Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

У Купалаўскім універсітэце выкладчыкі і студэнты напісалі дыктант на беларускай мове

21.02.2025
Навiны рэгiёна
21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Наша родная мова – беларуская. Яна мае багатую гісторыю і літаратуру, якая адлюстроўвае наш дух і характар. З нагоды свята ў Купалаўскiм універсітэце выкладчыкі і студэнты на ўсіх факультэтах пісалі беларускую дыктоўку. Штогод колькасць яе ўдзельнікаў павялічваецца. Сёлета яна аб’яднала звыш тысячы чалавек. 

Дыктоўка без адзнакi

Кожны год тэкст дыктоўкі розны, тэматычны. Звычайна гэта ўрывак з мастацкага твора беларускіх пісьменнікаў. На гэты раз – вершаваны твор Міколы Чарняўскага "За ўсё удзячны ім".

Удзельнікі мелі магчымасць не толькі праверыць сваё веданне граматыкі, але і атрымаць асалоду ад праслухоўвання тэксту, які выразна чытаецца ў выкананні выкладчыка. Традыцыйна пасля мерапрыемства ўдзельнікі самастойна правяраюць напісанае, атрымліваюць сімвалічны падарунак і бланк са сваім тэкстам на памяць. Гэты час ва ўніверсітэце супадаў з часам святкавання Дня нараджэння ўніверсітэта. 

Інтарэс да беларускай мовы не абмежаваны толькі беларусамі. Праверыць сябе на веданне мовы і напісаць купалаўскую дыктоўку жадаюць і замежныя ўдзельнікі, якія далучаюцца анлайн. Сярод іх – прадстаўнікі Пасольстваў Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Ізраіле, Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, Казахстане, Кыргызстане, Індыі, ва Узбекістане, у Таджыкістане, Стамбуле, Ганконгу. Таксама сярод удзельнікаў – студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. С. Осімі. 

Замежнікі вывучаюць мову

Штогод у жніўні ў Купалаўскім універсітэце ладзіцца Летняя школа беларускай мовы і культуры “Пад светлым іменем Купалы”. Яе ўдзельнікі – замежныя грамадзяне, з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Сёлета Летняя школа сабрала жадаючых вывучаць беларускую мову з Расіі, Польшчы, Казахстана. Традыцыйна ўдзел прынялі студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Дарэчы, на базе філалагічнага факультэта МГУ працуе Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры. 

У Летняй школе, якая ладзiцца ў Гродне, студэнты не толькi вывучаюць беларускую мову, літаратуру, фальклор i гісторыю. 

Слухачам прапануюцца цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гродна і вобласці, разнастайныя майстар-класы, інтэрактыўныя гульні. Кожны з удзельнікаў вязе на радзіму не толькі веды і разнастайныя сувеніры, але і часцінку беларускай душы, у якой пануе ціхая дабрыня, спагада і гасціннасць.

Звычайна слухачы пакідаюць свае водгукі. Напрыклад, Марыя Прышэльцава, студэнтка Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, напісала так: “Мінулым жніўнем я пакiдала Гродна з надзеяй прыехаць зноў. Перажываць расставанне мне дапамагалі творы Купалы і Коласа, беларускія песні і вершы, старонкі ў сацсетках, прысвечаныя вывучэнню беларускай мовы. Зноў жнiвень, і я зноў пакідаю Беларусь – на гэты раз са мной у Расію едуць беларускія казкі і творы Івана Мележа. І я спадзяюся вярнуцца”. 

Родная мова на сучасным этапе

Сёння ў нашай краіне дзяржаўнымі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае кожнаму грамадзяніну права карыстацца роднай мовай і выбіраць мову зносін. Па выніках апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2019 годзе, большасць жыхароў страны вызначылі беларускую мову як родную. 

Перыяды жыцця мовы, як і перыяды жыцця чалавека, розныя: бываюць узлёты і падзенні, росквіт і зацішша. Галоўнае тое, што яна жыве і развіваецца, пакуль жыве народ.

Я часта чую, як паміж сабой людзі размаўляюць па-беларуску ці на трасянцы, а калі заходзяць кудысьці, то звяртаюцца па-руску. Цікаўлюся: “А вы ж дарогаю размаўлялі паміж сабой на іншай мове?”. У адказ чую: “Дык гэта мы паміж сабой па-свойску размаўлялі, як звыкла”. І ты разумееш: усе ж натуральна размаўляць на сваёй роднай мове. 

ГЭТА ЦІКАВА

Наша родная мова з’яўляецца старажытна пісьменнай, гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за дзесяць стагоддзяў. Сфарміравалася мова беларускага народа ў XIV – XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Па-беларуску вялася перапіска з краінамі Усходняй Еўропы, падпісваліся мірныя і гандлёвыя дамовы, дзяржаўныя акты і іншыя важныя дакументы.

Падчас падарожжа ў гісторыю беларускай мовы немагчыма не згадаць імя Францыска Скарыны  – “бацькі ўсходнееўрапейскага кнігавыдання”. Менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню надрукаваў Біблію на старабеларускай мове. Такім чынам, беларуская мова стала першай з усходнеславянскіх моў, на якой пачалося кнігадрукаванне.

У познім XVII – пачатку XIX стст. у Рэчы Паспалітай беларуская мова развівалася пераважна ў вуснай форме. Народ складаў песні і казкі, паданні і легенды, прыказкі і прымаўкі, вершаваныя творы і жарты, якія перадаваліся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. З пачатку XIX стагоддзя на аснове народных гаворак фарміравалася новая літаратурная мова.
Да спіса