Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

У Мастах адбылося свята! «Дзень ракі Нёман»

09.07.2018
Навiны рэгiёна
Яшчэ ніколі так шматлюдна не было ва ўрочышчы Міхайлоўка на правым беразе  Нёмана, як у мінулую нядзелю. Здаецца, увесь горад прыйшоў сюды на свята. 

Нёман – вялікая рака нашай малой радзімы. Па тэрыторыі Мастоўшчыны яна працякае амаль сто кіламетраў. Рака-працаўніца, рака-памочніца, рака-прыгажуня. Мястэчка Масты было заснавана ў XVI стагоддзі як прыстань на гэтай рацэ. У XX стагоддзі на яе беразе было заснавана дрэваапрацоўчае прадпрыемства, паклаўшае пачатак гораду, таму што па Нёману было зручна сплаўляць шмат драўніны. У гады вайны балоцістая пойма ракі і густыя лясы па яе берагах абаранялі партызан ад ворага. Ва ўсе часы ў Нёмане лавілі рыбу, у маляўнічых месцах на яе берагах адпачывалі. Яна стала галоўным героем свята. 

Якое ж свята Нёмана без рыбнай поліўкі! Па Міхайлоўцы ўжо з самага пачатку разносіўся прыемны пах  ад кастроў, дзе ўжо варылася гэтая смачная страва. Лепшыя шэф-повары прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна спаборнічалі ў кулінарным паядынку “Эх, ушица, хороша!”. З выдумкай і гумарам мастаўчане і госці абсталявалі імправізаваныя падвор’і і далі ім назвы. Жадаючыя маглі зайсці, паспрабаваць смачнай рыбнай поліўкі. 

1531121373.jpg 

Працаваў выязны гандаль, дзейнічала выстаўка-продаж сувеніраў народных промыслаў, дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі арганізавалі Мастоўская раённая бібліятэка і Мастоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А колькі розных атракцыёнаў прыехала ў гэты дзень у Масты! І дзеці скарысталіся магчымасцю паспрабаваць у іх свае сілы. Удзельнічалі  таксама і дарослыя. 

Вельмі масавым быў велапрабег, які прайшоў у гонар нашага бацькі-Нёмана. У ім таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Веласіпед у мастаўчан набывае усё большую папулярнасць. Прыемна ўразіў той факт, як шмат жыхароў раёна навучыліся на ім добра ездзіць, выкарыстоўваць яго для паездак на працу, для адпычынку, спаборніцтваў. 

IMG_1904.JPG 

У госці да мастаўчан на свята прыехалі калектывы аматарскай творчасці са Шчучынскага і Слонімскага раёнаў. Разам з мастоўскімі артыстамі яны ўдзельнічалі ў шматгадзінным канцэрце на галоўнай сцэне. Колькі доўжылася свята, столькі і гучалі музыка і песні, ствараючы для прысутных добры настрой. 

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства выклікаў заплыў “На чым папала”. Якіх толькі самаробных плавальных сродкаў не павыраблялі энтузіясты з прадпрыемстваў і устаноў горада! Па Нёмане рухаліся плыты, бочкі, веласіпеды, напампаваныя паветрам калёсы і многа чаго іншага.  У заплыве “На чым папала” удзельнічалі прадстаўнікі райбальніцы, сельгастэхнікі, раёна электрасетак, раённай арганізацыі БРСМ, аддзела па надзвычайных сітуацыях, камунальнікі, ратавальнікі, а таксама госця з Ліды на сваім экзатычным плавальным сродку. 

1531123162.jpgIMG_2063.JPG 

Спадабаліся ўсім і спаборніцтвы выхаванцаў Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных  відахспорту. Прысутныя змаглі пабываць у імправізаваным музеі пад адкрытым небам "Гісторыя і развіццё вяслярных відаў спорту на Мастоўшчыне”, пазнаёміцца з лодкамі, на якіх спаборнічалі прадстаўнікі цэнтра, і з галоўнымі ўзнагародамі. Трэнер-педагог А.Прасняк расказала прысутным аб дасягненнях выхаванцаў цэнтра. 

Усім вядома, што самы смачны квас вырабляюць у горадзе Масты. У гасцей свята была ўнікальная магчымасць выйграць пэўную колькасць гэтага напітку і пачаставаць ім сваю сям’ю ці сяброў. У эстафеце-забегу “Квасны БУМ” мог прыняць удзел кожны жадаючы - пераадолець першым паласу перашкод і атрымаць прыз. І многія скарысталіся такой магчымасцю. 

У гэты час на беразе Нёмана праводзілі іншыя цікавыя забавы. Дзеці з вялікім задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсе “Вясёлыя карамыслы”, арганізаваным райкамам БРСМ. А яшчэ з большым задавальненнем прымалі салодкія падарункі за перамогу. 

А на пляжы ў гэты час мастаўчане з дзецьмі будавалі скульптуры з пяску. Тварылі з фантазіяй, выдумкай. Многа экзатычных жывёл і розных фігур можна было ўбачыць тут.
Да спіса