Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Працавіты работнік, спагадлівы муж і любячы бацька. У новым праекце «Ганаруся табой, БАЦЬКА» расказваем аб прадстаўніках моцнага полу, якія сталі апорай і прыкладам для сваёй сям’і

16.04.2024
Навiны рэгiёна
 «Гродзенская праўда» сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама запускае новы праект «Ганаруся табой, БАЦЬКА».

У ім мы раскажам аб прадстаўніках моцнага полу, якія з’яўляюцца не толькі надзейнай апорай для сваёй сям’і, таленавітымі кіраўнікамі і прафесіяналамі ў сваёй справе, але і выдатнымі бацькамі. Нашы героі падзеляцца сакрэтамі, як дасягнуць поспеху ва ўсім і адразу, у чым для іх крыніца сілы і натхнення і як гэта – ведаць, што ты лепшы бацька на свеце.  

Важнасць удзелу бацькі ў жыцці дзіцяці немагчыма пераацаніць, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. На працягу многіх стагоддзяў вобраз бацькі быў галоўнай кропкай апоры, які цэментаваў і сям’ю, і традыцыйнае грамадства. 

– У традыцыйнай сусветнай культуры з вобразам бацькі непарыўна ішлі такія паняцці, як «справядлівасць», «абарона», «дабрабыт» і нават у некаторых выпадках «правасуддзе». Для сваёй сям’і мужчына павінен быць не проста здабытчыкам, але і надзейнай апорай, моцным і мужным заступнікам, а таксама чулым і ўважлівым мужам, любячым бацькам. Усе гэтыя ўстаноўленыя нормы прыйшлі да нас з глыбіні гісторыі і беражліва перадаваліся ад продкаў. Наша задача – зберагчы традыцыю, каб яна жыла ў нашых дзецях, – сказаў Руслан Абрамчык. – У беларускага народа гістарычна склалася, што бацька – гэта мудры старэйшы таварыш, той, хто заўсёды дапамагае і абараняе. У свой час нашага Прэзідэнта беларускі народ таксама празваў «Бацькам», таму што ў ім ён бачыць таго, хто абавязкова забяспечыць для свайго народа мір і бяспеку, заўсёды будзе яго абараняць. 

Для паўнацэннага развіцця дзіцяці патрэбны дзве галоўныя апоры, якія дапамагаюць яму сфарміраваць адносіны да жыцця на ўсіх этапах станаўлення – гэта мама і тата, адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вольга Сядзельнік

– Калі аб ролі маці гаворыцца паўсюдна, то роля бацькі часам незаслужана адкладаецца на другі план. І гэтую несправядлівасць трэба ліквідаваць. У сучасным свеце функцыі бацькі не абмяжоўваюцца здабыткам умоўнага моманта. бацька, які любіць і зацікаўлены будучыняй сваіх дзяцей, прысутнічае ў іх жыцці штодзень. У раннім дзяцінстве менавіта бацька вучыць сына не плакаць з-за пабітага калена, менавіта бацька першым кажа дачцы, што яна яго маленькая прынцэса. Гледзячы на бацьку, кожны юнак павінен разумець, што для мужчыны вельмі важна знайсці сваю справу і намагацца стаць у ёй лепшым. І, самае галоўнае,  стаць сапраўднай апорай для сваёй сям’і, – сказала Вольга Сядзельнік. 

Менавіта пра дастойных, сумленных і клапатлівых мужчын мы будзем расказваць на старонках «Гродзенскай праўды». 

– Наша газета заўсёды з асаблівымі пачуццямі пісала і працягвае пісаць пра людзей. Лёсы, поспехі і дасягненні жыхароў Гродзеншчыны – адны з прыярытэтных тэм на старонках абласнога выдання. Няма сумнення, што новы праект знойдзе водгук у сэрцах чытачоў, а апублікаваныя гісторыі не пакінуць нікога абыякавым. Мы з вялікім задавальненнем і цікавасцю пачынаем праект «Ганаруся табой, БАЦЬКА» і чакаем ад чытачоў зваротнай сувязі. Пішыце або тэлефануйце ў рэдакцыю, расказвайце пра бацькоў, пра якіх варта напісаць, а мы абавязкова будзем прыслухоўвацца да вашых парад, – сказала галоўны рэдактар «Гродзенскай праўды» Таццяна Сяргеева.

