Захапляцца музыкай Аліна пачала яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі адразу падтрымалі дачку і вырашылі запісаць яе ў музычную школу. Сям’я жыла ў невялікай вёсачцы Мількаўшчына, таму бацькам прыходзілася два разы на тыдзень везці Аліну на заняткі ў Скідзель, за што сёння наша гераіня ім вельмі ўдзячная.
– Калі б не мае бацькі, я б не стала той, кім з’яўляюся сёння. Мая цёця падарыла мне фартэпіяна, каб я далей развівалася ў накірунку музыкі. Заўсёды буду ім удзячная за іх падтрымку і клопат пра маю будучыню, – сказала Аліна Чыжык.
Усё дзяцінства і юнацтва нашай гераіні прайшло на музычных конкурсах і канцэртах. Як успамінае сама Аліна, у дзяцінстве гэта ўсе здавалася святам: прыгожыя касцюмы, падрыхтоўка і самі выступленні прыносілі ў той час толькі задавальненне.
– Тады гэта давалася лёгка і весела, адзінай перашкодай для меня была адсутнасць вольнага часу: я нават зайздросціла тым дзецям, якія гулялі на пляцоўках, адпачывалі на сонейку. Таму што я ў гэты час вучыла творы Баха, Моцарта, рыхтавалася да залікаў і экзаменаў у музычнай школе. Мне, канешне, у той час было сумна ад гэтага, але цяпер я разумею, што гэта было проста неабходна, – успамінае Аліна.
Цяпер жа наша гераіня – сапраўдная зорка беларускай эстрады, таму кожны яе дзень насычаны мерапрыемствамі, рэпетыцыямі і канцэртамі. Па словах Аліны, цяпер яна разумее, што значыць быць артыстам.
– Прыгожы малюнак, які многія бачаць, – гэта адно, але ёсць адваротны бок: дрэннае харчаванне, стрэс, заўседы адчуваеш вялікую адказнасць за тое, што робіш. Ёсць перыяды, калі моцна хочацца адпачыць, але такой магчымасці няма, таму прыходзіцца ўставаць і ісці далей. Я павінна выйсці на сцэну і трымаць твар, таму што гэта мая праца, – расказала Аліна.