Любоў да кнігі ў сэрцы Людмілы Бярцэвіч жыла з дзяцінства.
Кожны куточак нашай любай Гродзеншчыны ўнікальны. Куды ні глянь – усюды
свае традыцыі, свая гісторыя, свае людзі. Колькі незвычайных скарбаў
захоўвае ў сабе малая радзіма! Дакладней – з цеплынёй і шчырасцю
захоўваюць нашы землякі. І пішуць сучасную гісторыю роднага краю. Такія
людзі ёсць у кожным раёне, у кожнай гродзенскай вёсачцы. З некай
асаблівай цеплынёй, з яскравым агеньчыкам у вачах яны апантана працуюць у
сельскіх школах, бібліятэках, крамах, калгасах, на ФАПах. І менавіта аб такіх людзях, душой і сэрцам адданых малой радзіме, пойдзе гаворка ў нашым новым праекце “Твае людзі, вёска”. Бо таленты – яны паўсюль! Людміла Бярцэвіч з вёскі Нача, што на Воранаўшчыне, больш за 30
гадоў усю сябе аддае працы і людзям. Яе імя ведаюць не толькі ў кожным
нацкім доме, але і ў суседніх вёсках. Бо яна – захавальніца вельмі
цэннага скарбу – кніг. Амаль усё жыццё прысвяціла Нацкай сельскай
бібліятэцы і… людзям. Не проста чытачам, а менавіта сваім землякам.
Людміла Яўгеньеўна не ўяўляе сябе без літаратуры і рукадзелля, без сваіх
наведвальнікаў і без даследчай працы. Але аб усім па парадку.Шлях у прафесію
Любоў да кнігі ў сэрцы Людмілы Бярцэвіч жыла з дзяцінства. У бібліятэцы
Людміла магла знаходзіцца гадзінамі – так падабалася чытаць і рабіць
для сябе ўсё новыя і новыя адкрыцці. Але мары аб тым, каб стаць
бібліятэкарам, у яе, на здзіўленне, не было. Людміла хацела стаць
настаўніцай пачатковых класаў – ну вельмі хацелася працаваць з дзецьмі.
Але паступіць не атрымалася. У той час да таго ж яшчэ і не стала таты –
было прынята рашэнне ісці працаваць, каб дапамагаць маме. І вось тут,
напэўна, сваё важкае слова сказаў лёс. На той момант у Радуні
(гарпасёлак у дзесяці кіламетрах ад Начы) з’явілася стаўка бібліятэкара.
Людміла згадзілася, і тым самым прадвызначыла свой жыццёвы шлях. Гэта
было рашэнне, якое назаўсёды звязала яе з цудоўнай прафесіяй, дзе
Людміла Бярцэвіч – кажу без перабольшвання – на ўсе сто працэнтаў на
сваім месцы.
Праз некоторы час з Радуні Людміла Яўгеньеўна прыехала працаваць
бібліятэкарам у Начу. Васямнаццацігадовая дзяўчына, поўная энергіі і
цікавых ідэй, яна тут жа ўзялася наводзіць парадкі ў фондах, у
памяшканні. Хутка паступіла ў Інстытут культуры ў Мінск, паспяхова яго
скончыла. Тут жа, у Начы, абзавялася сям’ёй. Жыццё кіпела, усё ішло
сваёй чаргой, і Людміла, якая некалі нават і не ўяўляла сябе
бібліятэкарам, з кожным годам усё больш сур’ёзна адчувала: гэта маё.
Да кожнага знайсці падыход
Сёння кожны жыхар Начы і суседніх вёсак ведае: бібліятэка – гэта не
толькі месца, куды можна прыйсці па кнігу ці перыёдыку. Дарослыя
прыходзяць сюды, каб адпачыць душой, дзеці, каб пагуляць у цікавыя
гульні, паўдзельнічаць у конкурсах, заняцца рукадзеллем. Усю сваю любоў і
амаль увесь час Людміла Яўгеньеўна дорыць ім – сваім землякам.
