Рэспубліканскі
маладзёжны фестываль-конкурс "Медыясфера-2024" пройдзе ў Гродзенскім
дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА
паведамілі ў ВНУ.
Фестываль, арганізатарам якога выступае
ўніверсітэт, праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі
Беларусь, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі
Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
"Мэта нашага
фестывалю - пошук і аб'яднанне людзей, якія творча думаюць, робяць
першыя крокі ў фатаграфіі, друку, кіно- і відэамастацтве, праяўляюць
інтарэс да развіцця новых медыя, - расказала загадчыца кафедры
журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацый і турызму ГрДУ Іна Мінчук.
- Дэвіз фестывалю - "Медыясфера - прастора новых ідэй!".
Фестываль
праводзіцца ў Год якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх
захопнікаў. Галоўныя тэмы фестывальных работ удзельнікаў - "Беларусь:
год якасці - год майстэрства і творчасці" і "Подзвіг мы ваш не забудзем і
не дапусцім бяды!".
Конкурс аб'яўлены ў пяці намінацыях: сярод друкаваных, электронных СМІ, на лепшыя фота-, інтэрнэт- і камунікацыйныя праекты.
Як
расказала Іна Мінчук, у час фестывалю журналісты абласных і
рэспубліканскіх СМІ правядуць для моладзі майстар-класы. Пашыраецца і
геаграфія "Медыясферы". У гэтым годзе чакаюць удзельнікаў не толькі з
усіх рэгіёнаў нашай краіны, але і з Расіі.
Аб'яўлены збор заявак,
і першыя паступаюць ужо, адзначыла субяседніца. "За гады існавання ў
нас склаўся пул пастаянных партнёраў, - дадала Іна Мінчук. - Гэта БДУ,
Віцебскі, Брэсцкі ўніверсітэты, гродзенская гімназія нумар 10,
Ваўкавыская гімназія нумар 2, Радунская СШ Воранаўскага раёна і многія
іншыя. Штогод творчыя юнакі і дзяўчаты з гэтых устаноў адукацыі актыўна
ўдзельнічаюць у конкурсе і дасягаюць высокіх вынікаў".
У мінулым
годзе на "Медыясферу" паступіла больш за трыста заявак ад маладых
людзей, якія мараць звязаць сваё жыццё з журналістыкай.
Да спіса