Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Рэгіён / Выдатныя мясцiны Гродзеншчыны / Свіслацкі раён

Свіслацкі раён

Раённы цэнтр, гарадскі пасёлак Свіслач упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256г. у сувязі з паходам на яцвягаў Ізяслава Свіслацкага. Можна меркаваць, што ў той час існавала Свіслацкае ўдзельнае княства. У 1523г. Свіслач атрымала статус мястэчка і была ў валоданні вялікага князя літоўскага. З 1564 па 1572г. яно належыла Яну Хадкевічу. У 1572г. ён абмяняў Свіслач на Ляхавічы, але ў 1581г. мястэчка зноў вярнулася да яго. У 1666г. уладальнікам Свіслачы стаў Іеранім Крышпін-Кіршэнштэйн (з роду нямецкіх рыцараў). Свайго росквіту Свіслач дасягнула ў часы графа Вінцэнта Тышкевіча (з 1778г.). Ён ажыццявіў рэканструкцыю Свіслачы (дабудаваў бакавыя флігелі да палаца ХVІІ ст., заклаў парк з каналамі, заснаваў звярынец і тэатр), атрымаў дазвол ад караля на правядзенне ў мястэчку пастаянных кірмашоў. На іх прыязджалі не толькі жыхары, наваколля, але і гандляры з Каралеўства Польскага, Украіны, Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Даніі, Турцыі і іншых краін. Пры графе В. Тышкевічы Свіслач мела на працягу 40 гадоў еўрапейскую славу.

Праславілі мястэчка і выпускнікі Свіслацкай гімназіі (яна адкрылася ў 1804), была адзінай свецкай навучальнай установай таго часу. Гэта паўстанец 1830—1831 гг. Л. Зянковіч, паэт Р. Сухадольскі; вядомы публіцыст В. Гельтман; кіраўнікі паўстання 1863—1864 гг. К. Каліноўскі, Р. Траўгут; пісьменнік Ю. Крашэўскі, прафесар батанікі і фармакалогіі С. Горскі, заснавальнік манголазнаўства ў Расіі В. Кавалеўскі, мастак і кампазітар Н. Орда, педагог-асветнік І. Кулакоўскі, аўтар першага беларускага гімна М. Касцевіч (М. Краўцоў), першы беларускі археолаг А. Каваленя.

У Свіслачы захаваліся корпус гімназіі (1821—1829), помнік Р. Траўгуту і бюст К. Каліноўскаму (больш ім помнікаў у Беларусі нідзе няма), мемарыял загінуўшым у Айчынную вайну свіслачанам. На мясцовых могілках пахаваны прафесар Санкт-Пецярбургскага універсітэта Э.Р. Урэдзен, дактары медыцыны М. Багатко і У. Бітнер, гісторык, археограф, бібліяфіл В.С. Каліноўскі.

Сядзібна-паркавыя комплексы на тэрыторыі раёна захаваліся часткова. У Вердамічах сядзібны дом сярэдзіны ХІХ ст. згарэў у 1915г., але зберагліся два флігелі, будынкі бровара, свірана, кузні, рэшткі парку з воднай сістэмай. У Поразаве стаіць сядзібны дом (ХІХ ст.) Бутаўт-Анджэйковічаў, ад гаспадарчых пабудоў засталося часткова гумно, ад ліпавай алеі захавалася каля 23 дрэў. Фрагменты яшчэ аднаго сядзібнага дома і парку ёсць у Гарнастаевічах (ХІХ ст.). Ад сядзібы Высоцкіх у Валіскаўшчыне засталіся падвалы сядзібнага дома, два гаспадарчыя будынкі з палявога каменю (на адным з валуноў выбіта дата будаўніцтва – 1898г.). Якушоўка знакаміта тым, што тут у 1849—1855 гг. жыў К. Каліноўскі. Ад сядзібы нічога не засталося, на яе месцы стаіць памятны валун.

Захавалася некалькі выдатных помнікаў культавага будаўніцтва: касцёл святога Міхаіла Архангела ў г.п. Поразава (1825—1828), цэрквы ў вёсках Грынявічы (1792) і Дабраволя (1861).

На Свіслаччыне знаходзіцца невялікая колькасць археалагічных помнікаў – старажытных гарадзішчаў, селішчаў, стаянак, могільнікаў. З эпохі неаліту і бронзы знойдзены шліфаваныя сякеры з крэменю ля вёсак Вялікія Баброўнікі, Скоблі, гарадскога пасёлка Поразава. Гарадзішчы з эпохі каменнага веку выяўлены каля вёсак Хрустава, Вялікая Лапеніца, Гарбачы, Гарадыск. Селішчы гэтай эпохі знойдзены ля в. Качкі і хутара Юзэфполь. Некропалі ёсць каля населеных пунктаў Сакольнікі, Вілейшы.

Гонарам Свіслацкага краю з’яўляюцца такія ўраджэнцы, як вучоны, царкоўны дзеяч, пісьменнік, аўтар першай «Беларускай граматыкі» С. Богуш-Сестранцэвіч (в. Занкі); грамадскі і культурны дзеяч, святар В. Гадлёўскі (в. Шурычы); заснавальнік тэатра 1-ай арміі Войска Польскага Я. Валынчык (г.п. Свіслач); заснавальніца польскага яўрэйскага тэатра ў Варшаве Э. Камінская (г.п. Поразава); алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра на XVII Алімпійскіх гульнях у Сіднеі (Аўстралія) у 2000г. Я. Карольчык (в. Хрышчонавічы); доктар біялагічных навук, удзельнік сямі арктычных і антарктычных і дзвюх сумесных савецка-амерыканскіх навуковых экспедыцый М.Юрахна.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца палова беларускай часткі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», які занесены ў спіс помнікаў сусветнай і культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Уся пушча (з беларускага і польскага бакоў) уваходзіць у еўрарэгіён «Белавежская пушча». Акрамя таго ёсць два прыродныя помнікі, створаныя людзьмі, — Вердаміцкі (2-ая палова XIX ст.) і Свіслацкі паркі. У 1968г. на тэрыторыі Пружанскага і Свіслацкага раёнаў створаны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Дзікае». З 2004г. у Свіслачы праводзіцца адзіны ў краіне фальклорны фестываль экалагічнага напрамку «Беларускі лес».