10:16 04 Января 2023
“Равеснікі маладой Беларусі” - сумесны праект "Гродзенскай праўды" і абласнога Савета дэпутатаў.
Маладая, ініцыятыўная, шчыра ўлюбёная ў сваю прафесію: Ірына Каратай, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 горада Навагрудка – новая
гераіня сумеснага праекта рэдакцыі і абласнога Савета дэпутатаў
“Равеснікі маладой Беларусі”. У свае без малога трыццаць гадоў Ірына
Каратай паспела рэалізаваць сябе ў самых розных накірунках. Яна
паспяховы настаўнік, актыўны член моладзевага парламента пры
Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, а яшчэ – клапатлівая жонка і
маці цудоўнага чатырохгадовага хлапчука. Галоўную мэту жыцця бачыць у
тым, каб прынесці карысць сваёй любімай краіне і, канешне, стаць
прыкладам годнага грамадзяніна для свайго сына. У нашым інтэрв’ю – аб
сапраўдным прызначэнні настаўніка, любові да роднай зямлі і мовы і аб
тым, як удаецца зацікавіць сучасную моладзь карыстацца беларускай мовай.
Аб прафесіі і роднай мове
– Ірына Паўлаўна, чаму прафесія настаўніцы беларускай мовы і літаратуры? Напэўна, выбар у гэтым накірунку зрабілі невыпадкова? – Тое, што я стану настаўнікам, было відавочна для меня яшчэ ў
пачатковых класах. Значная роля ў гэтым належыць настаўнікам Рагозніцкай
сярэдняй школы, дзе я вучылася. Зусім маленькая, я сачыла за тым, як
цікава, даступна і захоплена нам выкладаюць дысцыпліны, і ўяўляла, што
сама некалі буду стаяць ля дошкі і тлумачыць нешта сваім маленькім
вучням. Так і атрымалася.
Чаму беларуская мова? Тут усё проста – я нарадзілася і жыла ў невялікай
вёсцы Мастоўскага раёна, дзе па-беларуску гаварылі мае бацькі, сябры,
аднавяскоўцы. Мая родная мова была са мной з самага дзяцінства і
назаўжды прарасла ў маім сэрцы. Любоў да роднай мовы, зямлі, да краіны з
самага дзяцінства прывівалі бацькі і настаўнікі, а цяпер і я вучу
гэтаму дзяцей. Для мяне няма мовы прыгажэйшай і больш мілагучнай, чым
мова беларуская. І я адчуваю на сабе вялікую адказнасць, таму што
менавіта ад мяне залежыць, ці будуць мае навучэнцы гэтак жа адзывацца аб
роднай мове, як я. Ці змогуць палюбіць яе, ці будуць імкнуцца разумець
яе і размаўляць па-беларуску. Я вельмі стараюся, каб менавіта так і
было.
– Дарэчы, пра сучасную моладзь і карыстанне беларускай мовай. Сёння
не кожны можа і хоча размаўляць на беларускай мове, часцей
выкарыстоўваецца руская. Як у вас атрымоўваецца зацікавіць падлеткаў вывучаць родную мову? – Ведаеце, гэта зусім нескладана. Так, сапраўды, моладзь часцей за ўсё
размаўляе па руску, і ў гэтым няма нічога дрэннага, таму што ў нашай
краіне дзве афіцыйныя мовы. Але разам з тым з асабістага вопыту магу
зрабіць выснову, што нашы дзеці добра ведаюць родную мову і пры
неабходнасці многія могуць свабодна на ёй размаўляць. Мне здаецца, мы,
беларусы, валодаем сваёй мовай на нейкім падсвядомым узроўні. Гэта наш
генетычны код, нашы карані. Гэта мова нашых продкаў, а значыць – наша
гісторыя і культура, якую мы шануем і памятаем.
