Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Рэалізацыя інавацыйнага праекта ў ААТ "Беллакт" дасць магчымасць падвоіць аб'ёмы вытворчасці сухіх дзіцячых сумесей

07.10.2026
Навiны рэгiёна
Ход рэалізацыі інавацыйнага інвестпраекта па будаўніцтве цэха сухога дзіцячага харчавання ў Ваўкавыскім ААТ "Беллакт" праінспектаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе аблвыканкама.

Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што прадпрыемства адыгрывае значную ролю ў эканоміцы краіны, а яго прадукцыя даўно стала нацыянальным брэндам.

Новы цэх "Беллакта" з'яўляецца важнейшым інавацыйным праектам перапрацоўчай прамысловасці Гродзенскай вобласці - разам з будаўніцтвам цэхаў у ААТ "Малочны Мір" у Скідзелі і на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце. "Беллакт" - адзіны ў Беларусі вытворца сухога дзіцячага харчавання. Цэх, які будуецца па стандартах GMP, дасць магчымасць падвоіць аб'ёмы вытворчасці - з 7,5 тыс. да 15 тыс. т сухіх дзіцячых сумесей у год.

Агульны кошт праекта ацэньваецца памерам 380 млн рублёў. Яго рэалізацыя дасць магчымасць дадаткова перапрацоўваць 61 тыс. т малака ў год і стварыць 60 рабочых месцаў.

Увесці аб'ект у эксплуатацыю намечана ў 2028 годзе.

БЕЛТА
 
Да спіса