Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Каранік: у Год якасці мы не раз будзем радавацца высокім творчым дасягненням нашых землякоў

15.01.2024
Навiны рэгiёна
У Год якасці мы не раз будзем радавацца высокім творчым дасягненням нашых землякоў. Такое меркаванне 15 студзеня ў час цырымоніі ўручэння абласной прэміі імя Аляксандра Дубко "За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць адвечная ісціна: няма лепшай узнагароды ў жыцці, чым займацца справай, якая таго вартая. Гэтым запаветам заўсёды кіраваўся Аляксандр Іосіфавіч Дубко, які сам самааддана працаваў на карысць нашай Радзімы і заўсёды падтрымліваў тых, хто рухаецца наперад, хто імкнецца да нечага новага. На працягу многіх гадоў справа, пачатая ім, прадаўжаецца. У нашай вобласці ёсць прэміі імя А.І.Дубко ў сферы адукацыі, у сферы культуры, ёсць спартыўны турнір яго імя. Гэта сведчыць пра яго адносіны да будучыні нашай краіны. Ён выдатна разумеў, што адукацыя - гэта будучыня, культура - гэта захаванне гістарычнай памяці, захаванне і прымнажэнне традыцый, спорт - гэта здаровая нацыя", - сказаў Уладзімір Каранік.

Губернатар нагадаў, што ў адным з інтэрв'ю Аляксандр Дубко сказаў, што пра Прынёманскі край складзена шмат песень і напісана вершаў. Маўклівы Нёман бачыць, як змянялася і змяняецца цяпер жыццё ў нашым краі. І як нельга спыніць Нёман, так нельга спыніць працэс развіцця Гродзеншчыны.

"Многія праекты, якія цяпер рэалізуюцца і мяняюць аблічча нашага краю, закладваліся яшчэ Аляксандрам Дубко, - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. - Я вельмі рады, што гэты працэс прадаўжаецца. Што кожны год мы выбіраем новых лаўрэатаў, і канкурэнцыя становіцца ўсё большай. Упэўнены, гэта сведчанне таго, што колькасць творчых таленавітых людзей на Гродзеншчыне павялічваецца".

Губернатар асабліва адзначыў, што рады бачыць на сцэне не толькі масцітых майстроў, але і прадстаўнікоў новага пакалення творчых работнікаў, бачыць у зале людзей розных узростаў. Гэта значыць, што мы захавалі пераемнасць пакаленняў, традыцыі нашага народа, што мы іх прымнажаем і перадаём маладым. Гэта залог далейшага развіцця. Ён выказаў упэўненасць у тым, што дзеячы культуры ў бягучым годзе дасягнуць новых творчых поспехаў.

"У Гродзенскай вобласці заўсёды з якасным падыходам адносіліся да справы. Упэўнены, што ў Год якасці гэта тэндэнцыя ўзмоцніцца, і мы будзем яшчэ не раз радавацца высокім дасягненням нашых славутых землякоў", - адзначыў Уладзімір Каранік.
Да спіса