Аб наступствах непагоды ў Гродне, а таксама ў Воранаўскім і Шчучынскім
раёнах і іх устараненні расказаў журналістам старшыня Гродзенскага
аблвыканкама Юрый Караеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каменціруючы
наступствы суботняй стыхіі ў Гродне і навядзенне парадку, Юрый Караеў
адзначыў, што ў суботу выпала неймаверная колькасць ападкаў. "33 мм
ападкаў за дзве гадзіны пры месячнай норме 57. Удар стыхіі атрымаўся
такі, што не спраўлялася ліўневая каналізацыя", - сказаў ён.
"Вельмі
аператыўна спрацавалі ўсе аварыйныя службы. Мэр горада Андрэй Хмель,
усе яго намеснікі, і электрасеткі, і МНС, аварыйныя службы - усе на
нагах з вечара, - сказаў кіраўнік вобласці. - Горад - вельмі складанае
збудаванне, у першую чаргу з-за камунікацый".

Юрый
Караеў адзначыў, што вялікая колькасць званкоў паступіла на лінію 115.
"Я ўчора хадзіў па горадзе, людзі падыходзілі, даведваліся, у асноўным
спачувалі, што давялося з такім аб'ёмам работ сустрэцца аварыйным
службам. У нас людзі вельмі свядомыя, разумеюць адразу, якая нагрузка
навалілася, дзякавалі за аператыўнае ўстараненне, але ў тым ліку
скардзіліся, што на 115 не дазваніцца. І мы сёння на планёрцы для сябе
вывады зрабілі, што разам з аварыйшчыкамі трэба падымаць па трывозе,
мабілізаваць і павялічваць тых, хто будзе прымаць званкі", - дадаў ён.
Тыдзень
таму непагода закранула Воранаўскі і Шчучынскі раёны. "Прыкладна на 4
тыс. га пацярпеў ураджай, - дадаў Юрый Караеў. - Мы папярэдне палічылі
наступствы. Рапс застрахаваны, па астатніх (культурах. - Заўвага БЕЛТА) -
мы дапаможам". Кіраўнік рэгіёна дапоўніў, што аблвыканкам абавязкова
падставіць плячо пацярпелым гаспадаркам. Ён таксама падкрэсліў, што
работа вялася па ўсіх напрамках, і, як гэта заведзена ў беларусаў,
дапамагалі ўсёй грамадой. "Навучыліся мы ўжо з гэтымі ўраганамі
спраўляцца, хутка рэагаваць. На жаль, яны часта апошнім часам", -
заўважыў Юрый Караеў.
"Пазваніў кіраўнік дзяржавы, каб даведацца
аб гэтых наступствах, ён заўсёды трымае руку на пульсе ўсіх надзвычайных
здарэнняў у краіне, мы гэта добра ведаем, - сказаў старшыня
Гродзенскага аблвыканкама. - Прэзідэнт падрабязна цікавіўся, якія
вуліцы, які ўрон, як гэта было, я яму ўсё далажыў".