Канешне, значная роля ў гэтым належыць школе. Вялікая колькасць
мерапрыемстваў, якія мы праводзім, – на беларускай мове. Нашы настаўнікі
(і не толькі па беларускай мове і літаратуры) таксама могуць свабодна
размаўляць з гімназістамі па-беларуску.
– А вы самі на якой мове часцей размаўляеце? – Па-рознаму. На уроках, у школе, канешне, на беларускай. Памятаю, як
аднойчы, калі я толькі-толькі пачала працаваць у гімназіі і размаўляла
выключна па-беларуску, вучні ў мяне пыталі: “Ирина Павловна, вы вообще
русский знаете?”
Дарэчы, свайго маленькага сына я таксама паступова стараюся вучыць
беларускай мове. І ў яго нядрэнна атрымоўваецца! Асабліва ён захапляецца
нашымі народнымі казкамі і нават можа іх пераказваць.
Пра настаўніцтва – Цікава даведацца, што лічыце галоўным у сваёй працы? Наколькі складана
было рабіць першыя крокі ў прафесіі? Бо вядома, што маладым настаўнікам
трэба вельмі пастарацца, каб здабыць павагу вучняў. Тым больш калі гэта
падлеткі. – Праўду кажучы, ніякага вялікага сакрэту ў гэтым няма. Я больш чым
упэўнена, што самае галоўнае ў працы настаўніка – любіць дзяцей. Бачыць у
кожным сваім выхаванцы не проста вучня, а асобу. Падтрымліваць,
падказваць, накіроўваць, даваць парады. Недзе стаць не проста
настаўнікам, а лепшым сябрам, з якім дзіця зможа і будзе хацець
падзяліцца патаемнымі думкамі. І вельмі важна ў гэтым пытанні не
перасягнуць грань: усё ж такі заставацца ў першую чаргу настаўнікам і
быць прыкладам для сваіх вучняў. Тады і ўзаемаадносіны з дзецьмі будуць
складвацца ў правільным накірунку, і зацікавіць іх прадметам будзе куды
лягчэй.
Я падчас сваіх урокаў імкнуся да таго, каб не проста даць вучням сухі
матэрыял, а замацаваць іх веды практычна. Па-першае, выкарыстоўваю
сучасныя метады і формы правядзення ўрокаў, па-другое, часта прапаноўваю
вучням правесці заняткі не ў класе, а, напрыклад, у музеі. Дарэчы, у
нашай гімназіі працуе ўнікальны музей “Льна і побыту”. У экспазіцыі
можна ўбачыць не толькі лён, льняныя тканіны, але і даведацца пра
вырошчванне гэтай расліны, сферы яе прымянення, пабачыць старажытныя
прадметы побыту. Дык вось пабываць там падчас урока літаратуры,
напрыклад, дзецям вельмі падабаецца. Я адчуваю, што такія “выхады” добра
сказваюцца на замацаванні матэрыялу. Разам з тым гэта спрыяе павышэнню
цікавасці саміх вучнях да напаўнення нашага музея дзіўнымі, рэдкімі
экспанатамі.
А што наконт “галоўнага” ў працы – думаю, мае мэты не надта
адрозніваюцца ад мэтаў іншых настаўнікаў. Для мяне вельмі важна не
проста даць веды, а выхаваць добрасумленнага, актыўнага і адказнага
грамадзяніна, які паважае культуру, традыцыі і гісторыю свайго народа,
сваіх бацькоў, настаўнікаў, старэйшых. Хачу, каб мае вучні прыносілі
карысць нашай роднай краіне і рэалізавалі сябе ў блізкіх сэрцу
накірунках.
– Вы строгі настаўнік ці наадварот? – Не, строгай мяне назваць нельга. Патрабавальная – так. Але я не
прывыкла дабівацца ўвагі вучняў голасам ці суровымі метадамі. Я, хутчэй,
імкнуся быць з дзецьмі на адной хвалі. Не бачу сэнса ў тым, каб яны ў
маім твары бачылі ворага.
