Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Самыя цікавыя карты горада Гродна за апошнія тры стагоддзі

10.02.2025
Навiны рэгiёна
Від з вежы 
Гэта карціна ці карта? Такое пытанне можа быць лагічным для чалавека, не дасведчанага ў пытаннях развіцця картаграфіі. І не дзіўна: раней карты больш нагадвалі прыгожыя малюнкі гарадоў. Іх стваралі як від з узгорка або высокай вежы, і таму не магло быць ніякай гаворкі пра дакладнасць у адлегласцях і прапорцыях будынкаў. Лічыцца, што першую сапраўдную карту (у сучасным разуменні гэтага слова – як від зверху) прыдумаў у 1502 годзе для горада Імола ў Паўночнай Італіі геніяльны італьянскі мастак і вынаходнік Леанарда да Вінчы. Карыстаючыся компасам і яшчэ некалькімі простымі прыладамі, вучоны стварыў карту, прынцып якой пасля стаў усеагульным і перайшоў з паперы ў нашы смартфоны, планшэты і камп’ютары. 

Карта з папялішчамі

Прадстаўленыя на выстаўцы ў Новым замку карты і планы Гродна ахопліваюць часавы перыяд з пачатку XVIII стагоддзя да сярэдзіны ХХ-га. Самы стары план – так званы “Стакгольмскі план” 1706 г. Гэта намаляваны шведскімі вайсковымі картографамі від расійскіх вайсковых умацаванняў Гродна часоў Паўночнай вайны.

На так званай “Дрэздэнскай карце” Гродна 1753 г. цёмнымі плямамі паказаны часткі горада, знішчаныя чарговым пажарам. На гэтым плане добра бачны толькі нядаўна пабудаваны Новы замак.

З фондаў Расійскага ваенна-гістарычнага архіва паходзяць планы Гродна 1783 і 1795 гадоў. План 1783 г., створаны гродзенскім землямерам Юзафам Маркевічам, унікальны і вельмі важны для даследчыкаў – на ім паказаны ўласнікі ўсіх дамоў Гродна амаль два з паловай стагоддзя таму.

1795 100x70.jpg

Юзаф Маркевіч – выключная, хаця і малавядомая ў нашым горадзе асоба. У часы гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза землямер Маркевіч правёў памеры ўсёй Гродзенскай эканоміі, стварыўшы яе рукапісную карту. Таксама ён узначаліў школу каморнікаў (землямераў), што выпускала запатрабаваных спецыялістаў-геаметраў, якіх на сучасны лад можна назваць супрацоўнікамі бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Маркевіч праектаваў новыя мястэчкі, дарогі, ствараў карты рэк і праекты каналаў. Свае творы геаметр аздабляў выявамі вясковых пейзажаў, часам нават паказваючы сябе за працай. Яго грандыёзная карта Гродзенскай эканоміі нават мае подпіс на лацінскай мове “dulcis quies fessis” (“салодкі адпачынак стомленым”).

Першы генплан Гродна

Пасля 1795 года, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, губернскі Гродна рос, прырастаў новымі кварталамі, мастамі, чыгункай, водаправодам. Таму захавалася даволі шмат планаў другой паловы XIX – пачатку XX ст. Адзін з самых цікавых, які экспануецца на выстаўцы, – “План праектаванага горада Гродна”, створаны ў 1882 г. Гэта першы генеральны план разбудовы горада, які ніколі не быў рэалізаваны. Да прыкладу, так і не была пабудавана запраектаваная праваслаўная царква ў раёне сучаснай вуліцы Міра. Справа ў тым, што страшны пажар 1885 г. паставіў перад гараджанамі зусім іншыя задачы па адбудове пацярпелай ад стыхіі губернскай сталіцы. Гэты план, як і некаторыя іншыя, рупліва адноўлены музейнымі рэстаўратарамі. 

Шмат планаў Гродна стварылі расійскія ваенныя, якія на працягу больш ста гадоў збіраліся пераўтварыць горад на Нёмане ў непрыступную крэпасць. На выстаўцы размешчаны два планы крапаснога будаўніцтва ў Гродне – 1810 і 1914 гадоў, хаця такіх праектаў насамрэч было намнога болей. І калі ў пачатку ХIX ст. праекты новай крэпасці прадугледжвалі пабудову амаль у самым цэнтры Гродна вялікай цытадэлі, то праз сто гадоў горад планавалася ахапіць лініяй фартоў па акружнасці у 70 кіламетраў. Наведвальнікі выстаўкі могуць убачыць план забудовы цэнтральнага вайсковага гарадка Гродзенскай крэпасці на месцы фальварка Валюш, які з часам стаў цэлым раёнам горада з назвай Фолюш. 
1914 50x70.jpg

Цікава ведаць

Чым адрозніваецца карта ад плана?

План – гэта чарцёж невялікага кавалка зямной паверхні, які, як правіла, адлюстроўвае толькі забудову ўчастка або нешта іншае, важнае для карыстальніка. Напрыклад, участак ракі або надзел зямлі.

Карта – гэта зменшаная абагульненая выява зямной паверхні, выкананая ў картаграфічнай праекцыі з паказам бакоў свету, маштабу і ўмоўных знакаў.

На карце – вайсковыя часткі фашыстаў

Пасля Першай сусветнай вайны горад патроху адбудоўваўся. Узнікла патрэба ў паўнавартаснай карце. Тым больш да гэтага Гродна не меў дакладнага плана, дзе былі б паказаны ўсе яго будынкі, а таксама вышыні над узроўнем мора. Між тым гэта было неабходна для разбудовы водаправода і пракладкі гарадской каналізацыі. Пасля доўгіх дыскусій гарадскі магістрат заплаціў вялікую суму грошай землямеру інжынеру Францішку Аўгусцінку за стварэнне першага такога плана. Так званы “план Аўгусцінка” з’явіўся ў пачатку 1930-х гадоў і выкарыстоўваўся гарадскімі службамі да пачатку 1960-х. 

Самы позні план, які прэзентуецца на выстаўцы, – нямецкі план Гродна часоў Вялікай Айчыннай вайны. На ім савецкія падпольшчыкі нанеслі месца размяшчэння вайсковых частак фашысцкіх акупантаў. Так надрукаваныя фашыстамі карты дапамагалі партызанам і падпольшчыкам у барацьбе з захопнікамі. 

Планы з Расійскага ваенна-гістарычнага архіва і іншых замежных архіўных сховішчаў на выставе прадстаўлены копіямі, планы з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея арыгінальныя. Карты дапоўнены іншымі экспанатамі – старымі паштоўкамі, фотаздымкамі, кнігамі і прадметамі, якія маюць дачыненне да таго месца, якое паказана на карце. Усяго на выстаўцы можна ўбачыць каля трыццаці карт і планаў Гродна і асобных частак нашага горада. 
Да спіса