоры. Былі і свае складанасці, напрыклад, заправіць кросны. Навіць аснову на навой, заправіўшы яе ў нічальніцы і берды, злучыць пасмы са стыкальнікам… Добра, што ёсць з кім параіцца. Станіслава Вікенцьеўна ніколі не адкажа ў дапамозе. Спадзяемся на яе і ў запраўцы трэціх кросен. На іх плануем пад кіраўніцтвам нашага народнага майстра ткаць дываны ў тэхніцы пяцінітовага двухутковага ткацтва з прыціскной ніткай.
Менавіта тры вышэйузгаданыя Анжэлай Ладыш тэхнікі, а яшчэ двухслойнае ткацтва і двухбаковы перабор на дзвюх нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі і з’яўляюцца брэндам пагародзенскага старажытнага рамяства. 
узор1.jpg
— Нашыя тэхнікі не ўласцівыя для другіх мясцовасцей Беларусі, — патлумачыла субяседніца, у чым і ўнікальнасць пагародзенскага ткацтва. — Уявім, што нашым продкам з розных куткоў краіны спадабаўся аднолькавы ўзор, напрыклад, кветкі. Яны яго дакладна скапіравалі, аднак на Палессі выткалі ў сваёй тэхніцы, а на пагародзенскай зямлі прымянілі сваю, адметную. Таму ёй і нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта і гонар, і вялікая адказнасць. Мы, лічы, усклалі на сябе абавязак захоўваць гэты від рамяства, перадаваць яго іншым пакаленням, каб яно ніколі не было згублена. Што мы робім і будзем працягваць рабіць, запрашаючы на майстар-класы як мясцовых аматараў рамяства, так і талентаў з іншых рэгіёнаў краіны. Планаў шмат. У тым ліку выпусціць сувенірную прадукцыю, напрыклад, сурвэткі, сумкі з элементамі тканых узораў. А яшчэ, акрамя дываноў, збіраемся ткаць традыцыйныя ручнікі, якія могуць спатрэбіцца землякам падчас вяселля і іншых знакавых падзей у жыцці. Будзем з пагародзенцамі разам аднаўляць традыцыі нашых продкаў.
узор.jpg ДАВЕДКАДзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — спіс аб’ектаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавых комплексаў, музейных калекцый і кніг, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Гэты статус надаецца аб’ектам з улікам іх мастацкай каштоўнасці і адлюстравання найбольш значных падзей, з’яў, гістарычных фактаў. Па дадзеных 2014 года, у спісе значыліся 5 527 аб’ектаў. У выпадку страты адметных духоўных, мастацкіх і дакументальных асаблівасцей, знішчэння, а таксама ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый і пры немагчымасці аднаўлення аб’ект можа быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Да спіса