На мерапрыемства з’ехаліся амаль 150 рамеснікаў з усёй Беларусі.
Правесці разам Масленіцу і свята рамеснікаў «
Казюкі»,
здавалася, будзе няпроста, але атрымалася выдатна. Шматлікія майстры,
народныя спевы і масленічныя пачастункі – карэспандэнт “ГП” з галавой
акунуўся ў атмасферу святкавання.
У цэнтры Савецкай плошчы размясціліся рамеснікі – іх прыехала больш за
150 чалавек. Гэта і не дзіва, таму што свята рамеснікаў праходзіць у
Гродне на працягу 20 гадоў і палюбілася як жыхарам нашага горада, так і
майстрам, якія прыязджаюць сюды з задавальненнем. У шматлікіх палатках
былі вырабы на любы густ – з саломы, скуры, гліны, дрэва – вочы
разбягаліся.
Намеснік начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Галіна
Ераміновіч адзначыла, што падобныя мерапрыемствы праводзіць вельмі
важна, таму што яны садзейнічаюць захаванню нашай спадчыны, народнага
мастацтва, нацыянальных традыцый.
-
Сёння мы праводзім разам два традыцыйныя мерапрыемствы – кірмаш
рамеснікаў і Масленіцу. Для таго, каб гэта атрымалася цікава, мы зрабілі
ўніверсальны дэкор. Акрамя гораду майстроў у цэнтры плошчы, паабапал
размясціліся масленічныя падворкі прадпрыемстваў і арганізацый горада.
Арганізавана і алея дызайнерскіх лялек, - адзначыла Галіна Ераміновіч.