XXXI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіла ў беларускай сталіцы з 14 па 17 сакавіка. Удзел у ёй прыняла дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У склад літаратурнай каманды Прынёмання ўвайшлі Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Мікалай Іваноўскі, Ліна Багданава, Таццяна Сучкова, Кацярына Каламійцава, Таццяна Яцук, Дзмітрый Радзівончык і Уладзімір Ягорычаў.
– Знаходжанне дэлегацыі Прынёмання на кніжнай выставе-кірмашы пачалося з прыемнага моманту. Адразу пяць гродзенцаў сталі пераможцамі Нацыянальнага конкурсу рукапісаў «ЛітАп». Шчасліўчыкамі гэтага года сталі Людміла Кебіч, Таццяна Сучкова, Ліна Багданава, Ірына Салата і малады, перспектыўны аўтар Андрэй Дарожкін. Гэтыя нашы калегі ўбачаць свае рукапісы ў выглядзе кніг, выдадзеных у дзяржаўных выдавецтвах, ужо сёлета, – адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык.– Пяць пераможцаў з 19 фіналістаў – для Гродзенскай вобласці гэта выдатны, рэкордны вынік. Падчас урачыстага фіналу спаборніцтва кожны з аўтараў-фіналістаў меў магчымасць выступіць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы з прэзентацыяй сваёй будучай кнігі, сфармуляваць яе асноўную ідэю, пазнаёміць з формай увасаблення аўтарскай задумы і кароткім зместам, прапанаваць спосабы раскруткі новай кнігі.
Праграма кніжнага форуму была насычанай – звыш 40 мерапрыемстваў: прэзентацыі, дыскусіі і творчыя сустрэчы з пісьменнікамі. Па традыцыі ў выставачным комплексе «БелЭкспа» размясціліся павільёны дзясяткаў айчынных і замежных выдавецтваў, адначасова праходзіла мноства мерапрыемстваў, галоўнымі ўдзельнікамі якіх былі кнігі, аўтары, выдаўцы, крытыкі, бібліятэкары і чытачы.
– Праграма XXXI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы была настолькі разнастайнай, што гродзенскім літаратарам выпала выходзіць на сцэну адразу пасля канцэрту Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Можна колькі заўгодна жартаваць на гэты конт, але вопыт паказаў надзвычайную важнасць сцэнічнай працы сучаснага літаратара з публікай, удасканаленне навыкаў рыторыкі, культуры падачы матэрыялу ў фармаце адкрытага дыялогу. Галоўная сцэна была аформлена ў выглядзе панарамы знаёмага кожнаму беларусу месца – сталічнай Плошчы Перамогі, упрыгожанай жывымі кветкамі, чырвонымі цюльпанамі, – дапоўніў Дзмітрый Радзівончык.
Такое дызайнерскае рашэнне абумоўлена асноўнай тэмай кніжнага форума – 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
У рэспубліканскі выставачны цэнтр «БелЭкспа» прадстаўнікі літаратурнай Гродзеншчыны прывезлі цеплыню сваіх сэрцаў і святло, а дакладней, водсвет – «Водсвет далёкіх дзён». Менавіта пад гэтай назвай былі прэзентаваны работы абласной пісьменніцкай арганізацыі, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 90-годдзю стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– У сваіх творах гродзенцы аддалі даніну пашаны подзвігу воінаў-вызваліцеляў, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Прагучалі прысвячэнні народу Беларусі, мужнаму і непакоранаму ворагам; адзінаму, інтэрнацыянальнаму савецкаму народу – пераможцу фашызму, вобразам спаленых вёсак, матывам Перамогі, непарыўнай сувязі часоў і вечна жывой памяці народнай, – распавёў Дзмітрый Радзівончык. – Невыпадкова выступленне прынёманскіх гасцей форуму называлася «Водсвет далёкіх дзён». Гэта назва зборніка ваенна-патрыятычнай лірыкі патрыярха сучаснай беларускай паэзіі Гродзеншчыны, 86-гадовага Браніслава Ермашкевіча. Нягледзячы на вельмі сур’ёзны ўзрост, творца знайшоў сілы, каб пераадолець немалы шлях ад Гродна да Мінска і сказаць сваё слова там, дзе айчынныя літаратары адзначаюць светлую юбілейную дату. Ён і адкрыў праграму прэзентацыі (на фота).
Прэзентацыя творчасці літаратурнай Гродзеншчыны насіла тэматычны характар. Вядучая творчай праграмы Людміла Кебіч па чарзе прадстаўляла выступоўцаў, калектыўныя выданні, распавядала пра літаратурнае жыццё нашага краю і яго асноўныя падзеі, якія адбыліся ў перыяд з мінулагодняй выставы.
Як адзначылі гродзенскія пісьменнікі, чарговая Мінская кніжная выстава стала гісторыяй. Яна даказала, што сёння літаратура – гэта не толькі мастацтва слова, але і здольнасць адчуваць подых часу, уменне сябраваць, гарманічна ўспрымаць навакольны свет, рабіць з розных абставінаў правільныя высновы.
– Увасобленае ў мастацкім слове, наша мінулае сапраўды здольна высвятляць самыя важныя дэталі жыцця сённяшняга – вернасць гістарычнай праўдзе і грамадзянскае сумленне нацыі, выхаваўчы прыклад мужнасці і стойкасці салдат Вялікай Айчыннай, неабходнасць яшчэ больш гаварыць на гэтую тэму з моладдзю, несці гэтае сакральнае, чароўнае святло далёкіх дзён у будучыню. Каб яна была светлай, – заключыў Дзмітрый Радзівончык.