Настройки
Настройки шрифта
PT Sans
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Чорным
по белым
Белым
па сінім
Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт
Галоўная - Навiны - Навiны рэгiёна

Навiны рэгiёна

6 июня 2019

У Дзятлаве святкавалі 100-годдзе з дня нараджэння ветэрана вайны Валянціна Біцько

“Мы ведаем сваіх герояў і трымаем на іх раўненне” – такія актуальныя сёлета – у юбілейную гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – словы прагучалі ў час святочнага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Валянціна Біцько, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра Ленінскага партызанскага атрада, які ў гады вайны змагаўся з ворагамі на Дзятлаўшчыне.

IMG_7241.jpgIMG_7266.jpg

Ушанаваць памяць ветэрана, які вызваляў наш раён, а пасля вайны жыў тут, у вёсцы Гірычы, і шмат працаваў, прыехалі яго сын, унукі, праўнукі, а таксама хор ветэранаў вайны і працы Гродзенскага цэнтра культуры.

IMG_7249.jpg

Пэўна, большасць дзятлаўчан чулі пра вуліцу Біцько ў Дзятлаве і ведаюць, што была яна названа менавіта ў гонар Валянціна Біцько. Вось найперш туды па прыездзе ў наш горад і адправіліся госці, каб сфатаграфавацца на памяць каля мемарыяльнай дошкі на адным з дамоў. Яшчэ адна з вуліц носіць імя славутага камандзіра ў аграгарадку Вензавец, а таксама піянерская дружына Вензавецкай сярэдняй школы.

IMG_7238.jpg

Пабывалі госці і на магіле ветэрана ў вёсцы Гірычы, усклалі кветкі, вянкі. Дзеці з піянерскай дружыны імя Валянціна Біцько падрыхтавалі невялікае выступленне, у якім выказалі падзяку герою вайны за Перамогу.

IMG_7292.jpgIMG_7295.jpgIMG_7296.jpgIMG_7301.jpgIMG_7345.jpg

Святочны канцэрт прайшоў у Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Вядучыя адзначылі, што мы, сённяшняе пакаленне, павінны раўняцца на такіх герояў, як Валянцін Біцько, і заўжды шанаваць памяць пра тых, хто падарыў нам мір на Зямлі і Вялікую Перамогу.

Да мерапрыемства ў фондах Дзятлаўскага музея яго работнікі знайшлі невялікі фільм пра адну з сустрэч ветэранаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, які змаглі ўбачыць усе прысутныя. Дарэчы, у фае Цэнтра культуры работнікі музея ладзілі выставу, прысвечаную нашаму знакамітаму земляку, тут жа была і фотазона.

IMG_7219.jpg

Сваімі ўспамінамі пра бацьку падзяліўся сын Валянціна Біцько – Яўген Валянцінавіч, падзякаваў усім, хто прыйшоў ушанаваць памяць яго бацькі.

Бурнымі апладысментамі і сустракалі, і праводзілі гледачы артыстаў святочнага канцэрта. Гэта народны хор ветэранаў вайны і працы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры і яго кіраўнік Міхаіл Аўхіменя, а таксама хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” Дзятлаўскага цэнтра культуры і яго кіраўнік Таццяна Шостка. Калі песні, лірычныя і вясёлыя, патрыятычныя і жартоўныя, якія выконвалі артысты, льюцца з душы, здаецца, няма адлегласці паміж далёкімі гарадамі. Адну з песень, нават не дамаўляючыся, выканалі ўсе разам, калі гродзенскія артысты з залы дружна падпявалі нашым “Ветэранам у страі”. Атрымаўся па-сапраўднаму цёплы, сяброўскі канцэрт.

IMG_7432.jpg

Шчырыя словы ў адрас Яўгена Валянцінавіча за яго вялікую патрыятычную работу, за тое, што з’яўляецца дастойным сынам свайго бацькі і захоўвае пра яго памяць, выказаў член саюза пісьменнікаў Беларусі Браніслаў Ермашкевіч. У гонар сённяшняй сустрэчы прачытаў свой верш, прысвечаны ветэранам вайны.