Віктар Дзяшук нарадзіўся і вырас на Мастоўшчыне ў шматдзетнай сям’і, дзе быў самым малодшым. Два старэйшыя браты і сястрычка – вясёлая кампанія, з якой наш герой правёў усё сваё дзяцінства. Пасля школы Віктар адразу ўладкаваўся на сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе працаваў не адзін год. Калі ў 2006 годзе лёс звёў Віктара с Кацярынай – яго будучай жонкай, то ў кожнага з іх ужо быў вопыт сямейнага жыцця і па двое цудоўных дзетак. Так утварылася новая сям’я – моцная, згуртаваная і вельмі шчаслівая. У атмасферы безумоўнай любові, узаемаразумення і падтрымкі Віктар і Кацярына выхоўваюць Данііла, Аляксея, Таццяну і Аляксандру. 

IMG_1019.JPG

Сам жа Віктар з цёплай усмешкай адзначае: усё склалася найлепшым чынам, і жыццё падаравала ім самае галоўнае – адзін аднаго. Сустрэўшы Кацярыну, мужчына зразумеў, што такое сапраўднае каханне.

 – Я не магу сказаць, чым канкрэтна яна мяне прывабіла, – адразу ўсім. У ёй я знайшоў тое, што, здаецца, шукаў усё жыццё: спакой,  лагоднасць і шчырасць. Дарэчы, Каця таксама вырасла ў шматдзетнай сям’і, і, відаць, нам лёсам было наканавана пабудаваць такую ж, – гаворыць Віктар. 

На працягу многіх гадоў Віктару і Кацярыне ўдаецца захаваць паміж сабой такія ж чыстыя і светлыя пачуцці, як у першыя гады сумеснага жыцця. Галоўны сакрэт, па іх словах, хаваецца ў абсалютным даверы адзін да аднаго. 
– Віктар – мая апора, моцнае плячо і пастаянная падтрымка. Ён заўсёды побач, я ўпэўнена ў ім, а для жанчыны гэта галоўнае. Дзякуем Богу, што ён звёў нас, і мы стварылі сям’ю. А дзеці – гэта наша галоўнае багацце, – дзеліцца Кацярына. 

Душа прагнула зменаў

Для таго каб зрабіць жыццё сваіх дзяцей больш камфортным, забяспечыць ім магчымасць атрымаць дастойную адукацыю і прафессію, сям’я Дзяшук у 2020 годзе прыняла рашэнне змяніць месца жыхарства і пераехаць у Гродна. Ініцыятарам такога кардынальнага кроку была Кацярына, але Віктар адразу падтрымаў жаданне жонкі, таму што сам адчуваў – душа прагне зменаў. Навіну аб пераездзе ў абласны цэнтр з захапленнем успрынялі і дзеці. 

IMG_0959.jpg

 – Мы знайшлі жыллё, вырашылі пытанні з працай, сабралі рэчы і паехалі. Канешне, было хваляванне, рызыка, што робім памылку, усё ж такі чацвёра дзяцей…Але няхай дзеці бачаць, што іх бацькі смелыя і адказныя, таму што ўсё робіцца толькі для іх, – адзначае Віктар. – У Гродне я спачатку ўладкаваўся на адно з прадпрыемстваў, але праз хуткі час прыйшлося змяніць месца, і ўжо каля двух гадоў працую аператарам у СПК «Гродзенскі», а Каця – у абласным інстытуце развіцця адукацыі. Дзеці вучацца, наведваюць заняткі ў музыкальнай школе. Жыццё, як кажуць, кіпіць. 

Працаваць мужчыне прыходзіцца шмат і, канешне, работа ў сельскай гаспадарцы патрабуе сіл і адданасці справе. Разам з гэтым Віктар атрымоўвае адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце, што таксама з’яўляецца важным этапам у жыцці мужчыны і яго сям’і. Адважыцца на такі крок і вярнуцца ў гады студэнцтва Віктара вымусілі абставіны – новае месца работы патрабуе пэўнага ўзроўню падрыхтоўкі. 

 – Вучыцца ніколі не позна, – усміхаецца Віктар. – Не скажу, што ўсё даецца лёгка, але спраўлюся і з гэтым, бо інакш нельга: у мяне вось якая група падтрымкі!
А група падтрымкі ў мужчыны сапраўды сур’ёзная і шчыра верыць у поспех свайго бацькі і стараецца дапамагчы яму ў яго дасягненні. У хуткім часе сям’ю Дзяшук чакае яшчэ адна важная падзея – атрыманне ўласнага жылля, якое прызначана для шматдзетных сем’яў. І гэта, па словах бацькоў, грунтоўная падтрымка, якую ім аказвае дзяржава. Вось так, крок за крокам у сям’і Дзяшук будуецца новае жыццё. 

