На базе вучэбнага
цэнтра Інстытута пагранслужбы ў Смаргонскім раёне завяршаецца ваенны
збор. Ваеннаабавязаных вучаць па спецыяльнасці "сапёр" у інтарэсах
тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў
ДПК.
Збор праходзіць з 8 па 25 красавіка. Для падрыхтоўкі ў
вучэбны цэнтр прыбылі 40 чалавек з усёй Беларусі. Яны ўдасканальвалі
атрыманыя ў час тэрміновай службы веды і вучыліся новай спецыяльнасці.
Ваеннаабавязаны
Ягор Бандарэнка адзначыў, што тэрміновую службу праходзіў у Полацкім
пагранатрадзе на заставе імя чырвонаармейца Мікалая Хахлова. Пасля яе
завяршэння працуе на "Нафтане". Ён расказаў, што з першых дзён збору яго
ўзвод атрымліваў тэарэтычныя веды, а ўжо сёння праводзяцца практычныя
заняткі па сапёрнай справе. На прадпрыемстве да навіны аб зборах
спецыяліста паставіліся з разуменнем. Тым больш адрыў ад работы
кароткатэрміновы. "Зборы, я думаю, патрэбны, таму што неабходна
абнаўляць нашы навыкі, успамінаць ваенную справу і быць гатовым
абараняць сваю краіну", - дадаў Ягор Бандарэнка.
Начальнік
аддзела баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці Інстытута пагранічнай службы
падпалкоўнік Уладзімір Кармазін расказаў, што для навучання прыцягваюцца
людзі, якія ўжо мелі вопыт службы. З імі праводзяцца заняткі па
сапёрнай справе, ваенна-медыцынскай, інжынернай падрыхтоўцы і іншых
дысцыплінах. "Мэта падрыхтоўкі рэзервістаў заключаецца ў павышэнні
магчымасцей злучэнняў і воінскіх часцей пры выкананні задач па
прызначэнні шляхам прыцягнення гэтых спецыялістаў", - адзначыў ён.
Да спіса