Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Пазнаем Беларусь: Масленіца ў абрадах і традыцыях беларусаў

03.03.2023
Навiны рэгiёна
У сёлетнім календары Масленічны тыдзень выпаў на перыяд з 20 па 26 лютага. Перш чым сустракаць вясну, нашы продкі спачатку ладзілі провады зімы. І адпаведныя абрады расцягваліся на тыдзень, які называлі Масленічным або Сырным. Традыцыйна свята абуджэння прыроды адзначаецца за восем тыдняў да Вялікадня. У праваслаўных вернікаў Масленіца пачыналася з панядзелка і заканчвалася ў нядзелю. У сёлетнім календары Масленічны тыдзень выпаў на перыяд з 20 па 26 лютага.

Масленіца — адно з самых вясёлых і шумных свят беларусаў. У ім перапляліся і зімовыя, і вясновыя абрады, песні, гульні, карагоды. Загадзя рыхтавалі пудзіла Зімы ці самой Масленіцы. Падрабязней пра свята расказвае СБ.

У першы дзень Масленічнага тыдня ў некаторых рэгіёнах жанчыны праводзілі абрад «Пахаванне дзеда». Дзед — гэта вялікая, у рост чалавека, лялька з саломы. Па павер’ях, стары падавіўся косткай і памёр, таму яго трэба «пахаваць». Прычым постаць дзеда надзялялі рысамі гіперсэксуальнасці. Жанчыны прыпаміналі «нябожчыку» яго шматлікія грахі, у тым ліку распушчанасць і спакушэнне чужых жонак. Пры гэтым плач злучаўся са смехам.

Вялікая ўвага на Масленіцу ўдзялялася пачастункам: блінам, сыру, маслу, малаку. Прадуктамі запасаліся яшчэ з восені і падчас шасцітыднёвага Піліпаўскага посту варылі сыры, збіралі вяршкі для прыгатавання сметанковага масла. Сыры падсольвалі, залівалі маслам, захоўвалі ў склепе. Гаспадыні малолі муку для выпякання бліноў. Іх да свята гатавалі вялікае мноства: бульбяныя, пшанічныя, ячныя… Пяклі таксама аладкі, елі з маслам і сырам без абмежаванняў. На Віцебшчыне казалі: «На Масленіцу масла трэба піць каўшом, каб каровы давалі шмат малака». А на Гродзеншчыне і Брэстчыне Масленіцу прынята было сустракаць пірагамі і варэнікамі.

f9n0jc08nmbmd8vn29j6pc3z0iodnmm3.jpg

Галоўны герой Масленіцы — сонца. Таму большасць атрыбутаў свята маюць круглую форму: колы, якія падпальвалі і спускалі з гары, карагоды, ну і, вядома ж, бліны. Па народных павер’ях, круглыя, румяныя, яны сімвалізуюць сонца, цяпло і жыццё. З’есці блін у Масленічны тыдзень павінен быў кожны член сям’і. Нашы продкі верылі, што з кожным кавалачкам бліна чалавек напаўняе сябе энергіяй сонца.

Першы блін, перахрысціўшы, дзялілі на часткі — каб кавалачак атрымаў кожны член сям’і. Не забывалі і аб памерлых продках: для іх блін пакідалі на акне, на даху або неслі на магілу.

У Масленічны тыдзень вечарамі стараліся не працаваць, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Галоўная ідэя гулянняў была накіравана на набліжэнне вясны. Магія свята заключалася ў пастаянным руху. Праводзіўся абрад усеагульнага рытуальнага катання з горак на санках, каталках, дошках і нават перавернутых лавах. Два апошнія дні Масленіцы — субота і нядзеля — цалкам прысвячаліся катанням на конях, упрыгожаных стужкамі і званочкамі над дугой.

Галоўным момантам святкавання было спальванне пудзіла Зімы, што сімвалізавала смерць самай халоднай пары года.
Да спіса