Старшыня Палаты
прадстаўнікоў Ігар Сергяенка і дэпутаты парламента ад Гродзенскай
вобласці сустрэліся з кіраўніцтвам Гродзенскага аблвыканкама сёння ў
Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падводзячы вынікі сустрэчы ў
Гродзенскім аблвыканкаме, Ігар Сергяенка адзначыў: "Сёння прайшла
цікавая сустрэча. Тэма сустрэчы - роля дэпутата Палаты прадстаўнікоў у
сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным развіцці Гродзенскай
вобласці. Прымалі ўдзел кіраўніцтва вобласці, члены аблвыканкама і
дэпутаты Гродзенскай вобласці. У Палаце прадстаўнікоў у нас 13 чалавек
прадстаўляюць Гродзенскую вобласць. Гэта людзі з розных сфер
жыццядзейнасці: і педагогі, і кіраўнікі, і людзі, якія прыйшлі з
вытворчасці, і журналісты, і грамадскія арганізацыі прадстаўлены".
"Мы
абмеркавалі, як, над чым працуюць дэпутаты. Дарэчы, на працягу гэтага
тыдня ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у сваіх акругах, у тым
ліку гродзенскія: праводзяць прыёмы грамадзян, прымаюць удзел у
грамадска-палітычных мерапрыемствах. Пачынаючы са школьных лінеек, з
удзелу ў мерапрыемствах, звязаных з Днём ведаў, галоўная задача, якая
пастаўлена на гэты тыдзень для ўсіх, - маніторынг сітуацыі па пытаннях,
якія былі пастаўлены кіраўніком дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным
савеце, вывучэнне меркавання педагогаў, грамадскасці па магчымых
навацыях, змяненнях, дапаўненнях у існуючы Кодэкс аб адукацыі", - сказаў
старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Ігар
Сергяенка дадаў: "Размова сёння таксама ішла і аб тым, як арганізавана
ўзаемадзеянне дэпутатаў, якія былі выбраны ад канкрэтных раёнаў,
канкрэтных рэгіёнаў, з мясцовай выканаўчай уладай. Зразумела, што рабочы
дзень дэпутата, работа ў акрузе пачынаецца менавіта з планавання гэтай
работы ў раённым выканаўчым камітэце і потым на працягу тыдня ўжо
непасрэдна канкрэтна жывая работа з выбаршчыкамі, з насельніцтвам. Па
выніках гэтай работы ўсе дэпутаты рыхтуюць свой зрэз, сваё меркаванне па
тых ці іншых пытаннях развіцця. Гэта датычыцца тэмы жыллёва-камунальнай
гаспадаркі, тэмы транспартных зносін, тэмы магчымых ініцыятыў змяненняў
у заканадаўстве па тых ці іншых пытаннях. Дэпутаты прадстаўляюць свой
рэгіён. Яны працуюць тут, валодаюць пытаннямі".
Старшыня Палаты
прадстаўнікоў звярнуў увагу на той факт, што ў час сустрэчы размова
ішла і аб тым, што рабіць, каб дэпутат быў пазнаваемым. "Усе дэпутаты ў
Гродзенскай вобласці актыўна працуюць, усе яны актыўныя ў сваёй
жыццёвай пазіцыі, са сваім вопытам, багажом. Ішла размова аб тым, як
гэту работу зрабіць яшчэ больш цікавай. Каб людзі бачылі работу
дэпутата, таму што аўтарытэт дэпутата ствараецца ў тым ліку шляхам
канкрэтных добрых спраў у акрузе і шляхам асвятлення ў СМІ", - адзначыў
Ігар Сергяенка.
Ігар
Сергяенка таксама падкрэсліў, што цяпер ідзе падрыхтоўка да адкрыцця
другой сесіі, якая адбудзецца 17 верасня. "Вядзецца работа над 16
законапраектамі. Гэта і пытанні сацыяльнай абароны, і пытанні адукацыі, і
пытанні прававой сферы, эканомікі - самыя розныя напрамкі.
(Прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) прымаюць актыўны
ўдзел, працуючы ў камісіях, якія прадстаўляюць фактычна ўсе напрамкі", -
сказаў Ігар Сергяенка.
Далей старшыня Палаты прадстаўнікоў
правядзе сустрэчу з калектывам ААТ "Гроднажылбуд" і рэктарам
Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.