Шлях да фальклору ў Тарэсы Антонаўны пачаўся яшчэ ў маладосці.
Кожны куточак нашай любай Гродзеншчыны ўнікальны. Куды ні зірні –
усюды свае традыцыі, свая гісторыя, свае людзі. Колькі незвычайных
скарбаў захоўвае ў сабе малая радзіма! Дакладней кажучы – з цеплынёй і
шчырасцю захоўваюць нашы землякі. І пішуць сучасную гісторыю роднага
краю. Такія людзі ёсць у кожным раёне, у кожнай гродзенскай вёсачцы. З
некай асаблівай цеплынёй, з яскравым агеньчыкам у вачах яны апантана
працуюць у сельскіх школах, бібліятэках, крамах, калгасах, на ФАПах.І менавіта пра такіх людзей, душой і сэрцам адданых малой радзіме,пойдзе гаворка ў нашым новым праекце “Твае людзі, вёска”.Бо таленты – паўсюль! Тарэса Антонаўна Адамовіч з вёскі Жытомля Гродзенскага раёна ўжо амаль
38 гадоў працуе над захаваннем і распаўсюджваннем нацыянальных звычаяў.
Яна з'яўляецца не толькі заснавальнікам самабытнага калектыву, але і
творчым, адданым сваёй справе чалавекам. Сваёй працай, непамернай любоўю
да роднага слова і роднай песні заваявала павагу не толькі жытамлянцаў,
але і ўсяго насельніцтва раёна.
Запісвала ўспаміны мясцовых
Тарэса Антонаўна нарадзілася ў вёсцы Танявічы Шчучынскага раёна. У 1983
годзе скончыла Мінскі інстытут культуры па спецяльнасці
"Культурна-асветніцкая работа". У пошуках свайго першага месца працы
вырашыла ехаць у Гродзенскі раён і засталася тут на ўсё жыцце.
Шлях да фальклору ў Тарэсы Антонаўны пачаўся яшчэ ў маладосці. Для
таго, каб сабраць такі шырокі матэрыял, даводзілася нямала папрацаваць,
хаця гэта былі прыемныя клопаты.
– Гэта неабходная база, без якой нічога не можа быць. Праўдзівы
патрыятызм і любоў да Радзімы ідуць праз фальклор, танцы, праз сваю
культуру і рэлігію. Я прыехала ў Гродзенскі раён у 24 гады. Была маладая
і “купалася” ў культуры, у сваіх розных "імпрэзах" і сцэнарыях, якія
пісала, спрабавала розныя формы творчай дзейнасці. Мне здавалася, я так
любіла тое, чаму навучылася, і мне так хацелася спрабаваць нешта новае.
Як крыніца ведаў, мяне цягнулі найстарэйшыя людзі. Тады я пазнаёмілася
са шматлікімі цікавымі людзьмі, прыходзіла да іх і запісвала ўспаміны.
Сярод усёй разнастайнасці літаратурных формаў заўсёды любіла песні і
апісанні народных традыцый. Многае з таго, што я даведалася ў тыя гады, я
потым ужывала ў сваёй дзейнасці, – расказвае суразмоўца
. – У
мяне яшчэ шмат матэрыялаў ёсць, якія трэба расшыфраваць. І нават, можа,
кніжку выдаць. Гэта важна зрабіць, таму што людзей, якія падзяліліся са
мной каштоўнымі ведамі аб нашай мясцовай культуры і фальклору, ужо няма.
Творчая дзейнасць
Тарэса Антонаўна – захавальніца непаўторнага каларыту мясцовай
абраднасці. Песенны і гутарковы тэкст у пастаноўках зберагае дыялект
жытамлянца, вылучаецца своеасаблівай мілагучнай гаворкай і добра
захаванымі і несапсаванымі сучаснай апрацоўкай мясцовымі песнямі.
Народны тэатр народнай песні "Матуліна песня" Жытамлянскага дома
фальклору філіяла дзяржаунай установы культуры "Гродзенскі раённы
культурна-інфармацыйны цэнтр" быў створаны амаль 40 год таму.
– У 1992 годзе фальклорны калектыў атрымаў найменне “народны”. У склад
уваходзіць 16 чалавек. Самаму старэйшаму – 87, а маладзейшаму толькі 3
годзіка. Гэта рознаўзроставая суполка дзяцей, сталых людей, нават
сямейных дынастый – жыхароў вёскі Жытомля, якія учора былі звычайнымі
вяскоўцамі, а сёння сталі артыстамі і працуюць пад дэвізам "Любі
мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве", – кажа Тарэса Адамовіч.
Першы спектакль народнага тэатра народнай песні "Жытамлянскія песні" ў
1987 годзе здымала беларускае тэлебачанне. Ён быў паказаны у праграмме
"Запрашаем на вячоркі".
За годы існавання тэатра былі пастаўлены больш за 15 фальклорных
спектакляў, тры з іх пад агульнай назвай "Вячоркі", тры вялікодныя
праграмы з назвай "Вялік святы нам дзень настаў!", калядныя праграмы
"Святыя вечары", "Шчодрык" (для дарослых) і "Шчадрэц" (для дзяцей).
Таксама карыстаецца папулярнасцю купальская праграма "На Купала - сонца
йграла", вайсковая праграма "Провады да войска", "Фэст на Пакровы",
"Гуканне вясны", "Вяселле" і іншыя. Спектаклі ўтрымліваюць шмат гумару,
цікавых прыпевак, танцавальна-гульнёвых элементаў.