Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Лаурэат Прэміі А. І. Дубко “За творчыя дасягнненні ў сферы культуры і мастацтва” Ганна Булай: “Адчуваю себя нашчадкам багатай гісторыі і традыцый”

13.02.2023
Навiны рэгiёна
Загадчыца філіялам “Ганчарскі Дом культуры” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, кіраўнік аматарскага аб’яднання “Ульяніца” Ганна Булай амаль трыццаць год падтрымлівае культуру на вёсцы, разам з аднадумцамі адраджае абрады продкаў і захоўвае традыцыі ды фальклорную спадчыну малой радзімы.

У культурнай установе, якую ўзначальвае Ганна, кіпіць жыццё, працуюць аматарскія калектывы, самыя папулярныя з якіх “Печкі-лавачкі” – народны сямейны клуб людзей сталага ўзросту і “Ульяніца” – вядомы на Гарадзеншчыне калектыў, які аднаўляе, захоўвае і перадае новаму пакаленню ўнікальныя старажытныя традыцыі продкаў. Гэты клуб традыцыйнай народнай культуры першым на Беларусі стварыў музейную экспазіцыю, дзе ўзнавіў працэс вырабу ільнянога палатна.

– Стаць работнікам культуры мне было наканавана лёсам: спявала, танцавала, удзельнічала ў драмгуртках, – дзеліцца Ганна Мікалаеўна. – Вырасла ў вясковай сям’і, дзе ўсе шанавалі песню, старажытныя абрады, а бабуля да таго ж яшчэ і выдатна ткала. Марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, добра вучылася, але не прайшла ў ВНУ па конкурсу. Як альтэрнатыўны варыянт – паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў на факультэт народнай творчасці, атрымала прафесію “арганізатар культурна-дасугавай дзейнасці, рэжысёр абрадаў і святаў” ды ўсе свае дзіцячыя мары рэалізавала ў культуры.

photo_2023-02-06_16-16-34.jpg

Працаваць юная Ганначка прыехала на малую радзіму – у Сялецкі сельскі клуб Лідскага раёна, дзе паспяхова дарыла радасць землякам на працягу пятнаццаці год. А ў 2012-м была прызначана дырэктарам Ганчарскага цэнтральнага Дома культуры. Тут таксама ўзяла курс на аб’яднанне людзей па інтарэсах, пошук аднадумцаў і збор мясцовага фальклору. Дзякуючы ёй і яе паплечнікам, Ганчарскі Дом культуры праславіўся на ўвесь раён сваімі абрадавымі святамі “Жаніцьба коміну”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Калядкі”, “Валачобнікі” і іншымі. А вакол таленавітай, працавітай, добразычлівай Ганны Булай згуртавалася творчая каманда аднадумцаў.

У 2015 годзе жанчыны аб’ядналіся ў клуб “Ульяніца”. Унікальны калектыў займаецца вывучэннем традыцыйнай мастацкай спадчыны рэгіёна, зборам фальклорнага матэрыяла: песень, танцаў, абрадаў Лідскага краю і, што важна, – перадае гэта малодшаму пакаленню. У рэпертуары "Ульяніцы" – аўтэнтычныя абрады гадавога цыкла, з якімі яны выступаюць перад землякамі і гасцямі.

photo_2023-02-06_16-16-37.jpg

– Душа народа захоўваецца ў мове, культуры, абрадах ды рамёствах, – падкрэслівае Ганна Мікалаеўна. – Наша задача – зберагчы гэты духоўны скарб і перадаць нашчадкам.

Калектыў “Ульяніцы” стварыў анімацыйна-рэалістычную праграму "Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён", дзе паказаў ўсе этапы яго ручной апрацоўкі ды спосабы прыгатавання страў з ільну і аб’ездзіў з ёй амаль увесь Лідскі раён, пабываў на абласных "Дажынках" і іншых абласных і рэспубліканскіх фэстах. І нават прадстаўляў рамёствы Гродзеншчыны на “Славянскім базары ў Віцебску". А летась, ў Год гістарычнай памяці, ў Ганчарскім Доме культуры адкрылася самабытная творчая майстэрня з аднайменнай назвай, куды зараз едуць беларускія і замежныя турысты. Турыстычны аб’ект прапаноўвае неардынарныя сустрэчы, экскурсіі, майстар-класы. Творчы калектыў “Ульяніцы” шчодра дзеліцца з гасцямі сваім багацейшым досведам. Адмысловыя пявухі, майстрыхі, рамесніцы не шкадуюць часу і сіл дзеля агульнай справы.

– Для нас гэта не проста хобі, – адзначае Ганна Мікалаеўна. – Кожная адчувае, што ўмацоўвае повязь паміж мінулым і сённяшнім. Гэта дазваляе нам адчуваць себя нашчадкамі багатай гісторыі і традыцый, шчаслівымі людзьмі, моцнымі сваімі каранямі.

Да спіса