–
Хтосьці часам недаацэньвае прафесію бібліятэкара. Але ж наколькі
яна шматгранная! А колькі намаганняў трэба прыкласці, каб да цябе хацелі
ісці людзі! – кажа Людміла Бярцэвіч
. – Кожны чалавек –
унікальны і патрабуе асаблівых зносін. І да кожнага трэба знайсці
падыход, каб не забываў чалавек сцежкі да бібліятэкі, каб прыходзіў сам,
прыводзіў сяброў, знаёмых, суседзей. Я стараюся адчуваць людзей, іх
настрой, ведаю пажаданні кожнага наведвальніка, ведаю, калі трэба проста
падтрымаць, выслухаць, падбадзёрыць. І людзі гэта адчуваюць таксама,
цэняць. Да ўсіх – з душой і сэрцам.
Па словах Людмілы Яўгеньеўны, для таго, каб заахвочваць людзей
прыходзіць у бібліятэку, вельмі важна не стаяць на месцы, ісці ў нагу з
часам, сачыць за новымі тэхналогіямі. Людзі ж ідуць не толькі за
кнігамі. Як жа навучыш тую бабульку карыстацца камп’ютарам, калі
папросіць?
Захавальніца гісторыі роднага краю
Асаблівая любоў Людмілы Бярцэвіч – краязнаўства. Гэтай справай яна
займаецца, колькі сябе памятае. А як жа іначай, калі ты жывеш у вёсцы,
якая славіцца сваёй цікавай гісторыяй, якая выгадавала выдатных дзеячаў
культуры і навукі, дзе кожны куток такі ўнікальны і мілы сэрцу.
Час ідзе, адны пакаленні змяняюць другія, змяняецца знешні выгляд
будынкаў і вуліц, якія з’яўляюцца носьбітамі звестак аб далёкіх
стагоддзях. Ці будуць ведаць вяскоўцы пра тое, чым і як жыла Нача
пяцьдзясят, сто, трыста гадоў таму? Будуць, пакуль ёсць такія
нераўнадушныя і адданыя роднай зямлі людзі! Крупінка да крупінкі
бібліятэкар збірае краязнаўчы матэрыял, які адлюстроўвае багатую
гісторыю вёскі. Нядаўна Людміла Яўгеньеўна заняла першае месца ў ХХХ
Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў
намінацыі “За навацыі ў бібліятэчнай справе”. Гэта самая высокая
ўзнагарода ў гісторыі бібліятэкі.
–
Але сабраць матэрыял – гэта адно. Другая справа, як гэта ўсё
падаць так, каб было цікава. І тады я вырашыла – раз жывем у век
камп’ютарных тэхналогій, дык і стаўку трэба рабіць на гэта! – расказвае Людміла Бярцэвіч. –
Нам
з калегамі Воранаўскай раённай бібліятэкі прыйшла ідэя распрацаваць
адукацыйную камп’ютарную гульню, а менавіта вэб-квэст “Пяшком у
гісторыю”, які набыў папулярнасць менавіта ў малодшага пакалення. Бо
каму, як не дзецям, перадаваць памяць і традыцыі?
Аднойчы, па запыце з Мінска, Людміла Яўгеньеўна правяла
даследчую працу, дзякуючы якой удалося даведацца, на якіх месцах у
даваенныя часы ў вёсцы знаходзіліся дамы яўрэяў. Адзін мужчына далёка
з-за мяжы вельмі хацеў вызначыць, дзе менавіта жылі яго продкі. Той
хаткі, канешне, даўно няма. І толькі адна мясцовая жанчына сталага
ўзросту, як аказалася, памятае яшчэ з дзяцінства аб тым, дзе хто
калісьці жыў.
А яшчэ бібліятэкар па ініцыятыве мясцовага ксяндза занялася вопісам
магіл ля касцёла ў Начы. Праца была зроблена вялікая – на некоторых
помніках увогуле немагчыма было прачытаць звесткі аб пахаваных, а гэта, у
асноўным, мясцовыя ксяндзы, выбітныя землякі. Некоторыя пахаванні
датуюцца 1700-мі гадамі! Зараз уся інфармацыя беражліва захоўваецца ў
бібліятэцы.
Гэта, канешне, далёка не ўсе прыклады краязнаўчай працы Людмілы
Бярцэвіч. Ёсць на яе вопыце і здымкі відэафільма аб роднай вёсцы “Нача:
крокі гісторыі”. Прыкладна дваццаць гадоў таму ён быў створаны разам з
неабыякавымі землякамі. Гляджу – і сэрца кранае кожны кадр, кожнае
слоўца аб любай сэрцу вёсцы і яе жыхарах. Менавіта так, бо гэта і мая
малая радзіма таксама. Месца сілы і натхнення. Як жа хораша, што ёсць
такія захавальнікі вытокаў!
