Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» завітала ў рэдакцыю газеты «Гродзенская праўда»

12.08.2025
Навiны рэгiёна

Падчас сустрэчы ўсе карысталіся выключна беларускай мовай.

Cёння рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда» напоўнілася гучным беларускім словам. Сюды завіталі ўдзельнікі летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» – сапраўдныя аматары роднага слова, гатовыя да новых ведаў і адкрыццяў. Іх чакала падарожжа ў гісторыю і сучаснасць журналістыкі.

Сустракала гасцей намеснік галоўнага рэдактара Анжаліка Кісляк. Менавіта яна правяла першую частку экскурсіі, гасцінна запрасіўшы юных знаўцаў мовы ў кулуары рэдакцыі. Яна пазнаёміла іх з сучасным жыццём газеты, распавяла пра тое, як рыхтуюцца матэрыялы і якія тэмы найбольш хвалююць гродзенцаў. Канешне, падчас сустрэчы ўсе карысталіся выключна беларускай мовай.

IMG_8306.JPG

IMG_8316.JPG

Далей эстафету падхапіла рэдактар аддзела гарадскога жыцця Таццяна Кузнячэнкава, якая запрасіла ўсіх у музей гісторыі газеты. Тут наведвальнікаў чакалі сапраўдныя скарбы: старыя друкарскія машынкі, фотаапараты і падшыўкі газеты розных гадоў. Можна было не толькі паглядзець, але і дакрануцца да гісторыі – адчуць цяжар старых апаратаў і гартаць пажоўклыя старонкі.

IMG_8351.JPG

 – Група складаецца з удзельнікаў з розных краін, такіх як Расія, Казахстан і нават Туркменістан, і ўсім ім цікава вывучаць беларускую культуру. Гэта ўжо пяты раз, як працуе наша школа. Кожны год хлопцы і дзяўчаты, якія хочуць паўдзельнічаць у гэтым праекце, праходзяць этапы конкурсу, па выніках якога выбіраюць лепшых, уручаюць ім прызы і даюць такую магчымасць прыняць удзел у летняй школе беларускай мовы і культуры, – адзначыў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько. – Такія мерапрыемствы, як наведванне «Гродзенскай праўды», дапамагаюць ім не толькі паглыбіць веды пра беларускую мову і літаратуру, але і пазнаёміцца з тым, як жыве беларуская журналістыка.

IMG_8341.JPG

Сваімі ўражаннямі падзялілася і Аляксандра Шырокава з Маскоўскай вобласці.

 – Мне вельмі спадабалася экскурсія. Мы ўбачылі шмат цікавых і адметных рэчаў беларускіх пісьменнікаў і былых работнікаў, да якіх нават змаглі дакрануцца. Незвычайна было даведацца, як працавала газета раней і як працуе цяпер. Таксама змаглі паглядзець некалькі выпускаў 50-х гадоў мінулага стагоддзя, дзе знайшлі навіну пра Гродзенскі ўніверсітэт. А яшчэ мяне ўразіла, з якой любоўю тут ставяцца да беларускай мовы. Гэта натхняе вучыць яе далей!

Сённяшняя сустрэча даказвае, што мова жыве тады, калі ёй гавораць, калі на ёй пішуць, і калі яна аб'ядноўвае людзей з розных краін.
Да спіса