Экспазіцыя азнаёміць наведвальнікаў з асаблівасцямі сакральнага мастацтва Усходу. "Выстава складаецца з пяці раздзелаў. У першым экспануецца мемуарная літаратура з апісаннем падарожжаў, другі прысвечаны паломніцтву на Святую Зямлю, трэці раздзел знаёміць з амулетамі і традыцыйным адзеннем народаў Сярэдняй Азіі, чацвёрты апісвае рэлігійную культуру Індыі, а пяты - культуру народаў Кітая і Японіі", - расказалі ў музеі.
Наведвальнікі новай выставы змогуць азнаёміцца і з сапраўднымі рарытэтамі, сярод якіх кітайскія і японскія статуэткі міфалагічных персанажаў з косці і фарфору, будыйскія абразы на тканіне, кніга "Паломніцтва ў Святую Зямлю" Мікалая Хрыстафора Радзівіла 1614 года, а яшчэ стагадовыя жаночыя амулеты з Сярэдняй Азіі.
Выстава "Падарожжа на Усход" разлічана на шырокае кола наведвальнікаў. Арганізатары дадалі, што 26 сакавіка і 2 красавіка ў 12.00 на выставе будуць праведзены куратарскія экскурсіі.