Казаць пра свае поспехі Людміла Яўгеньеўна не прывыкла. Бо “гэта не
дзеля ўзнагарод, а дзеля памяці, дзеля людзей”. Але і спыняцца на гэтым
дарагім сэрцу занятку не збіраецца.
Цэлы свет для дзяцей
Што яшчэ можна сказаць аб гэтай цудоўнай жанчыне – дык гэта аб яе
любові да дзяцей. Яе “чытачамі” юныя нацкія жыхары становяцца з першых
месяцаў жыцця. Гэта вам не жарты! Прыйшла маладая мама па кнігі – і
“бонусам” атрымоўвае яркую кніжачку ці часопіс для свайго дзіцятка. Год,
два, пяць – і малыя ўжо самі спяшаюцца ў бібліятэку.
А Людміла Яўгеньеўна з вялікім задавальненнем параіць самую цікавую
кнігу і заахвоціць вярнуцца сюды зноў і зноў. З дзецьмі яна не толькі
чытае. Тут яны і наведваюць кружкі, і займаюцца рукадзеллем, і проста
прыходзяць, каб пагуляць, правесці час з любімым бібліятэкарам. А колькі
цікавых акцый і мерапрыемстваў для іх арганізоўвае бібліятэкар?! Што ні
свята – дзеці разам з Людмілай Яўгеньеўнай спяшаюцца да пажылых
чытачоў, каб павіншаваць, падарыць сувенір, зроблены сваімі рукамі.
Разам з дзецьмі Людміла Яўгеньеўна ходзіць на пікнікі – гэтай традыцыі
ўжо шмат гадоў. А якое шчасце для дзяцей! І ўсё па-сямейнаму шчыра –
хтосьці з хаты бярэ кавалачак салка, хтосьці – агародніну, іншыя
смакоты. І разам адпачываюць на прыродзе. А за пасядзелкамі – і цікавыя
размовы аб гісторыі малой радзімы, і песні, і конкурсы, і гульні,
проста гутаркі аб усім на свеце. Не абыходзяцца без мясцовага
бібліятэкара і ў школе. Запрашаюць на мерапрыемствы, часам Людміла
Бярцэвіч сама наведвае школьнікаў, праводзіць з імі інтэрактывы, квэсты,
прыносіць цікавую літаратуру. Ёсць у іх са школьнікамі адметная
традыцыя: штогод вызначаюцца самыя актыўныя чытачы, якім уручаюцца
дыпломы і сувеніры. Чым не стымул дзецям завітваць у бібліятэку часцей?
–
Ведаеце, праца з дзецьмі –гэта, бадай, самае цікавае і блізкае
сэрцу ў маёй прафесіі. Колькі пакаленняў выгадавала ў сваіх сценах наша
бібліятэка! Сёння ўжо многія, хто некалі прыходзіў сюды зусім
маленькімі, адпраўляюць да мяне сваіх дзетак, – дзеліцца Людміла Бярцэвіч. –
Атрымоўваецца,
збылася мая юнацкая мара быць настаўніцай пачатковых класаў. І хоць не ў
прамым сэнсе, але гэта вельмі цешыць маё сэрца.
Кнігі “едуць” да чытачоў
Ёсць у спісе паслуг бібліятэкі і такая функцыя, калі кнігі самі “едуць”
да чытачоў, якія, мажліва, не заўсёды могуць самі за імі прыйсці.
Гаворка ідзе аб суседніх з Начай вёсках. Штомесяц Людміла Яўгеньеўна
збірае літаратуру (і тую, што сама прыгледзела, і тую, што заяўляюць
чытачы) і развозіць кнігі па вёсачках. А гэта не адзін дзясятак
кіламетраў. Вось так вось!