Пра актыўную жыццёвую пазіцыю
– Як атрымалася, што вы трапілі ў лік членаў моладзевага парламента
пры Нацыянальным сходзе Беларусі? І ў чым заключаецца вашая дзейнасць як
маладога парламентарыя? – Як трапіла? Напэўна, кіраўніцтва гімназіі і раёна заўважыла мае
шчырая імкненні, адданасць сваёй справе і зацікаўленасць у лепшай
будучыні для нашага горада, раёна, краіны. Канешне, мне вельмі прыемна,
што мая кандыдатура была ўдастоена такой высокай адзнакі. Для меня гэта
яшчэ і вялікая адказнасць – прадстаўляць Навагрудчыну і ўвогуле
Гродзеншчыну на такім высокім узроўні.
Я ўваходжу ў камісію па навуцы і адукацыі. Наша галоўная задача –
выявіць накірункі, якія будуць садзейнічаць развіццю сістэмы адукацыі.
Штомесяц мы праводзім анлайн-паседжанні, абмяркоўваем сваю працу,
праекты, поспехі і праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца. Кожны трэці
чацвер месяца я прымаю ўдзел у адзіным парламенцкім дні – наведваю
ўстановы адукацыі Навагрудчыны, праводжу сустрэчы з вучнямі,
педагагічнымі калектывамі, расказваю аб дзейнасці моладзевага
парламента, цікаўлюся, чым магу быць карыснай як малады парламентарый.
Дарэчы, я стараюся не прапускаць ніводнай прамой тэлефоннай лініі, якія
праводзяць з насельніцтвам кіраўнікі нашага раёна. Гэта дапамагае
бачыць, якія пытанні і праблемы турбуюць людзей, дапамагчы знайсці шляхі
вырашэння. Бо часам нейкае пытанне патрабуе сучаснага рашэння.
– Увогуле у чым бачыце ролю моладзевага парламента? – На мой погляд, моладзевы парламент – гэта рэальная і эфектыўная форма
прыцягнення падлеткаў і моладзі да ўдзелу ў вырашэнні самых розных
праблем, якія існуюць у нашым жыцці. Вельмі важна, што парламент як
орган самакіравання дазваляе моладзі падымаць пытанні і праблемы і
даносіць іх да прадстаўнікоў улады, якія прымаюць важныя рашэнні на
ўзроўні горада ці вобласці.
Членамі моладзевага парламента з’яўляюцца прадстаўнікі студэнцкіх,
працоўных калектываў, выхадцы з розных вёсак і гарадоў краіны. А гэта
вельмі важна, таму што кожны з нас добра ведае, чаго не хапае моладзі,
якія праекты і ініцыятывы патрабуюць падтрымкі і дадатковай увагі.
Карацей кажучы, мы з’яўляемся свайго роду транслятарамі інфармацыі, а
ўся нашая дзейнасць накіравана на тое, каб зрабіць лепшым нашае жыццё.
– Вы прытрымліваецеся актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Што спрыяе такой неабыякавасці да жыцця, да лёсу краіны? – Я выхавана ў звычайнай сям’і, мае бацькі – шчырыя і працавітыя людзі,
якія на працягу ўсяго жыцця імкнуліся прывіць мне лепшыя чалавечыя
рысы: любоў да Радзімы, да людзей, справядлівасць, добрасумленнасць.