Лепшыя ўспаміны – агульныя

Вольны час, а яго ў Віктара нямнога, у сям’і Дзяшук прынята праводзіць разам. Адзін з любімых відаў адпачынку – актыўны. У цёплы час дзеці разам з бацькамі ездзяць на веласіпедах, адпачываюць на прыродзе, наведваюць аквапарк, боўлінг, а зімой катаюцца  на санках і лыжах, гуляюць у снежкі і лепяць снегавікоў. А пасля пераезду ў Гродна ў сям’і з’явілася яшчэ адна сямейная традыцыя – у навагоднюю ноч яны адпраўляюцца на Савецкую плошчу, дзе далучаюцца да святкавання з іншымі гродзенцамі. 

IMG_0934.jpg

Не застаюцца без увагі членаў сям’і і хатнія любімцы – два ласкавыя каты і пухнатая марская свінка, якія «купаюцца» у любві дамачадцаў.

IMG_0990.jpg

IMG_0975.jpg

Добрай сямейнай традыцыяй стала прыгатаванне на снеданне самых смачных бліноў ад таты. Ажывае традыцыя ў нядзелю – адзіны выхадны дзень Віктара. Але паступова гэта задача пераходзіць да старэйшага сына – Данііла, які пераймае бацькоўскае майстэрства і працягвае радаваць сваіх блізкіх. Дарэчы, сярод любімых страў, прыгатаваных Віктарам, дзеці вылучылі пірагі. 

 – Па праўдзе кажучы, мяне ніхто не вучыў гатаваць ежу. Памятаю, што з дзяцінства нешта сам спрабаваў і так вучыўся. Цяпер мне пад сілу ўсё – і першае, і другое і, канешне, дэсерт. Асабліва палюбілася маёй сям’і шарлотка, разам з дзяўчатамі любім гатаваць розныя кексы, аладкі, – гаворыць мужчына. 

Дарагія сэрцу словы

Як падкрэслівае наш герой, жаданні дзяцей  у бацькоў заўсёды ў прыярытэце, а калі іх адразу чатыры – прыходзіцца прыкласці шмат намаганняў, каб споўніць кожнае. У гэтым выпадку галоўнае знайсці кампраміс, дзеляцца Віктар і Кацярына. 

 – Бывае, што адначасова з рознымі пытаннямі да мяне падыходзяць адразу ўсе: і дзяўчаты, і хлопчыкі. І кожнага трэба выслухаць, бо ў аднаго ёсць навіна пра школу, у другога – тэрміновае пытанне, у трэцяга – цікавая гісторыя сустрэчы з сябрамі, ну а чацвёрты проста хоча правесці са мной час. І пры гэтым вельмі важна выслухаць кожнага, таму што дзеці мне давяраюць, а для бацькі гэта бясцэнна, – расказвае Віктар. 

IMG_0954.jpg

Канешне, на галоўнае пытанне, які Віктар бацька, ніхто не адкажа лепш, чым яго дзеці. Пасля некаторага абмеркавання, агульную думку сваіх братоў і сястрычкі выказала сярэдняя дачка Таццяна. 

– Наш тата вельмі добры, ён заўсёды клапоціцца пра нас, дапамагае і праводзіць з намі вольны час, нават калі моцна стаміўся. Мы разам любім маляваць і гуляць у настольныя гульні, прыдумваем свае цікавыя заняткі, і тата ніколі не адмаўляецца далучыцца, – дзеліцца Таццяна. – Ён знаходзіць час для кожнага і робіць так, каб у нас усё было добра. Мы бачым, што тата стараецца для нас, і вельмі моцна яго любім! 

 Падводзячы вынікі размовы, не магу не спытаць у нашага героя прынцыпова важную рэч: ці даводзілася яму чуць ад сваіх дзяцей такія неабходныя і дарагія сэрцу словы: «Ганаруся табой, бацька»? Задумаўшыся, Віктар дае адказ крыху дрыжачым голасам:

 – Гэта быў наш сумесны выхадны дзень, калі мы ўсе адправіліся ў парк. На адным са спартыўных турнікоў дзеці дэманстравалі нам свае ўменні і сышліся ў меркаванні, што я за імі не змагу паўтарыць. Дык вось, калі я змог, то ўпершыню пачуў, што яны мною ганарацца. Здаецца, сітуацыя самая простая, але гэтыя словы я запомніў назаўсёды,  – падсумаваў Віктар Дзяшук.
Да спіса