— Усё проста — гэтая тэма блізкая кожнаму беларусу. Мы сталеем, вылятаем з бацькоўскага гнязда, заводзім сем’і, абуладкоўваем свае кватэры. Вядома ж, наведваемся да бацькоў. І ў пэўны час перад кожным з нас паўстае пытанне: а што рабіць з хатаю, дзе ты нарадзіўся і вырас? Яно не дае спакою, яно вельмі балючае. Хтосьці пакідае за сабою гэтае жытло, а хтосьці з сумам прадае, бо абставіны ж у людзей розныя. Але сувязь паміж чалавекам і бацькоўскім домам — гэта назаўсёды. У нашай песні хата — не толькі будынак, а краіна, Радзіма. У няпросты час, які сёння пануе ў свеце, людзі дызарыентаваныя, разгубленыя, а трымаюць іх карані, родная хата ды Радзіма. Не менш важна, што ў беларусаў узнік запыт на беларускасць, яны хапаюцца за яе ў гэтым хісткім свеце, як за выратавальны круг.
Вядома ж, калі не ведаеш, за што ўхапіцца, хапайся за гісторыю, за родную мову, за Бацькаўшчыну, за тое, што казалі табе бацькі і дзяды. “Дразды” адлюстроўваюць тое, пра што беларусы думалі, але, магчыма, баяліся сказаць. Увогуле, нашы канцэрты прыцягваюць шчырасцю і простай размовай. Людзі стаміліся ад шоу, ад інтэрнэту і лавіны навін.
— Скажыце колькі слоў пра Вашае месца сілы, пра малую радзіму.
— Вёска Сівіца Валожынскага раёна — куточак, дзе жыве мая мама Валянціна Паўлаўна. Яна ўсё жыццё працавала паштальёнам. Таты ўжо тры гады няма разам з намі. Уладзімір Якаўлевіч быў старшынёй калгаса “Світанак”. Шмат якія кліпы на нашы песні: “Вёска”, “Сланечнік”, “Увезу в деревню”, “Мама” — зняты менавіта ў маёй Сівіцы. Простыя, шчырыя словы, якія пранікаюць у душу кожнага беларуса. У роднай вёсцы бываю часта. Менавіта яна натхняе мяне, вяртае да жыцця, трымае ў імклівай плыні жыцця. Палю печку ў роднай хаце — і спыняецца імгненне, разумею: вось ён — сэнс жыцця, а не ў тым, каб усюды паспець.