Менавіта таму, што і самі яны такія. Я добра ведаю, што значыць
працаваць у полі – мой бацька ўсё жыццё працуе ў калгасе. Мне вядома,
што такое бульбакапанне, і калі прыходзіць час касьбы, што значыць
вясёлай гурбой падлеткаў пасвіць кароў у полі, дапамагаць бацькам па
гаспадарцы… І яшчэ я разумею, як нялёгка прыйшлося тым, хто будаваў для
нас нашую моцную дзяржаву, заваёўваў мірнае неба. Таму я цвёрда
ўпэўнена, што ўсе мы – грамадзяне сваёй краіны, павінны прыкладаць
намаганні, каб яна працягвала квітнець і развівацца. Мала быць проста
патрыётам. Трэба пацвярджаць сваю любоў да краіны справамі – вось маё
перакананне. І для гэтага неабавязкова здзяйсняць нейкія вялікія
подзвігі – дастаткова клапаціцца аб прыродзе, берагчы нашую культуру,
памятаць гісторыю і добрасумленна працаваць.
Аб гонары за краіну і марах
– Ваш узрост амаль такі ж, як узрост суверэннай Беларусі. Разам з
краінай вы праходзілі ўсе этапы яе станаўлення і развіцця. Што выклікае
найвялікшы гонар? – На гэтую тэму можна размаўляць гадзінамі. Нашая прамысловасць – гэта
гонар, нашая прадукцыя – гэта гонар, нашы спартсмены, артысты, нашая
культура, традыцыі і гісторыя – ўсё гэта гонар. Можа, нехта са мной і не
пагадзіцца, але я лічу, што нашае мірнае неба – гэта найвялікшы гонар.
Увогуле нашая краіна прайшла вельмі складаны шлях станаўлення. Нашаму
народу ніколі не было проста, але ён заўсёды годна пераадольваў усе
выпрабаванні, якія рыхтаваў лёс. Я лічу, што мы – сучаснікі – павінны
браць прыклад з нашых продкаў, як мага больш расказваць падрастаючаму
пакаленню пра вялікі подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму што
сёння як ніколі зразумела, што без ведання і шанавання сваёй гісторыі,
культуры і традыцый наўрад ці можна пабудаваць шчаслівую будучыню. Усё ў
нашых руках, і, мне здаецца, мы годна спраўляемсяз усімі справамі, якія
датычацца лёсу нашай Беларусі.
– Што лічыце галоўным у жыцці? Без чаго не ўяўляеце сябе? – Не уяўляю сябе без сваёй сям’і і менавіта гэта лічу сэнсам жыцця. Я
магу назваць сябе шчаслівым чалавекам – я выхавана ў вельмі добрай
сям’і, у мяне было цудоўнае дзяцінства, мае бацькі далі мне ўсё для
таго, каб я магла самарэалізавацца. Зараз я сама маці і лічу гэта
найвялікшым шчасцем. Мы з мужам не можам нацешыцца на нашага маленькага
сыночка і ў яго вачах бачым свой лёс. Канешне, хацелася б яшчэ не раз
стаць маці, але час пакажа.
– А ці ёсць у вас мара? – Канешне, і не адна! Я мару, каб над нашай краінай заўсёды было мірнае
неба, каб ніколі не знікалі яскравыя ўсмешкі з твараў нашых дзетак, каб
усе мы жылі ў міры, спакоі, павазе. Я мару аб падарожжах – вельмі
хочацца пабачыць выдатныя прыгажосці нашай зямлі. А яшчэ мару аб тым,
што некалі ў нас з’явіцца невялічкая хатка недзе на ўзгорку густога,
прыгожага леса, дзе рэдка можна сустрэць жывую душу. Абавязкова каб у
хатцы была вялікая печ, у якой я буду выпякаць для сваіх родных
духмяныя, смачныя пірагі. У цэнтры галоўнага пакою будзе стаяць вялікі
круглы стол, дзе мы ўсёй сям’ёй будзем збірацца на сняданкі, абеды,
вячэру… А навокал хаты – прырода. На падворку невялічкі агародзік, за
якім дружна будзем сачыць усёй сям’ёй, побач – наша любімая сабака, аб
якой я таксама мару. Уявіце толькі, як хораша было б час ад часу
выбірацца з шумнага горада ў наш такі ўтульны куточак і адпачываць
душой.
* Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.