У Беларусі стала
звычайнай практыкай называць новыя вуліцы і завулкі ў гонар таленавітых
дзеячаў навукі, мастацтва, спорту, якія вызначаюцца сваімі прафесійнымі
поспехамі, герояў Вялікай Айчыннай вайны, ударнікаў працы, паведамілі
БЕЛТА ў Нацыянальным кадастравым агенцтве.
Аб увазе да пытання
захавання гістарычнай памяці з боку выканаўчых органаў улады сведчыць
павелічэнне колькасці пытанняў, што паступаюць на разгляд у
рэспубліканскую Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў для
ўдакладнення правільнасці прысваення найменняў. З нядаўняга -
Тапанімічная камісія ўзгадніла прысваенне найменняў вуліцам у гонар
лётчыкаў герояў Беларусі "маёра Нічыпорчыка" і "лейтэнанта Куканенкі" ў
Баранавічах.
У якасці яшчэ аднаго прыкладу па захаванні памяці аб
героях і выдатных асобах можна прывесці работу Мінскага гарадскога
выканаўчага камітэта. У 2021-2025 гадах у сталіцы з'явіліся вуліцы і
завулкі, названыя ў гонар мастакоў (Леаніда Шчамялёва, Івана Хруцкага,
Міхаіла Савіцкага, Віталя Цвіркі, Паўла Масленікава), пісьменнікаў
(Максіма Гарэцкага, Максіма Лужаніна, Івана Навуменкі, Сцяпана Злобіна,
Алеся Дудара), архітэктараў (Леаніда Левіна, Аляксандра Воінава, Іосіфа
Лангбарда), вучоных (Жарэса Алфёрава, Мікалая Барысевіча, Аркадзя
Смоліча), музычных дзеячаў (Ігара Лучанка, Генадзя Цітовіча, Уладзіміра
Алоўнікава) і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (Івана Баграмяна,
Віктара Лівенцава, Міхаіла Мармулёва, Васіля Цвяткова).
Практыка
прысваення найменняў у гонар дзеячаў навукі, мастацтва, спорту, герояў
краіны - сучасны трэнд. Так, у Гродне з'явіліся вуліцы і завулкі,
названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў, - Рыгора
Абялеўскага, Віктара Юртава, Сяргея Лісанава, Піліпа Старавойтава. У
Жабінцы цяпер ёсць вуліцы ў гонар трактарыста-машыніста Васіля
Андруховіча, сацыёлага і літаратуразнаўца Мікалая Міхайлоўскага і
завулак Флорыі Будзішэўскай, героя Вялікай Айчыннай вайны. У Івацэвічах
новыя вуліцы названы па імёнах паэта і празаіка Міколы Купрэева,
астранома Васіля Струвэ, партызана Івана Тарасевіча. Падобных прыкладаў
можна прывесці яшчэ шмат.
У гонар Якуба Коласа, дарэчы, названа 234 вуліцы ў населеных пунктах краіны, а ў гонар Янкі Купалы - 245.
"За
кожным з гэтых імёнаў стаіць вялікі ўклад у развіццё і працвітанне
нашай краіны, а фіксацыя гістарычнай памяці на тэрыторыі малой радзімы
або месца, дзе разгортваліся падзеі з удзелам вядомай асобы, падае
прыклады беражлівага стаўлення да памяці", - адзначылі ў кадастравым
агенцтве.
Уся інфармацыя аб элементах вулічна-дарожнай сеткі
адраснай сістэмы нашай краіны даступна на сайце публічнай кадастравай
карты Беларусі ў свабодным доступе.
Да спіса