Дзмітрый Аўсейчык, сакратар партарганізацыі, падпалкоўнік запасу, удзельнік хору ветэранаў адзначыў, што такое мерапрыемства для нас, беларусаў, важнае, бо ні адна краіна так не пацярпела ў вайне, як Беларусь. І памяць пра загінулых мы, нашчадкі, проста абавязаны захоўваць, бо яны аддалі жыццё за тое, каб нам жылося добра. Пакуль мы помнім, яны жывуць. Ён выказаў дзятлаўчанам падзяку за іх дабрыню і гасціннасць.

IMG_7425.jpg

Шмат памятае пра свайго знакамітага дзядулю і яго ўнучка Наталля, расказвае, як у іх сям’і захоўваецца памяць пра дзядулю, прадзядулю і ўжо нават прапрадзядулю:

– У нас ёсць кнігі, якія напісаны пра дзядулю, газеты з публікацыямі пра яго. Маленькай я жыла ў Дзятлаве, часта бывала ў вёсцы ў дзядулі. Ён прыходзіў з працы з некалькімі цукеркамі для мяне, часта расказваў пра свае партызанскія паходы. Любілі разам з ім пячы аладкі. На 9 мая ездзіў у Гродна на парад, і я пастаянна з ім хадзіла. Мой дзядуля быў вельмі добразычлівы.

IMG_7362.jpg

Калі ён ляжаў у абласной бальніцы і ў яго знайшлі асколак снарада, вельмі моцна перажываў. Праз тры гады яго не стала, і для мяне гэта была вялікая трагедыя. Памятаю, як яго хавалі, шмат прыйшло людзей, і было відаць, што ўсе сапраўды паважаюць яго і шчыра перажываюць, што памёр такі добры чалавек, які заўжды ўсім дапамагаў.

IMG_7427.jpg

У нашай сям’і ўсе пакаленні памятаюць пра дзядулю і любяць яго, мы два разы ў год прыязджаем на яго магілу. Нам вельмі прыемна, што на Дзятлаўшчыне яго таксама паважаюць і памятаюць.

А на юбілейную дату мы ўсёй сям’ёй збяромся за святочным сталом, каб яшчэ раз успомніць дзядулю. І хоць яго, на жаль, няма побач з намі, але ён заўжды ёсць і будзе ў нашых сэрцах.

IMG_7563.jpg

Успамінамі пра Валянціна Біцько падзяліўся яго сын – Яўген Валянцінавіч:

– Мой бацька быў вельмі граматным чалавекам, заўжды дапамагаў мне рабіць урокі, асабліва фізіку, матэматыку. Шмат давялося перажыць яму ў вайну, адбітак застаўся на ўсё жыццё: гэта і фізічныя раны, і душэўныя. Бацька мой хацеў быць ваенным, але не атрымалася: з-за баявых раненняў не прайшоў камісію, таму і застаўся на Дзятлаўшчыне.

Увесь сябе аддаваў рабоце, памятаю, як будаваў ільнозавод, Гезгалаўскую ГЭС. Шмат быў у раз’ездах.

Ён быў сумленным чалавекам, аднойчы сказаў мне: “Сынок, паглядзіш, калі людзі разбагацеюць, яны будуць горш жыць, пачнуць судзіцца, сварыцца адзін з адным”. Так яно і ёсць.

Да гэтага мерапрыемства я рыхтаваўся два гады, і для мяне яно вельмі важнае. Хор, дзе я спяваю, падтрымаў мяне, дапамаглі і ў Дзятлаве. Я гэта раблю не для сябе, а для сваіх дзяцей, унукаў.

Я думаю, што памяць пра майго бацьку будзе жыць заўжды, бо яго імем названы вуліцы. А гэта вялікая ўзнагарода.

diatlovonews.by