–
У самой Начы таксама практыкую падобнае. Часам пачую ад некага,
што, можа б, і чыталі, але не заўсёды ёсць час прыйсці, камусьці здароўе
не дазваляе – тады бібліятэка ідзе да іх сама. У мяне такіх ужо чалавек
з дваццаць па ўсёй вёсцы набралася. Спачатку пачынала з газет і
часопісаў – людзям спадабалася, пажылыя пачалі між сабой абмяркоўваць,
некаторыя раілі: “Зайдзіце, Людміла, вось у тую хатку, там бабуля хоча
пачытаць”. З задавальненнем! І зноў такі – не толькі літаратура патрэбна
гэтым людзям. Ім часам хочацца проста пагаварыць, падзяліцца думкамі. Да бібліятэкара звяртаюцца і з просьбамі, прапановамі. Нездарма ў
гэтым годзе Людмілу Бярцэвіч абралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Яна добра ведае, што турбуе людзей, на што трэба звярнуць увагу.
Ёсць і хобі!
Запытаеце, ці хапае ва ўсім гэтым кругазвароце спраў і абавязкаў у
Людмілы Бярцэвіч часу на хобі? Так! Прычым захапленнямі яна таксама
дзеліцца з вяскоўцамі. У Начы кожны ведае – хочаш навучыцца плесці
карзінкі ці вазы з газетных трубачак, тварыць цуды з саломкі, бумагі,
бісеру – вам у бібліятэку. Ужо шмат гадоў Людміла Яўгеньеўна займаецца
рукадзеллем і заахвочвае да гэтага землякоў – і дзяцей, і дарослых. Калі
толькі “пайшла мода” на вырабы з газетных трубачкаў, бібліятэкар адна з
першых асвоіла гэтую цікавую справу і пачала вучыць ёй астатніх. Пляла
ўся вёска! І да гэтай пары плятуць. Кошыкі, падносы, шкатулкі, нават
лялькі – як шмат, аказваецца, можна зрабіць сваімі рукамі. Быў час, калі
моладзь любіла плесці з бісеру. Збіраліся ў бібліятэцы вялізнай
кампаніяй, дзяўчаты нават бралі з сабой матуль – вось дык справа!
Сядзелі часам да ночы – так цікава і спрытна тварыць у кампаніі.
Ведаюць Людмілу Бярцэвіч і як фларыста. Так-так, любыя кветкі, якія
трапляюць у яе ўмелыя рукі, ператвараюцца ў неверагодныя кампазіцыі –
люба глянуць! У гэтым занятку жанчына знайшла аддушыну гадоў так з
пятнаццаць таму. У асноўным стварае кветкавыя кампазіцыі для
ўпрыгожвання мясцовага касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі.
А яшчэ Людміла Бярцэвіч прыгожа спявае і часта ўдзельнічае ў
мерапрыемствах і канцэртах, якія спраўляе Нацкі культурна-краязнаўчы
цэнтр. І не дзіўна, бо бібліятэка і клуб знаходзяцца ў адным памяшканні.
Усё жыццё Людміла Бярцэвіч працавала побач з культарганізатарам Данутай
Крэнь. Такі тандэм трэба было знайсці! Здаецца, у кожнага свая справа,
свае абавязкі. Але як жа, працуючы адна з другой праз сценку, жанчыны
маглі не пасябраваць? Зараз Данута Зыгмундаўна пайшла на заслужаны
адпачынак. А разам з ёй – і цэлая эпоха. Сумна. Але радуе, што,
абапіраючыся на прафесіяналізм і традыцыі, якія складаліся ў клубе шмат
гадоў, справу заслужанага работніка працягвае моладзь.
Напрыканцы гутаркі пытаю ў Людмілы Яўгеньеўны, ці ёсць у яе мара?
Засмучалася – дык, якія там мары… жыццё ідзе сваёй чаргой, павырасталі
дзеці, грэе сэрца любая прафесія…
–
Можа толькі, каб ніколі людзі пра кнігу не забываліся, – кажа Людміла Яўгеньеўна. –
Каб
працягвалі чытаць, каб яшчэ ахвотней гэта рабілі. Бо пакуль ёсць
цікавасць у народа, будзе жыць і бібліятэка. Можа, у нас і не самы
сучасны і адрамантаваны будынак, але ж пакуль ёсць каму прыходзіць, ён
будзе стаяць. Заставацца і навуковым, і культурным, і забаўляльным, і
адукацыйным, і краязнаўчым цэнтрам.
Безліч такіх “і” можна дапісваць. Для вёскі, дзе не так шмат
мажлівасцей, бібліятэка – гэта проста знаходка! Няхай жа гэта скарбніца
традыцый і ведаў разам са сваёй руплівай гаспадынькай яшчэ доўга-доўга
існуюць і дораць радасць людзям.